ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),

атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.

Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-r. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.

С.​А.​Максімава.

Перапончатакрылыя: 1 — эфіяльт выяўляльнік; 2 — наезнік начніцавы; 3 — андрэна шэрая; 4 — сфекс зубасты; 5 — мурашка-шашаль звычайная.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)