горад, цэнтр Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож, ва скрыжаванні аўтадарог Магілёў—Касцюковічы і Бабруйск—Крычаў. За 77 км ад Магілёва, 32 км ад чыг. ст. Крычаў. 8,6 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў, лесанарыхтоўчай прам-сці. Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — будынкі бальніцы (19—20 ст.). Помнік прыроды — Чэрыкаў.
У пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст. як цэнтр воласці Магілёўскай эканоміі ВКЛ. Да 17 ст. вёска Магілёўскага староства, з 1604 горад. З 1641 мястэчка з магдэбургскім правам, меў герб; у блакітным полі сярэбраны мур з 3 вежамі, у цэнтральнай — брама з рыцарам, узброеным дзідай. У 1649 у Ч. каля 2 тыс.ж. У антыфеадальную вайну 1648—51 у пач.кастр. 1648 казакі пад камандаваннем Крывашапкі запялі Ч., адкуль рабілі наезды на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяв. Казакоў у Ч. разбіў атрад полацкіх шляхціцаў на чале з кн. Лукомскім. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. спустошаны; хутка адноўлены, з 1678 зноў меў статус горада, цэнтр павета Мсціслаўскага ваяв. У Паўночную вайну 1700—21 пацярпеў (1708) ад шведскіх войск. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ч. у складзе Рас. імперыі, з 1773 цэнтр Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губ., у 1796—1802 у складзе Беларускай губ. У 1781 атрымаў герб: на чырв. полі «Пагоня». У 1787 у горадзе больш за 3 тыс.ж., 300 дамоў, школа, 2 царквы. У 1789 адкрыта 2-класнае нар. вучылішча. У канцы 18 ст. праз Ч. пракладзены тракт Магілёў—Чавусы—Крычаў—Мсціслаў, у 19 ст. — Маскоўска-Варшаўская шаша. У горадзе адбываліся конскія кірмашы, на Сажы былі 3 прыстані. У сярэдзіне 19 ст. працаваў цукр.з-д (больш за 200 рабочых). У час паўстання 1863—64 Я.В.Жукоўскі сфарміраваў тут паўстанцкі атрад, які пазней злучыўся з Горацкім атрадам Л.М.Звяждоўскага. У 1897 у Ч. 5,2 тыс.ж., пенькатрапальнае прадпрыемства (16 рабочых), 3-класнае гар. вучылішча (1902). У 1904 былі 23 дробныя прадпрыемствы (73 рабочыя), 162 рамеснікі, бальніца на 20 ложкаў. У 1919—23 цэнтр павета, у 1923—24 у Калінінскім пав. Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Чэрыкаўскага раёна ў складзе БССР, у Калінінскай (з 1924), Магілёўскай (1927—30) акругах, з 1938 у Магілёўскай вобл. У 1939 — 6,4 тыс.ж., вет. тэхнікум. У Вял.Айч. вайну у горадзе быў створаны батальён нар. апалчэння. З 17.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 1118 чал. З 1942 тут дзейнічала падп. антыфаш. арг-цыя (кіраўнік І.П.Дзенісенка). Вызвалены 1.10.1943 воінамі 50-й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943. У вызваленні горада прымалі ўдзел партызаны 710-га і 15-га атрадаў, частка сіл партыз. палка «Трынаццаць». У 1959—62, 1965—66 Ч. у Крычаўскім, у 1962—65 у Краснапольскім р-нах. У 1970—5,4 тыс. ж.