КАРО́БУШКІНА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 20.7.1934, в. Кубышка Нялідаўскага р-на Цвярской вобл., Расія),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1977). Скончыла БДУ (1958). З 1958 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе земляробства на Беларусі ў перыяд ранняга феадалізму, гісторыю насельніцтва 10—13 ст.тэр.Бел. Пабужжа. Асн. працы: «Земляробства на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII стст.» (1979), «Археалогія Беларусі: Бібліягр. паказ. (1932—1975)» (1988), «Курганы Беларускага Пабужжа, X—XIII стст.» (1993). Адзін з аўтараў «Гісторыі Мінска» (1967), «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Беларускай археалогіі» (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каробушкіна Т. М. 4/301; 5/199; 6/224, 484; 8/34, 54, 557; 9/94; 10/337, 653; 11/201
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́НСКІ Сяргей Антонавіч [13(25).10.1884, в. Наройкі Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер у Бельска-падляскім ваяв., Польшча — 27.8.1937], бел. археолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Працаваў настаўнікам. З 1925 чл.гіст.-археал. камісіі, з 1928 навук. супрацоўнік Інбелкульта, з 1929 у Ін-це гісторыі АНБССР, з 1933 у Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (Ленінград). Даследаваў помнікі ранняга жал. веку і эпохі сярэдневякоўя, курганныя старажытнасці ў Бельскім пав., гарадзішчы і могільнікі на Бабруйшчыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Мазыршчыне, Міншчыне. У 1926—28 вывучаў гарадзішчы Банцараўшчына і Чаркасова. Склаў і выдаў першую «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін» (1933), у якую ўключыў працы па дакласавым грамадстве, раннім феадалізме, нумізматыцы, сфрагістыцы, архітэктуры абарончых збудаванняў. Беспадстаўна рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1958.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Археолаг С.А.Дубінскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1986. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАСЦЬ,
курганны могільнік 8—10 ст. каля в. Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У насыпах і на гарызонце выяўлены рэшткі вогнішчаў (вугальныя праслойкі і попельныя плямы). Выяўлены фрагменты ляпных гаршкоў з арнаментам у выглядзе косых насечак і ганчарнага посуду з хвалістым і лінейным арнаментам. У адным з курганоў знойдзены спалены драўляны прамавугольнік (3 × 2,6 м), у паўд.-зах. вугле якога былі перапаленыя косці нябожчыка і жал. спражка. Адносіцца да «парных курганоў» валынян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (10.9.1893, в. Юр’ева Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —27.8.1937),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маск. археал. ін-та (1922), вучыўся ў Смаленскім ун-це (1922—25). З 1927 у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых у БССРнавук.-археал. экспедыцый. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жал. веку, першы выказаў думку, што гарадзішчы штрыхаванай керамікі культуры ў Цэнтр. Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найб. поўную гіст. тапаграфію стараж. Полацка, вывучаў яго помнікі — Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы (гл.Бельчыцы). У 1937 па лжывым абвінавачанні арыштаваны і расстраляны ў Мінску. У 1958 рэабілітаваны.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 5. Пр. кафедры археалогіі, т. 1;
Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Там жа;
Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Заснавальнік савецкай археалагічнай навукі ў Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. №6;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1904, г. Уладзімір, Расія — 4.4.1976),
рускі археолаг і гісторык мастацтва. Д-ргіст.н. (1945), праф. (1946). Скончыў Уладзімірскі ін-тнар. асветы (1923), Ленінградскі ун-т (1926). З 1932 навук. супрацоўнік Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (з 1959 Ін-та археалогіі АНСССР). Вывучаў гісторыю культуры і дойлідства гарадоў Стараж. Русі. У 1949 вёў раскопкі на Замкавай гары ў Гродне. Даследаваў збудаванні і фрэскі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра ў Полацку, дойлідства Смаленска 12—13 ст. Арганізатар выдання, рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі культуры Старажытнай Русі» (т. 1—2, 1948—51). Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́ЙЧЫЦЫ,
могільнік і курганны могільнік каля в. Ратайчыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Могільнік паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Ю.У.Кухарэнка выявіў 2 пахаванні 11—13 ст. паводле абраду трупапалажэння ў прамавугольных ямах. Знойдзена трохпацеркавае бронзавае скроневае кольца. Курганны могільнік належаў дрыгавічам (10—12 ст.). Даследавана 29 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З (у 2 курганах на У) у насыпе і на гарызонце, некат. на попельна-вугальнай падсыпцы. У адным кургане пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены ганчарныя гаршкі, нажы, крэсівы, абручы і дужкі ад драўлянага вядра, прасліцы са сланцу, скроневыя кольцы, бронзавыя зярнёныя і шкляныя пацеркі, сярэбраныя пярсцёнкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСЦІ́НСКІ (Міхаіл Францавіч) (28.9.1829, в. Завідзічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 1905),
бел. археолаг. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т, Пецярбургскі ун-т. Чл. Маск. археал.т-ва (з 1874, чл.-кар. з 1867). У 1850—90 вывучаў археал. помнікі Віцебшчыны, склаў яе археал. карту, для Пецярбургскай акадэміі мастацтваў зрабіў табліцу курганоў і гарадзішчаў кожнага павета Віцебскай губ. Упершыню на Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў старажытнасцей Віцебскай і суседніх губерняў. Даследаваў Гнёздаўскі курганны могільнік пад Смаленскам (гл.Гнёздава), тэр. ў вярхоўях Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар «Успамінаў» (захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы).
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬНІКО́ЎСКАЯ (Вольга Мікалаеўна) (н. 14.9.1921, г. Сасава Разанскай вобл., Расія),
расійскі археолаг. Канд.гіст.н. (1965). Скончыла Маскоўскі ун-т (1946). З 1946 працуе ў Ін-це археалогіі Рас.АН. У 1951—61 вывучала помнікі археалогіі паўд.-ўсх. Беларусі (Борхаў, Гарошкаў, Глыбаў, Калочын, Мілаград, Мохаў і інш.). На іх падставе вылучыла мілаградскую культуру. Даследавала абарончыя ўмацаванні, жытлы, гасп. пабудовы і вырабы прыкладнога мастацтва гэтай культуры, вызначыла культ.гандл. сувязі носьбітаў культуры з інш. плямёнамі. Распрацавала пытанні храналогіі культуры, звязала яе насельніцтва з неўрамі, якіх лічыць славянамі.
Тв.:
Древнейшие городища Южной Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры АНСССР. М., 1957. Вьш. 70;
Могильник милоградской культуры в дер. Горошков в Южной Белоруссии // Сов. археология. 1962. № 31;
О взаимосвязи милоградской и зарубинецкой культур в Южной Белоруссии // Там жа. 1963. № 1;
Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКАРПО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (18.3.1889, в. Белая Дуброва Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1963),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1951). Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1909). Настаўнічаў у школах Чэрыкаўскага пав. У 1925—26 чл. гісторыка-археал. камісіі Інбелкульта. З 1929 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (навук. супрацоўнік, заг. сектара; у 1941—42 у Казахстане). На Беларусі і ў Бранскай вобл. адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Страліца). Вёў разведвальныя работы з мэтай выяўлення новых археал. помнікаў на Беседзі, Дняпры, Іпуці, Сажы, Случы і інш. Першы выказаў думку пра засяленне тэр. Беларусі першабытным чалавекам у стараж.-каменным веку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш.вял. касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі. Вывучаў касцярэзнае мастацтва першабытных людзей.
Тв.:
К вопросу о мустьерской культуре в Верхнем Поднепровье // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. T. 1;