ДЫСІМІЛЯ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,
распадабненне ў межах аднаго слова або словазлучэння аднаго з двух артыкуляцыйна блізкіх ці аднолькавых гукаў іншым, менш падобным. Узнікае паміж гукамі аднаго тыпу — галоснымі (вакальная Д.) ці зычнымі (кансанантычная Д.)і звычайна скіравана на аблягчэнне вымаўлення. Бывае Д. сумежных гукаў (кантактная Д., напр., «трахтар» з «трактар») і гукаў, раздзеленых інш. гукамі (дыстактная Д., напр., «більзін» з «бензін»), Адрозніваецца Д. прагрэсіўная (змяненне гука пад уплывам папярэдняга: «пролубка» з «прорубка») і рэгрэсіўная (змяненне гука пад уплывам наступнага: «канбайн» з «камбайн»). Пашырана Д. ў гаворках, прастамоўі, дзіцячым маўленні, сустракаецца ў літ. мове, дзе асобныя яе формы замацаваліся як нарматыўныя: «калідор» з «карыдор» і г.д. Д. процілеглая асіміляцыі.
т. 6, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)