ДУБІ́НСКІ Сяргей Антонавіч [13(25).10.1884, в. Наройкі Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер у Бельска-падляскім ваяв., Польшча — 27.8.1937], бел. археолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Працаваў настаўнікам. З 1925 чл. гіст.-археал. камісіі, з 1928 навук. супрацоўнік Інбелкульта, з 1929 у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1933 у Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (Ленінград). Даследаваў помнікі ранняга жал. веку і эпохі сярэдневякоўя, курганныя старажытнасці ў Бельскім пав., гарадзішчы і могільнікі на Бабруйшчыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Мазыршчыне, Міншчыне. У 1926—28 вывучаў гарадзішчы Банцараўшчына і Чаркасова. Склаў і выдаў першую «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін» (1933), у якую ўключыў працы па дакласавым грамадстве, раннім феадалізме, нумізматыцы, сфрагістыцы, архітэктуры абарончых збудаванняў. Беспадстаўна рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1958.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Археолаг С.А.Дубінскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1986. № 4.
Т.М.Каробушкіна.
т. 6, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)