КАЎПА́К КО́ЛЬЧАТЫ,

грыб, тое, што падбалацянка.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЧАТЫ ШАЎКАПРА́Д (Malacosoma neustria),

кольчаты коканапрад, матылёк сям. коканапрадаў. Пашыраны ў Еўразіі, на Беларусі звычайны від. Жывуць у лясах, садах, вусені — калоніямі ўнутры або на паверхні павуцінных гнёздаў паміж галін і на ствалах.

У матылька размах крылаў да 42 мм у самак і 32 мм у самцоў. Колер крылаў карычнева-жоўты з цёмнай папярочнай паласой. Вусень даўж. да 55 мм, блакітнавата-шэры, з белымі і аранжавымі палосамі на спіне і блакітнымі на баках. Вусені аб’ядаюць лісце, бутоны, кветкі. Акукліваюцца паміж лісця і ў расколінах кары. Самкі ў сярэдзіне лета адкладваюць да 400 яец у выглядзе кальца вакол тонкіх галінак (адсюль назва). Шкоднікі семечкавых і костачкавых пладовых культур і лясных парод.

Кольчаты шаўкапрад: 1 — самец, 2 — самка, 3 — вусень, 4 — кладка яец.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОКАНАПРА́ДЫ (Lasiocampidae),

сямейства насякомых атр. матылькоў. Каля 1000 відаў, пераважна начныя. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 16 відаў, найб. пашыраны К. кольчаты (кольчаты шаўкапрад) і хваёвы (Dendrolimus pini). Жывуць у кронах дрэў. Акукліваюцца ў рыхлых коканах.

У матылькоў цела масіўнае, крылы шырокія, у размаху да 9 см. Самкі большыя за самцоў. Ротавыя органы матылькоў не развітыя (не кормяцца). Вусені густа ўкрыты валаскамі, кормяцца лісцем дрэў і кустоў, ігліцай хвоі. Яйцы адкладваюць кучкамі. Зімуюць на стадыі вусеня, часам яец.

Коканапрады: 1 — хваёвы (а — самец, б — самка, в — вусень, г — кокан); 2 — пушысты (а — самец, б — самка, в — вусень, г — кокан).

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАВАБРУ́ХІ, кардулегастры (Cordulegasteridae),

сямейства насякомых атр. стракоз. 2 роды, 19 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. Жывуць булавабрухі ў зацененых месцах, каля берагоў рэк і ручаёў. На Беларусі зрэдку трапляецца булавабрух кольчаты, або вял. кольчатая страказа (Cordulegaster annulatus), занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. брушка булавабруха кольчатага 54—64 мм, задніх крылаў 41—47 мм. Буйныя чорныя стракозы з ярка-жоўтымі палосамі на грудзях і кольцамі на брушку. Крылы празрыстыя, трохвугольнікі на іх выцягнуты ўздоўж. Яйцы адкладваюць у вільготную глебу. Лічынкі жывуць у праточных водах.

Самец булавабруха кольчатага.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБАЛАЦЯ́НКА, каўпак кольчаты (Rhozites caperata),

шапкавы грыб сям. павуціннікавых; адзіны від роду. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы.

На Беларусі трапляецца ў вільготных хваёвых і мяшаных лясах, па краі балот з ліп. па верасень. Нар. назвы курачка, панчошка, турак.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—9 см, спачатку паўшарападобная, потым пляскатая, жоўтая з ружовым адценнем, з тонкім мучністым налётам. Пласціны прырослыя. Мякаць шчыльная, белая або жаўтаватая. Ножка даўж. 7—12 см, таўшчынёй 2—3 см, роўная, шчыльная, жаўтаватая, з буйным кольцам. Споры эліпсападобныя, жоўтыя. Ядомы.

Падбаляцянка.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЗМЕ́І (Hydrophiidae),

сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.

Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.

Марскія змеі: 1 — пласкахвост кольчаты; 2 — пеламіда двухколерная.

т. 10, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)