БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец.муз.навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-камуз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНАТЫ́П (ад лац. linea лінія + грэч. typos адбітак),
друкарская наборная радковаадліўная машына, з дапамогай якой атрымліваюць набор у выглядзе маналітных металічных радкоў з рэльефнай друкавальнай паверхняй. Складаецца з наборнага, адліўнога і разборачнага апаратаў.
У адпаведнасці з імпульсамі клавіятуры (кіроўнымі сігналамі праграмы) з магазінаў выпадаюць метал. матрыцы з паглыбленым відарысам літар. Сабраны з матрыц і прагальных элементаў тэкставы радок ідзе ў адліўны вузел, дзе паглыбленні матрыц заліваюцца друкарскім сплавам. Адліты радок абразаецца па росце і кеглі, матрыцы разборачным апаратам вяртаюцца ў адпаведныя магазіны, а прагальны матэрыял — у спец. каробку. Ёсць Л. паўаўтам. (прадукцыйнасць 7—8 радкоў за мінуту) і аўтам. (16 радкоў). Л. вынайдзены ў 1884 О.Мергенталерам (ЗША). У СССР пачалі вырабляцца з 1932. З пашырэннем фотанабору і камп’ютэрных тэхналогій Л. замяняюцца фотанаборнымі машынамі і камп’ютэрнымі сістэмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІКО́РД (позналац. clavichordium ад лац. clavis ключ + грэч. chordē струна),
струнны ўдарны клавішны муз. інструмент. Клавіятура размешчана ўнутры плоскай прамавугольнай скрынкі розных памераў ад малых (актаўных) да параўнальна вялікіх (даўж. да 1,5 м). На канцы кожнай клавішы прымацаваны метал. штыфт з плоскай галоўкай — тангент, які пры націсканні клавішы ўдарае па струне. Гук К. пяшчотны, цёплы, ціхі, але выразны, дыяпазон 1—5 актаў. Выкарыстоўваўся звычайна для камернага музіцыравання. Быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах. У л-ры ўпамінаецца з 15 ст. На пач. 19 ст. К. выцеснены фартэпіяна.
На Беларусі ўпамінанні пра К. адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю капэл у Гродне (клавікардысты Е.Баркоўскі, М.Гжанкоўскі, Б.Карчміт, Д.Пташынскі, Б.Сітанскі, Ю.Ярмаковіч; навучанне дзяўчынак ігры на К. вялося ў мясц.тэатр. школе) і Слоніме (Д.Грабенбаўэр, паводле кантракта з М.К.Агінскім, абавязваўся арганізаваць «школу сістэматычнага навучання пэўных асоб на клавікордах»). К. выкарыстоўваўся ў аркестры ў Будславе (Мядзельскі р-н; 1837). К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха (пач. 19 ст.). У 20 ст. выкарыстоўваецца пры выкананні старадаўняй музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́ВА (італьян. ottava ад лац. octava восьмая) у акустыцы, пазасістэмная безразмерная адзінка частотнага інтэрвалу. Абазначаецца — акт. 1 акт. — інтэрвал паміж дзвюма частотамі, лагарыфм адносіны якіх пры аснове 2 роўны адзінцы, што адпавядае адносіне верхняй гранічнай частаты да ніжняй гранічнай частаты, роўнай 2.
У музыцы, 1) восьмая ступень дыятанічнага гукарада. Мае аднолькавую назву з зыходнай, аднародная з ёю ў гучанні, але адрозніваецца вышынёю.
2) Самы нізкі па вышыні з абертонаў, якія ўваходзяць у склад кожнага гуку; лічбы ваганняў актавы і зыходнага гуку суадносяцца як 2:1.
3) Частка муз. гукарада, якая ўключае 7 асн. ступеняў дыятанічнага гукарада ці 12 гукаў (паўтонаў) храматычнай гамы ад «до» да «сі». Усяго ў муз. гукарадзе 7 поўных і 2 няпоўныя актавы: субконтрактава (3 верхнія гукі — A2, B2, H2), контрактава, вялікая, малая, 1-, 2, 3, 4, 5-я (адзін ніжні гук — C5) актавы. Найб. поўнае ўяўленне пра падзел гукавой шкалы на актавы дае клавіятурафп. (гл.рыс.).
4) Інтэрвал, які ахоплівае 8 ступеняў дыятанічнага гукарада і складаецца з 6 цэлых тонаў.
5) Назва самага нізкага баса (актавіст) у практыцы харавых спеваў.
У паэзіі — васьмірадковая страфа з цвёрдым спалучэннем рыфмы: першыя 6 радкоў аб’яднаны дзвюма перакрыжаванымі рыфмамі, а 2 апошнія — сумежнымі (АбАбАбвв), з чаргаваннем мужчынскіх і жаночых клаўзул. Узнікла ў італьян.нар. паэзіі, росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння (Л.Арыёста, Т.Таса, Л.Камоэнс). Актавай напісаны «Дон Жуан» Дж.Байрана, «Домік у Каломне» А.Пушкіна. У бел. паэзіі да актавы ўпершыню звярнуліся Я.Купала («Спроба актавы») і М.Багдановіч («Актава»).