ЖЭТО́Н (франц. jeton),

1) металічны значок, які паказвае на прыналежнасць да якой-н. арганізацыі ці т-ва або выдаецца на памяць аб якой-н. падзеі.

2) Метал. кружок, які замяняе манету (напр., у гандл. аўтаматах) або дае права на атрыманне чаго-н.

3) Метал. значок з асабістым нумарам афіцэра.

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СТРАФ (грэч. apostrophos),

надрадковы значок у выглядзе коскі. Указвае на пропуск галосных пры скарачэнні слоў (англ. don’t замест do not), аддзяляе артыклі і часціцы ў іншамоўных словах (франц. d’Arc) і інш. У бел. графіку ўведзены ў 1920-я г. Выконвае раздзяляльную функцыю перад галоснымі «е», «ё», «ю», «я», «і» пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, і ў сярэдзіне слоў пасля губных «б», «в», «м», «п», «ф», заднеязычных «г», «к», «х», шыпячых «дж», «ж», «ч», «ш», зубных «д», «т» і альвеалярнага «р». У фанет. транскрыпцыі абазначае змякчэнне зычных.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

група пісьменнасцей Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, якія звязаны агульнасцю паходжання і адзіным (фанет.) прынцыпам пабудовы алфавіта. Акрамя Індыі, Бангладэш, Пакістана, Непала і Шры-Ланкі пашырана і ў суседніх раёнах.

Пранікла разам з будызмам у 1-м тыс. да н.э. Мае некалькі дзесяткаў разнавіднасцей. У самой Індыі пісьменнасць існуе больш за 5 тыс. г. Самыя стараж. варыянты І.п. не дэшыфраваны. Найб. раннія прачытаныя пісьмовыя помнікі (3 ст. да н.э.) заснаваны на складовым пісьме брахмі, якое з’яўляецца родапачынальнікам уласна інд. пісьменства. На яго аснове склаліся 3 асн. галіны І.п.: паўночнае (гупцкае, тыбецкае з некалькімі варыянтамі, нагары і яго пазнейшая форма дэванагары, якая займае цэнтр. месца сярод алфавітаў Паўн. Індыі, шарада ў Кашміры, невары, бенгальскае, орыя, гуджарацкае, гурмукхі — пенджабскае пісьмо і інш.), паўднёвае (грантха, алфавіты 4 сучасных літ. моў: канада, тэлугу, малаяламскай і тамільскай) і паўднёва-ўсходняе (сінгальскае. бірманскае, кхмерскае, лаоскае, тайскае і інш.), якое развіваецца па-за межамі Індыі.

Агульнаінд. пісьмо — складовае, адпавядае фанет. сістэме інд. моў (гл. Індыйскія мовы). Кожная літара абазначае склад з аднаго галоснага ці зычнага з галосным «а». Астатнія галосныя абазначаюцца дадатковымі знакамі, ужываецца поліфункцыян. значок «вірама». У алфавітах асобных моў знакі І.п. істотна; вар’іруюцца. Алфавіт хіндзі, ці санскрыту, лічыцца фанематычным, у інш, мовах суадносіны паміж фанемай і графемай парушаны.

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Dani A.H. Indian palaeography. Oxford, 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Асноўныя разнавіднасці індыйскага пісьма.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)