КЛАВІКО́РД (позналац. clavichordium ад лац. clavis ключ + грэч. chordē струна),
струнны ўдарны клавішны муз. інструмент. Клавіятура размешчана ўнутры плоскай прамавугольнай скрынкі розных памераў ад малых (актаўных) да параўнальна вялікіх (даўж. да 1,5 м). На канцы кожнай клавішы прымацаваны метал. штыфт з плоскай галоўкай — тангент, які пры націсканні клавішы ўдарае па струне. Гук К. пяшчотны, цёплы, ціхі, але выразны, дыяпазон 1—5 актаў. Выкарыстоўваўся звычайна для камернага музіцыравання. Быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах. У л-ры ўпамінаецца з 15 ст. На пач. 19 ст. К. выцеснены фартэпіяна.
На Беларусі ўпамінанні пра К. адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю капэл у Гродне (клавікардысты Е.Баркоўскі, М.Гжанкоўскі, Б.Карчміт, Д.Пташынскі, Б.Сітанскі, Ю.Ярмаковіч; навучанне дзяўчынак ігры на К. вялося ў мясц.тэатр. школе) і Слоніме (Д.Грабенбаўэр, паводле кантракта з М.К.Агінскім, абавязваўся арганізаваць «школу сістэматычнага навучання пэўных асоб на клавікордах»). К. выкарыстоўваўся ў аркестры ў Будславе (Мядзельскі р-н; 1837). К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха (пач. 19 ст.). У 20 ст. выкарыстоўваецца пры выкананні старадаўняй музыкі.