ГРАМАДСКІЯ АБ’ЯДНАННІ

Прататыпы грамадскіх аб’яднанняў вядомы з глыбокай старажытнасці, напр., Акадэмія Платонаў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. З’яўленню грамадскіх аб’яднанняў у перыяд Новага часу ў Зах. Еўропе садзейнічалі паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні, выкліканыя бурж. рэвалюцыямі. Прастору для іх узнікнення і дзейнасці адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў, правоў на свабоднае прадпрымальніцтва і сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сярод грамадскіх аб’яднанняў найбольш прыкметнае месца займалі прафесійныя саюзы. На Беларусі першыя грамадскія аб’яднанні ўзніклі ў 1-й пал. 19 ст. і займаліся гал. чынам культ.-асв. і дабрачыннай дзейнасцю. На мяжы 19—20 ст. у розных гарадах краіны сталі ўтварацца прафес. саюзы гарбароў, друкароў, чыгуначнікаў, работнікаў пошт і тэлеграфа, крэдытных і гандл.-прамысл. устаноў і інш. Статус грамадскіх аб’яднанняў быў вызначаны «Часовымі правіламі аб таварыствах і саюзах Расійскай імперыі» (прыняты 4.3.1906), паводле якога распрацаваны 3 тыповыя іх статуты (нармаваны, прыкладны і ўзорны), вызначаны парадак і ўмовы рэгістрацыі. Членства ў грамадскіх аб’яднаннях забаранялася ніжэйшым вайсковым чынам, асобам да 18 гадоў, навучэнцам, жанчынам. Нягледзячы на пэўныя абмежаванні, разнастайныя аб’яднанні культ.-асв., навук., мед., прафесійнага кірунку ў пач. 20 ст. дзейнічалі ва ўсіх губ. гарадах Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 і ўсталявання сав. улады дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў была вызначана Канстытуцыяй РСФСР 1918. Іх стварэнне і фінансаванне станавіліся дзярж. справай. З сярэдзіны 1920-х г. легальная дзейнасць дазвалялася толькі масавым грамадскім аб’яднанням, што налічвалі больш за 1000 членаў. Актыўную ролю ў сав. грамадстве адыгрывалі прафсаюзы. Асобнае месца ў выхаванні моладзі належала піянерскай арг-цыі і Ленінскаму камуністычнаму саюзу моладзі. Камсамольцы шэфствавалі над будаўніцтвам буйных прамысл. прадпрыемстваў, садзейнічалі калектывізацыі сельскай гаспадаркі, удзельнічалі ў ліквідацыі непісьменнасці і інш. У 2-й пал. 1930-х г. сярод моладзі пашырылі ўплыў арганізацыі, якія ставілі за мэту ваенна-патрыятычнае выхаванне. Напр., добраахвотнае т-ва садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) мела ваенна-спарт. секцыі, арганізоўвала здачу нарматываў на значок «Гатоў да працы і абароны», рыхтавала юнакоў да службы ў Чырв. Арміі. У БССР у 1920—30-я г. дзейнічалі масавыя арг-цыі: шэфскія т-вы, саветы па фізічнай культуры, «Прэч непісьменнасць», Т-ва Чырв. Крыжа, Асаавіяхім, «Аўтадор», МОПР і інш. Канстытуцыя БССР 1937 абвяшчала грамадзянам правы стварэння грамадскіх аб’яднанняў пры замацаванні за камуніст. партыяй ролі кіруючага ядра арганізацыі працоўных, прадстаўляла правы вылучэння кандыдатаў у дэпутаты саветаў грамадскім аб’яднанням і таварыствам працоўных: парт. арг-цыям, прафес. саюзам, кааператывам, арганізацыям моладзі, культурным т-вам.

