САТЫ́РЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі лясныя божышчы, дэманы ўрадлівасці, якія складаюць світу бога Дыяніса. Іх уяўлялі як пакрытых поўсцю доўгавалосых, барадатых напаўлюдзей-напаўзвяроў: галовы і тулавы чалавечыя, але конскія або казліныя ногі з капытамі і конскія хвасты; на галовах рожкі або конскія вушы. Сімвалам іх невычарпальнай урадлівасці лічыўся фалас. Яны, заўсёды напаўп’яныя, нахабныя і юрлівыя, ганяюцца за німфамі або разам з імі бадзяюцца па лясах і наладжваюць вясёлыя карагоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)