ЛЯЎДА́НСКІ Аляксандр Мікалаевіч

(10.9.1893, в. Юр’ева Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —27.8.1937),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маск. археал. ін-та (1922), вучыўся ў Смаленскім ун-це (1922—25). З 1927 у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АН БССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых у БССР навук.-археал. экспедыцый. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жал. веку, першы выказаў думку, што гарадзішчы штрыхаванай керамікі культуры ў Цэнтр. Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найб. поўную гіст. тапаграфію стараж. Полацка, вывучаў яго помнікі — Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы (гл. Бельчыцы). У 1937 па лжывым абвінавачанні арыштаваны і расстраляны ў Мінску. У 1958 рэабілітаваны.

Тв.:

Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 5. Пр. кафедры археалогіі, т. 1;

Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Там жа;

Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

Літ.:

Каробушкіна Т.М. Заснавальнік савецкай археалагічнай навукі ў Беларусі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1983. №6;

Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992.

Т.М.Каробушкіна.

А.М.Ляўданскі.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)