СТРАКО́ЗЫ (Odonata, або Odonatoptera),

атрад насякомых. 3 падатр.: раўнакрылыя (Zygoptera), разнакрылыя (Anisoptera) і анізазігаптэра (Anisozygoptera). Больш за 4,5 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. г. назад). Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках і вільготных субтропіках. Жывуць паблізу вадаёмаў. На Беларусі каля 50 відаў з падатр. раўнакрылых і разнакрылых С. Найб. трапляюцца С. з сям. прыгажунь, бабак, або патрульшчыкаў (Corduliidae), дзедак (Gomphidae), каромыслаў (Aeschnidae), лютак (Lestidae), пласканожак (Piatycnemidae), сапраўдных стракоз (Libellulidae), стрэлак (Coenagrionidae). У Чырв. кнізе 5 відаў: булавабрух кольчаты, прыгажуня бліскучая, сціснутабрух перавязаны, беланоска таўстахвостая (Leucorrhinia caudalis), дазоршчык-уладар (Anax imperator).

Крылаў 2 пары; празрыстыя, перапончатыя, густа жылкаваныя. Даўж. брушка да 120 мм, задняга крыла да 94 мм. Вочы вял., фасетачныя, простых вочак 3. Вусікі кароткія. Ротавыя органы грызучыя. У адрозненне ад інш. насякомых маюць дорсавентральныя мышцы крылаў і другасны капулятыўны апарат у самцоў. Драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі (наяды) драпежныя, жывуць у вадзе. Дыхаюць вонкавымі (хваставымі) або рэктальнымі (вырасты задняй кішкі) жабрамі.

С.​Л.​Максімава.

Стракозы: 1 — лютка-дрыяда; 2 — беланоска таўстахвостая; 3 — дазоршчык-уладар; 4 каромысла вялікае; 5 — бабка бронзавая; 6 — страказа звычайная.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)