ЗМЯНЕ́ННЕ,
найбольш агульная форма быцця ўсіх аб’ектаў і з’яў, што ўяўляе сабой усялякі рух і ўзаемадзеянне, пераход з аднаго стану ў другі. Уключае ў сябе любыя пераўтварэнні форм руху, усе працэсы развіцця, а таксама ўзнікненне новых з’яў у свеце. Ахоплівае колькаснае павелічэнне ці змяншэнне характарыстык цел і іх якасныя трансфармацыі. Гістарычна змяняюцца не толькі любыя канкрэтныя ўласцівасці цел, але і самі законы руху матэрыі. У філасофіі З. заўсёды проціпастаўляецца спакой і ўстойлівасць цел, але і самі яны адносныя, таму што з’яўляюцца прыватным выпадкам і вынікам агульнага руху матэрыі.
т. 7, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭРНІЗА́ЦЫЯ,
змяненне, удасканаленне, якое адпавядае сучасным патрабаванням. Напр., М. абсталявання.
т. 9, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКСНЫ МЕ́ТАД у статыстыцы,
сукупнасць спосабаў і прыёмаў статыстычнай навукі, заснаваных на пабудове і аналізе індэксаў, якія дазваляюць сувымяраць складаныя сац.-эканам. з’явы. Спецыфіка І.м. ў тым, што колькасна непараўнальныя велічыні ў індэксе прыводзяцца да адзінства, якое робіць іх параўнальнымі, сувымернымі. Такім адзінствам з’яўляецца грашовая ацэнка (вартасць) несувымерных элементаў з’явы. Так, колькасць рознай прадукцыі (яе відаў) можа быць прыведзена да сувымернага выгляду з дапамогай цэн (памнажэннем аб’ёму прадукцыі на цану яе адзінкі), што дае магчымасць улічваць змяненне толькі дадзенай з’явы, звязанай з ім. У гэтым выпадку ў якасці сувымерніка выступае вартасць сукупнасці рэчаў. У ролі сувымерніка пры пабудове індэксаў выступаюць выдаткі працы (працоўныя адзінкі вымярэння) на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і інш. І.м. шырока выкарыстоўваецца пры вывучэнні дынамікі з’явы, для супастаўлення ў прасторы (пры параўнанні ўзроўняў сац. эканам. з’яў па тэрыторыі — вобласці, краю, рэспублікі) і ў інш. выпадках; ён дазваляе вылучаць і вымяраць уплыў фактараў на змяненне вывучаемай з’явы, у прыватнасці на змяненне яе структуры.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫФІКА́ЦЫЯ (ад позналац. modificatio змяненне),
1) відазмяненне чаго-н., якое адзначаецца з’яўленнем новых уласцівасцей.
2) Адна з некалькіх форм рэчыва, якая характарызуецца пэўнай структурай і ўласцівасцямі (гл. Алатропія, Полімарфізм).
т. 9, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),
1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.
2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.
3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.
4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.
5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.
т. 4, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІМІЛЯ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,
распадабненне ў межах аднаго слова або словазлучэння аднаго з двух артыкуляцыйна блізкіх ці аднолькавых гукаў іншым, менш падобным. Узнікае паміж гукамі аднаго тыпу — галоснымі (вакальная Д.) ці зычнымі (кансанантычная Д.)і звычайна скіравана на аблягчэнне вымаўлення. Бывае Д. сумежных гукаў (кантактная Д., напр., «трахтар» з «трактар») і гукаў, раздзеленых інш. гукамі (дыстактная Д., напр., «більзін» з «бензін»), Адрозніваецца Д. прагрэсіўная (змяненне гука пад уплывам папярэдняга: «пролубка» з «прорубка») і рэгрэсіўная (змяненне гука пад уплывам наступнага: «канбайн» з «камбайн»). Пашырана Д. ў гаворках, прастамоўі, дзіцячым маўленні, сустракаецца ў літ. мове, дзе асобныя яе формы замацаваліся як нарматыўныя: «калідор» з «карыдор» і г.д. Д. процілеглая асіміляцыі.
т. 6, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,
механічнае драбленне (парушэнне) і біяхім. змяненне мінералаў і горных парод у выніку жыццядзейнасці раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Пры біялагічным выветрыванні адбываецца таксама ўтварэнне раствораў, новых мінералаў, горных парод і некаторых карысных выкапняў.
т. 3, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,
змяненне частаты (ці даўжыні хвалі) эл.-магн. выпрамянення пры яго распаўсюджванні ў гравітацыйным полі, абумоўленае гравітацыйным запавольваннем часу. Прадказана А.Эйнштэйнам у 1907. Адзін з эксперыментальна пацверджаных эфектаў агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Чырвонае зрушэнне.
т. 5, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУТАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. commutatus змяненне, пераўтварэнне),
перастаўляльнасць, уласцівасць бінарнай матэм. аперацыі, якая выражаецца тоеснасцю a*b = b*a. Камутатыўныя складанне і множанне лікаў, паліномаў, скалярнае множанне (гл. Вектарнае злічэнне) вектараў і інш. Тэрмін «К.» уведзены франц. матэматыкам Ф.Сервуа (1815).
т. 7, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ЦЫЯ (ад лац. novatio абнаўленне, змяненне),
1) у цывільным праве адзін са спосабаў спынення абавязацельстваў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь абавязацельства спыняецца пагадненнем бакоў, у прыватнасці дамоўленасцю пра замену аднаго абавязацельства другім паміж тымі ж асобамі.
2) Нешта новае, навіна, новаўвядзенне.
т. 11, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)