ЛІНАТЫ́П

(ад лац. linea лінія + грэч. typos адбітак),

друкарская наборная радковаадліўная машына, з дапамогай якой атрымліваюць набор у выглядзе маналітных металічных радкоў з рэльефнай друкавальнай паверхняй. Складаецца з наборнага, адліўнога і разборачнага апаратаў.

У адпаведнасці з імпульсамі клавіятуры (кіроўнымі сігналамі праграмы) з магазінаў выпадаюць метал. матрыцы з паглыбленым відарысам літар. Сабраны з матрыц і прагальных элементаў тэкставы радок ідзе ў адліўны вузел, дзе паглыбленні матрыц заліваюцца друкарскім сплавам. Адліты радок абразаецца па росце і кеглі, матрыцы разборачным апаратам вяртаюцца ў адпаведныя магазіны, а прагальны матэрыял — у спец. каробку. Ёсць Л. паўаўтам. (прадукцыйнасць 7—8 радкоў за мінуту) і аўтам. (16 радкоў). Л. вынайдзены ў 1884 О.Мергенталерам (ЗША). У СССР пачалі вырабляцца з 1932. З пашырэннем фотанабору і камп’ютэрных тэхналогій Л. замяняюцца фотанаборнымі машынамі і камп’ютэрнымі сістэмамі.

Паўаўтаматычны лінатып для простага набору: 1 — адліўны вузел; 2 — разборачны вузел; 3 — збіральнік; 4 — кіроўнае прыстасаванне; 5 — клавіятура.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)