РЫ́ЮЧЫЯ ВО́СЫ (Sphecoidea),

надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 12 тыс. відаў. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна. Гнёзды ў глебе на пясчаных месцах (адсюль назва), пустых сцёблах травяністых раслін, у гнёздах насякомых і інш. Ёсць гнездавыя паразіты. На Беларусі найб. трапляюцца пчаліны воўк, амафіла пясчаная (Ammophila sabulosa), бембекс насаты (Bembex rostrata), сфекс зубасты (Sphex maxillosus), цэрцэрыс пясчаны (Cerceris arenaria), аса тоўстагаловая вялікая (Crabro cribrarius).

Даўж. да 6 см. Цела голае або пакрыта валаскамі, чорнае, часта з жоўтым або чырв. малюнкам. Брушка з тонкай сцяблінкай. Яйцаклад зменены ў тонкае джала — сродак нападу на здабычу і абароны ад ворагаў, праз якое ў момант уколу выводзіцца сакрэт ядавітых залоз. Лічынкі — драпежнікі, дарослыя кормяцца нектарам і пылком кветак, асобныя віды Р.в. палююць на пэўных насякомых і іх лічынак. Ператварэнне поўнае.

С.​Л.​Максімава.

Рыючыя восы: 1 — аса тоўстагаловая вялікая; 2 — бембекс насаты; 3 — сфекс зубаты; 4 — амафіла пясчаная.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),

атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.

Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.

С.​А.​Максімава.

Перапончатакрылыя: 1 — эфіяльт выяўляльнік; 2 — наезнік начніцавы; 3 — андрэна шэрая; 4 — сфекс зубасты; 5 — мурашка-шашаль звычайная.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)