бактэрыя роду стрэптакокаў. Узбуджальнік крупознай пнеўманіі і інш. запаленчых захворванняў органаў дыхання.
Клеткі дыям. 0,5—1,25 мкм, часта парныя, сферычныя ці авальныя, нерухомыя, грамстаноўчыя, аэробы, гетэратрофы. Мала ўстойлівыя да ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Маюць фактары патагеннасці (капсула і інш.). Пры парушэнні нармальных ахоўных механізмаў (напр., пры віруснай інфекцыі дыхальных шляхоў) бактэрыі з зева пранікаюць у лёгкія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗЕ́МА (Nosema),
род прасцейшых групы мікраспарыдый. Каля 120 відаў. Пашыраны ўсюды. Спецыфічныя ўнутрыклетачныя паразіты жывёл (пераважна членістаногіх) і чалавека. Напр., Н. шаўкапрадавая (N. bombycis), пчаліная (N. apis), трусіная (N. cuniculi, або Encephalitozoon cuniculi), шчэлепная (N. branchialis), N. chagasi (у чалавека) і інш. выклікаюць назематозы.
Споры даўж. 3—7 мкм, прадаўгаватыя, з моцнай абалонкай, змяшчаюць двух’ядзерны амёбападобны зародак і жыгучую капсулу са спіральнай трубчастай ніццю. Пасля заглынання споры гаспадаром зародак трапляе ў клетку кішэчнага эпітэлію і шматразова дзеліцца з утварэннем ланцужкоў аднаядзерных клетак (могуць разносіцца па арганізме з крывёю), потым двух’ядзерных клетак і спор, якія выводзяцца з экскрэментамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАРС»,
серыя сав.аўтаматычных міжпланетных станцый (АМС) для даследавання Марса і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў.
У 1962—74 адбыліся палёты 7 «М.». «М.-1» — першая ў свеце АМС, запушчаная 1.11.1962 ў бок Марса для даследаванняў пры блізкім пралёце. Капсула «М.-2» дасягнула Марса (снеж. 1971). Спускальны апарат «М.-З» (2.12.1971) здзейсніў пасадку на Марс. У 1973 упершыню па міжпланетнай трасе адначасова адбыліся палёты 4 АМС: «М.-4» — «М.-7». Арбітальныя адсекі «М.-2», «М.-З», «М.-5» сталі штучнымі спадарожнікамі Марса. Спускальны апарат «М.-6» дасягнуў паверхні Марса. АМС «М.» далі магчымасць атрымаць навук. даныя пра касм. прастору, атмасферу і паверхню Марса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВІКІ, радыялярыі (Radiolaria),
клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал. парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖЭ́МІНІ», «Джэмінай» (Gemini),
назва серыі амер. двухмесных касм. караблёў (КК) для палётаў на каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі і палётаў.
КК «Дж.» складаецца з герметычнага спускальнага апарата, дзе размяшчаюцца 2 касманаўты, і негерметычнага адсека з абсталяваннем і тармазнымі рухавікамі. Мае апаратуру і ракетны рухавік для збліжэння з інш. лятальнымі апаратамі на арбіце. Сістэма жыццезабеспячэння разлічана на 14 сут, пасадка прадугледжана толькі на ваду. Усяго па праграме «Дж.» запушчана 12 КК (1964—66; 10 з іх з 2 касманаўтамі на борце). У час палётаў праводзілася манеўраванне і збліжэнне КК («Дж.-6» і «Дж.-7»), стыкоўка з ракетай «Аджэна», выхад касманаўтаў у касм. прастору (Э.Уайт, Ю.Сернан, М.Калінз, Р.Гордан, Э.Олдрын), выпрабаванне сістэм карабля, фатаграфаванне Зямлі, неба і інш. Праграма «Дж.» была падрыхтоўчым этапам праграмы «Апалон».
Схема спускальнага апарата касмічнага карабля «Джэміні»: 1 — герметычная капсула; 2 — крэслы касманаўтаў; 3 — пульт і прыладная дошка; 4 — адсек сістэмы арыентацыі; 5 — кантэйнер з парашутамі; 6 — радыёлакатар для збліжэння на арбіце; 7 — бартавая апаратура і абсталяванне; 8 — цеплаахоўны экран.