клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал. парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.