Дэфармацыі грамадска-паліт. жыцця ў 1930-я г. негатыўна паўплывалі на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў. Значная колькасць іх актывістаў была неабгрунтавана рэпрэсіравана. У пасляваенны час узніклі і новыя грамадскія аб’яднанні: усесаюзныя т-вы паліт. і навук. ведаў, аховы прыроды, навук. і інж. т-ва і інш. Адпаведныя арганізацыі ў якасці рэсп. аддзяленняў з’явіліся і ў БССР. Спробы дэмакратызацыі грамадства ў сярэдзіне 1950-х г. садзейнічалі актывізацыі грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў і камсамола. Канстытуцыя БССР 1978 ставіла адной з мэт павышэнне актыўнасці грамадскіх аб’яднанняў, вызначала іх правы ўдзельнічаць у кіраванні дзярж. і грамадскімі справамі, вырашэнні паліт., гасп. і сац.-культ. пытанняў. Пры гэтым падкрэслівалася, што кіруючай і накіроўваючай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый з’яўляецца камуніст. партыя.

Імкненне часткі грамадства пераадолець праявы бюракратызму і фармалізму ў дзеянні афіцыйных грамадскіх аб’яднанняў прывяло да стварэння ў 1980-я г. новых, т.зв. «нефармальных» арг-цый, якія ставілі мэты адраджэння нар. і нац. традыцый, бел. культуры і мовы, аховы гіст. помнікаў. Так узніклі «Беларуская спеўна-драматычная майстэрня» (1979), «Таварыства беларускай школы» (1983), «Талака» (1985) і інш. Дэмакратызацыя грамадства, скасаванне кіруючай ролі камуніст. партыі, ператварэнне Беларусі ў незалежную дзяржаву стварылі новыя ўмовы для дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) абвясціла, што «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў» і гарантуе кожнаму права на свабоду аб’яднанняў. Закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях» ад 4.10.1994 вызначыў, што грамадскім аб’яднаннем з’яўляецца добраахвотнае фарміраванне грамадзян, якое яны ўтварылі на аснове супольнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, эканам., сац. і культ. правоў. Дзяржава забяспечвае захаванне і абарону правоў і законных інтарэсаў грамадскіх аб’яднанняў. Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, скіраваных на звяржэнне ці гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу, парушэнне цэласнасці і бяспекі дзяржавы, прапаганду вайны, насілля, распальвання нац., рэліг. і расавай варожасці, ці дзейнасць, якая можа адмоўна ўплываць на фіз. і псіх. здароўе грамадзян. У Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў» ад 26.1.1999 удакладнены некаторыя прававыя нормы дзейнасці гэтых утварэнняў. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні, што прадстаўляюць усе спектры грамадскага жыцця краіны. Сярод іх: міжнар. грамадская арг-цыя «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Бел. фонд міру, Бел. дзіцячы фонд, Бел. ПЭН-цэнтр, Задзіночанне бел. студэнтаў, Т-ва бел. мовы, Бел. саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў, Бел. рэсп. саюз моладзі, Бел. саюз маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, Бел. т-ва Чырв. Крыжа і інш.

На 1.1.2004 у рэспубліцы зарэгістравана 2214 грамадскіх аб’яднанняў (235 міжнародных, 734 рэспубліканскія, 1245 мясцовых, 16 саюзаў грамадскіх аб’яднанняў) па кірунках дзейнасці: эканоміка, прадпрымальніцтва; абарона правоў чалавека; абарона правоў спажыўцоў; арганізацыі ваеннаслужачых, ветэранаў Узбр. Сіл, праваахоўных органаў: адукацыя, асвета, выхаванне; арганізацыі інвалідаў; ахова здароўя і медыцына; дабрачынныя; дзяржава, самакіраванне, прававыя пытанні; жаночыя грамадскія аб’яднанні; мастацтва, культура; маладзёжная, дзіцячыя; нац. меншасці; прафесійныя; рэсурсныя цэнтры; сац. абарона; спорт, адпачынак, турызм; арганізацыі па інтарэсах; Чарнобыльскія арганізацыі; экалогія, абарона навакольнага асяроддзя. Большасць з зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў (каля 49%) знаходзяцца ў Мінску. У кожным з кірункаў існуюць аб’яднанні, што карыстаюцца дзярж. падтрымкай.

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, скіраваных на звяржэнне ці гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу, парушэнне цэласнасці і бяспекі дзяржавы, прапаганду вайны, насілля, распаленне нац., рэліг. і расавай варожасці, а таксама дзейнасць, якая можа адмоўна ўплываць на фіз. і псіхічнае здароўе грамадзян.

т. 18, кн. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)