ВЕ́ЛДЭ

(Velde) ван дэ, сям’я нідэрландскіх жывапісцаў 17 ст. Эсаяс (каля 1590—91, Амстэрдам — 18.11.1630). Вучыўся, верагодна, у Д.Вінкбонса. Працаваў у Харлеме (з 1610),

Гаазе (з 1618). Пісаў пейзажы, батальныя і жанравыя карціны. У каларыстычных пошуках прыйшоў да танальнага жывапісу, які ўзнаўляе мяккую святлоценявую гульню паветра («Від на Зірыкзе», 1618, «Грамада ў парку», каля 1620, «Пераправа», 1622, «Нападзенне на фургон», 1626, «Дзюнны пейзаж», 1629, і інш.). Вілем Малодшы (хрышчаны 18.12.1633, г. Лейдэн, Нідэрланды — 6.4.1707). Пляменнік Эсаяса. Вучыўся ў свайго бацькі марыніста Вілема Старэйшага і С. дэ Влігера. Працаваў у Амстэрдаме, Лондане. Аўтар парадных па кампазіцыі, гучных па колеры марскіх пейзажаў: «Караблі ў штыль» (1657), «Залп салюта» (1666) і інш. Адрыян (хрышчаны 30.11.1636, Амстэрдам — 21.1.1672). Брат Вілема. Вучыўся ў Харлеме ў Я.Вейнантса. Працаваў у Амстэрдаме. Пісаў партрэты, жанравыя сцэны, рэліг. і алегарычныя кампазіцыі. Праславіўся пейзажамі з выявамі людзей і жывёл («Бераг у Схевенінгене», 1658, «Статак», 1663, «Ферма», 1666, «Паляванне», 1669, «Пейзаж са статкам кароў», 1671, і інш.). У яго творах рэалізм і дэмакратызм вобразаў, празрыстасць і свежасць колеравых спалучэнняў пакрысе саступаюць месца вытанчанай святочнасці і ідылічнасці адлюстравання.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)