РАТА́ЙЧЫЦЫ,
могільнік і курганны могільнік каля в. Ратайчыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Могільнік паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Ю.У.Кухарэнка выявіў 2 пахаванні 11—13 ст. паводле абраду трупапалажэння ў прамавугольных ямах. Знойдзена трохпацеркавае бронзавае скроневае кольца. Курганны могільнік належаў дрыгавічам (10—12 ст.). Даследавана 29 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З (у 2 курганах на У) у насыпе і на гарызонце, некат. на попельна-вугальнай падсыпцы. У адным кургане пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены ганчарныя гаршкі, нажы, крэсівы, абручы і дужкі ад драўлянага вядра, прасліцы са сланцу, скроневыя кольцы, бронзавыя зярнёныя і шкляныя пацеркі, сярэбраныя пярсцёнкі і інш.
Т.М.Каробушкіна.
т. 13, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)