КАРЭ́ННАЯ ПАРО́ДА ў геалогіі — горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння і мала зменены працэсамі выветрывання. У геамарфалогіі — пароды, якія з’яўляюцца больш стараж., чым рэльеф, утвораны пры іх удзеле (напр., неагенавыя пароды — К.п. ў адносінах да чацвярцічных форм рэльефу і адкладаў, што складаюць гэтыя формы).

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НЧАТЫ ВАЛ,

вярчальнае звяно крывашыпнага механізма, якое пераўтварае вярчальны рух у зваротна-паступальны і наадварот. Складаецца з некалькіх сувосевых карэнных шыек, што апіраюцца на падшыпнікі, і аднаго або некалькіх кален, шыйкі якіх злучаны з шатунамі. К.в. бываюць літыя і каваныя, суцэльныя і састаўныя. Робяцца з вугляродзістых і легіраваных сталей або высокатрывалага чыгуну. Выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, кавальска-прэсавых машынах і інш.

Каленчаты вал: 1 — карэнная шыйка; 2 — калена (крывашып); 3 — шатунная шыйка; 4 — шчака.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГА-БАЛТЫ́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХ імя У.​І.​Леніна

(б. Марыінская водная сістэма),

штучны водны шлях на тэр. Валагодскай і Ленінградскай абл. Расіі, які злучае Волгу з Балтыйскім м., а цераз Беламорска-Балтыйскі канал з Белым м. Створаны ў пач. 19 ст.; у 1964 закончана карэнная рэканструкцыя. Праходзіць цераз Рыбінскае вадасх., р. Шэксна, воз. Белае, р. Коўжа, Волга-Балтыйскі канал, р. Выцегра, Анежскі канал, р. Свір, Ладажскі канал і р. Нява. Даўж. каля 1100 км. Глыб. не менш як 4 м. Мае 9 шлюзаў, 6 гідравузлоў, 7 вадасховішчаў. Па Волга-Балтыйскім водным шляху праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВАРО́Т,

карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш. паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВАНАТКА́ЦТВА,

ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.

Ручное ткацтва робіцца на верт. або гарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз. або верт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.

На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».

Да арт. Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).
Да арт. Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.

т. 6, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),

народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс. чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн. чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.

Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.

Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ. нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АН БССР. Пры ЦК КП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр. Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ. культ.-асв. т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦК КПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦК КПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.

У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ. цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.

І.​В.​Карашчанка.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТА,

распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.

На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл. Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр. ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл. Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр. ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс. чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец. пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч. л-ра на бел. мове (кніжкі В.​Іваноўскага, К.​Каганца, Цёткі, Я.​Коласа, В.​Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.​А.​Кудрынскага, Дз.​А.​Сцяпуры, Е.​Р.​Раманава, К.​І.​Ціхамірава і інш.).

Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г. БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.

Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;

О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;

Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.

С.​В.​Снапкоўская.

т. 2, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)