ПАПРА́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫ без пазбаўлення волі,

від крымін. пакарання і адм. спагнання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Назначаецца судом (суддзёй) адпаведна на тэрміны ад 2 месяцаў да 2 гадоў і ад 15 сутак да 2 месяцаў. Адбываюцца па месцы работы або ў інш. месцах у раёне жыхарства асуджанага з утрыманнем да 20% заробку ў даход дзяржавы. Асобам, якія прызнаны непрацаздольнымі, суд можа замяніць П.р. на штраф. У выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця П.р. суд можа замяніць іх неадбыты тэрмін на пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТУБА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутр + tuba труба),

увядзенне трубкі ў гартань, трахею ці бронхі. Робіцца, каб зняць парушэнні дыхання пры апёках, траўмах, цяжкіх спазмах, дыфтэрыі гартані і яе ацёках (напр., алергічных). Можа замяніць горласячэнне (трахеатамію). Таксама ўвядзенне трубкі ў прасвет кішкі для дыягностыкі ці лячэння.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭ́ННІ,

узаемна адназначныя адлюстраванні мноства пунктаў (прамой, плоскасці, прасторы) на сябе ці на інш. мноствы. Сукупнасць геаметрычных пераўтварэнняў такіх, што кожную канечную паслядоўнасць пераўтварэнняў можна замяніць адным пераўтварэннем гэтай сукупнасці, а пераўтварэнне, адваротнае любому з іх, таксама належыць данай сукупнасці, утварае групу пераўтварэнняў, напр., рух плоскасці (або прасторы). Гл. таксама Артаганальнае пераўтварэнне, Гамалогія, Гаматэтыя.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛЁР (франц. doubleur ад doubler падвойваць),

1) той, хто паралельна з кім-н. выконвае аднолькавую работу (напр., прадпрыемства-Д., Д. касманаўта — які праходзіць разам з ім падрыхтоўку і здольны яго замяніць).

2) Акцёр, які замяняе асн. выканаўцу ролі, а таксама акцёр, які ўзнаўляе тэкст пры перакладзе фільма з адной мовы на другую.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕРАТЫ́Ў (ад лац. imperativus уладны, катэгарычны, загадны),

безумоўнае, катэгарычнае патрабаванне, загад, закон. Імператыўныя выказванні з’яўляюцца прадметам логікі норм. У філасофіі І.​Канта — усеагульны маральны закон, якім ён імкнуўся замяніць усе ант. нормы адной (катэгарычны І.). Кант разумеў катэгарычны І. як нешта першапачаткова ўласцівае розуму, вечнае і нязменнае. Выключныя нормы, што неабходна прымаць пры пэўных абставінах, у этыцы ён называў гіпатэтычным І. Паводле дыялектычнага матэрыялізму, мараль, як і ўсё на свеце, гістарычна развіваецца і змяняецца, і ў ёй не можа быць нязменных патрабаванняў і законаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬФМАН Геся Меераўна (Міронаўна; паміж 1852—55, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 13.2.1882),

рэвалюцыянерка-народніца. У час вучобы на курсах у Кіеве (1874) вяла рэв. прапаганду сярод рабочых. У 1877 зняволена на 2 гады. З 1879 чл. партыі «Народная воля». На канспіратыўных кватэрах Гельфман у Пецярбургу размяшчалася друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», хаваліся выбуховыя рэчывы, рыхтаваўся замах на Аляксандра II. 15.3.1881 арыштавана і разам з інш. арганізатарамі замаху прыгаворана да павешання; выкананне прыгавору адтэрмінавана ў сувязі з яе цяжарнасцю. Шырокая кампанія ў абарону Гельфман у замежным друку прымусіла цара замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. Памерла ў турме ў час родаў.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,

мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКСАВА́ННЕ,

хімічная перапрацоўка выкапнёвага паліва (пераважна каменнага вугалю і цяжкіх прадуктаў нафтаперапрацоўкі) награваннем да 900—1050 °C без доступу паветра. У выніку атрымліваюць кокс (70—80%), коксавы газ (15—25%) і вадкія пабочныя прадукты (каля 3%), якія з’яўляюцца каштоўнай хім. сыравінай (у асноўным каменнавугальная смала і бензол).

К. каменнага вугалю робіцца ў некалькі стадый у коксавых печах, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — у метал. коксавых кубах або спец. печах (з атрыманнем нафтавага коксу). Узнікла ў 18 ст. (у Вялікабрытаніі і інш.), каб замяніць мінер. палівам драўняны вугаль, для атрымання якога ішло масавае вынішчэнне лясоў. У сучасным выглядзе працэс К. склаўся да пач. 20 ст.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХЦІНСКІ ПРАЦЭ́С, Шахцінская справа,

судовы працэс у Маскве 18.5—6.7.1928 над групай інжынераў і тэхнікаў з дарэв. стажам работы, беспадстаўна абвінавачаных у стварэнні контррэв. шкодніцкай арг-цыі, якая нібыта дзейнічала на прадпрыемствах вугальнай прам-сці Шахцінскага і інш. раёнаў Данбаса. Паводле прыгавору Вярх. суда СССР 5 чал. расстраляны, 40 зняволены на розныя тэрміны (1—10 гадоў), 4 пакараны ўмоўна, 4 апраўданы. Ш.п. паклаў пачатак масавым ганенням на старую тэхн. інтэлігенцыю, якую сав. ўлады імкнуліся замяніць выхаванымі ў сав. час спецыялістамі. У канцы 1980-х г. усе асуджаныя па Шахцінскай справе рэабілітаваны.

Літ.:

Ковалев В.А. Распятие духа: Судебные процессы сталинской эпохи. М., 1997.

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)