ЗАЛП,

адначасовы выстрал (пуск) з некалькіх гармат, мінамётаў, ракетных і рэактыўных пускавых установак, тарпедных апаратаў, стралковай і інш. зброі. Даецца па пэўным сігнале (камандзе) для нанясення агнявога ўдару, а таксама пры святочных салютах і адданні ваенных ушанаванняў («халастыя» З. — без снарадаў і куль).

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЦЮ́ША»,

мемарыяльны комплекс у г. Орша Віцебскай вобл. Створаны ў 1966 у гонар першага залпа «кацюш», зробленага па ням.-фаш. захопніках 14.7.1941 батарэяй капітана І.А.Флёрава (арх. Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін). На мосце цераз Дняпро і 17-метровым адхоне на розных узроўнях размешчаны гал. часткі мемарыяла. Пры ўваходзе на тэр. комплексу невял. куб з інфармацыйным надпісам. На ўзвышшы на 7 тумбах рытмічна ўстаноўлены 8-метровыя жалезабетонныя элементы, якія сімвалізуюць мінамётны залп з 7 установак. У цэнтры самай высокай пляцоўкі на пастаменце рэактыўная ўстаноўка «БМ-13». Аб’ядноўвае кампазіцыю бетонны стылабат.

М.М.Яніцкая.

Фрагмент мемарыяльнага комплексу «Кацюша».

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛДЭ (Velde) ван дэ, сям’я нідэрландскіх жывапісцаў 17 ст. Эсаяс (каля 1590—91, Амстэрдам — 18.11.1630). Вучыўся, верагодна, у Д.Вінкбонса. Працаваў у Харлеме (з 1610), Гаазе (з 1618). Пісаў пейзажы, батальныя і жанравыя карціны. У каларыстычных пошуках прыйшоў да танальнага жывапісу, які ўзнаўляе мяккую святлоценявую гульню паветра («Від на Зірыкзе», 1618, «Грамада ў парку», каля 1620, «Пераправа», 1622, «Нападзенне на фургон», 1626, «Дзюнны пейзаж», 1629, і інш.). Вілем Малодшы (хрышчаны 18.12.1633, г. Лейдэн, Нідэрланды — 6.4.1707). Пляменнік Эсаяса. Вучыўся ў свайго бацькі марыніста Вілема Старэйшага і С. дэ Влігера. Працаваў у Амстэрдаме, Лондане. Аўтар парадных па кампазіцыі, гучных па колеры марскіх пейзажаў: «Караблі ў штыль» (1657), «Залп салюта» (1666) і інш. Адрыян (хрышчаны 30.11.1636, Амстэрдам — 21.1.1672). Брат Вілема. Вучыўся ў Харлеме ў Я.Вейнантса. Працаваў у Амстэрдаме. Пісаў партрэты, жанравыя сцэны, рэліг. і алегарычныя кампазіцыі. Праславіўся пейзажамі з выявамі людзей і жывёл («Бераг у Схевенінгене», 1658, «Статак», 1663, «Ферма», 1666, «Паляванне», 1669, «Пейзаж са статкам кароў», 1671, і інш.). У яго творах рэалізм і дэмакратызм вобразаў, празрыстасць і свежасць колеравых спалучэнняў пакрысе саступаюць месца вытанчанай святочнасці і ідылічнасці адлюстравання.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)