1) сродак для ўзбуджэння выбуху разрыўнога зараду інж.мін і ручных гранат. Складаецца з капсуля-запальніка і капсуля-дэтанатара, размешчаных у метал. (часам пластмасавай) гільзе. З. асколачных ручных гранат уключае таксама парахавы запавольнік і ўдарны механізм для ўзбуджэння гарэння капсуля-запальніка.
2) Прыстасаванне для ініцыіравання выбуху выбуховага рэчыва з дапамогай эл. току (т.зв. мінны З., цяпер наз.электрадэтанатарам).
3) Адтуліна ў казённай частцы артыл. гарматы 15—17 ст., запоўненая порахам для запальвання кідальнага зарада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ТА (італьян. granata ад лац. granatus зярністы),
1) боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя, запальныя і спецыяльныя (дымавыя, асвятляльныя, сігнальныя і інш.).
Гранатамётныя стрэлы маюць калібры 30—112 мм, масу 0,2—5 кг, бронепрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам. Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя гранаты, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3—1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколачных да 200 м. Гранаты з’явіліся ў 16 ст., з 17 ст. імі ўзбройвалі спец. падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў. Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1—1,2 кг.
2) Устарэлая назва артыл.снарадаў асколачна-фугаснага дзеяння масай не менш за 16 кг. Ужываліся з 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННЕ,
жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.Чачота, «Уставайма, братцы» В.Каратынскага, «Не цурайся» Ф.Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял.Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят.запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, непаразітарныя хваробы раслін,
парушэнні структуры і функцый раслін у выніку неспрыяльных фіз. і хім. уздзеянняў на іх (пераважна абіятычных і антрапагенных) без удзелу фітапатагенных арганізмаў. Вельмі пашыраны. Выклікаюцца празмерна нізкімі або высокімі вільготнасцю (завяданне раслін, усыханне; вымаканне пасеваў. растрэскванне і сыходжанне пладоў і інш.), т-рай (вымярзанне раслін; апёкі, запал, цераззерніца; пры рэзкіх ваганнях — выправанне пасеваў, іх выпіранне, маразабоіны, адлуп кары, драўніны і інш.), асвятленнем (этыяляцыя, апёкі і інш.), кіслотнасцю глебы, недахопам, лішкам або незбалансаванасцю элементаў мінеральнага жыўлення раслін (паляганне раслін, фасцыяцыя, плямістасці, ненармальная пігментацыя лісця і інш.), градам, моцным ветрам ці дажджом, маланкай і інш. (паляганне, апёкі і інш.), таксічнымі для раслін і радыеактыўнымі рэчывамі выхлапных газаў, прамысл. і інш. адходаў (пыл, сажа, аксіды азоту, вугляроду, серы, альдэгіды, злучэнні фтору, хлору, цяжкіх металаў, этылен і інш.) і пестыцыдамі (апёкі, пабурэнне, плямістасці і засыханне лісця, прамянёвая хвароба і інш.); таксінамі некат. раслін і глебавых грыбоў, мех. пашкоджаннямі жывёламі і чалавекам. Парушаюць рост, развіццё (прыгнечанне, дэфармацыі), фотасінтэз (хларозы раслін), часта прыводзяць да заўчаснага старэння і адмірання частак (некроз) ці цэлых раслін, павышаюць іх успрымальнасць да ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб раслін, інш. патагенаў і шкоднікаў.
С.І.Бельская.
Неінфекцыйныя хваробы раслін: 1, 2 — азотнае і фосфарнае галаданне бульбы і кукурузы; 3 — калійнае галаданне бульбы (бронзавасць лісця); 4 — шкоднае дзеянне глебавай кіслотнасці на капусту; 5 — маразабоіны на ствале яблыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЖО́,
ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл.Пнеўматычная зброя).
Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл.Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл.Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).
В.І.Вараб’ёў.
Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.