КІ́ЛЕР (англ. killer),

наёмны забойца. Тэрмін у заканадаўстве не выкарыстоўваецца, аднак шырока ўжываецца ў юрыд. публіцыстыцы.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРШАСАКАВІКО́ЎЦЫ»,

«першамартаўцы», 1) члены «Народнай волі», арганізатары і ўдзельнікі забойства імператара Аляксандра II 13 (1 па старым стылі) сак. 1881. Непасрэдны забойца цара І.Я.Грынявіцкі смяротна паранены ў час замаху. Паводле суд. працэсу 7—10.4.1881 А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, М.І.Кібальчыч, Ц.​М.​Міхайлаў, М.​І.​Рысакоў павешаны, Г.М.Гельфман асуджана на вечную катаргу; інш. ўдзельнікі асуджаны на інш. працэсах «Нар. волі» 2) Члены тэрарыст. фракцыі «Нар. волі» (15 чал.), арганізатары прадухіленага паліцыяй замаху на імператара Аляксандра III 13 (1 па старым стылі) сак. 1887 («другія першасакавікоўцы»). Паводле суд. працэсу 27.4—1.5.1887 П.​І.​Андрэюшкін, В.​Дз.​Генералаў, В.​С.​Асіпанаў, А.І.Ульянаў, П.​Я.​Шавыроў павешаны, астатнія прыгавораны да катаргі і ссылкі.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНЕ́СКА ((Ionesco) Эжэн) (26.11.1912, г. Слаціна, Румынія — 28.3.1994),

французскі драматург. Член Франц. акадэміі (1970). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1938). З 1938 жыў у Францыі. Першая п’еса «Лысая спявачка» (паст. 1950) — своеасаблівы маніфест т. зв. «тэатра абсурду», У рэчышчы якога напісаны і ўсе наступныя п’есы: «Урок» (паст. 1951), «Крэслы» (паст. 1952), «Амедэй» (1954), «Забойца па прызванні» і «Насарог» (абедзве паст. 1959), «Кароль памірае» (паст. 1962), «Паветраны пешаход» (1963), «Гульні ў забойства» (1970), «Макбет» (1972), «Падарожжа да мерцвякоў» (1981) і інш. Праз абсурдныя сітуацыі, статычнасць персанажаў і дзеяння, унутр. замкнёнасць паказаў адчужанасць, ізаляванасць асобы ў варожым ёй свеце, што вядзе да трагічнай непазбежнасці смерці. Аўтар кн. «Тэатр» (т. 1—5, 1962—74), рамана «Пустэльнік» (1973), эсэ, успамінаў. На бел. мову перакладзена п’еса «Лысая спявачка» (пер. З.​Колас), п’еса «Віват, імператар!» пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Купалы ў 1993.

Тв.:

Бел. пер. — Лысая спявачка // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́НКА (Уладзімір Галакціёнавіч) (27.7.1853, г. Жытомір, Украіна — 25.12.1921),

рускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900, у 1902 адмовіўся ад звання). Вучыўся ў Тэхналагічным (1871—73) і Горным (1877—78) ін-тах у Пецярбургу, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (1874—76) у Маскве. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам ідэй рус. рэв. народнікаў. У 1876—77 у ссылцы ў Кранштаце, у 1879 у Вяцкай губ., у 1881—84 у Якуціі. З 1885 жыў у Н. Ноўгарадзе, з 1896 у Пецярбургу, з 1894 чл. рэдакцыі народніцкага час. «Русское богатство», у 1904—18 (з перапынкамі) яго рэдактар, з 1900 у Палтаве. Друкаваўся з 1878. Жыццё народа. яго духоўнае багацце, неабходнасць яднання інтэлігенцыі з народам — асн. матывы творчасці К. У апавяданнях «Дзіўная» (1880, апубл. 1905), «Забойца», «Сон Макара» (абодва 1885), «Сляпы музыка» (1886, 2-я рэд. 1898), «Марусіна заімка» (1889, апубл. 1899), «Рака гуляе», «Ат-Даван» (абодва 1892), «Агеньчыкі» (1901) і інш. выступаў супраць беззаконня самадзяржаўных улад, раскрыў станаўленне новых рыс нац. характару рус. чалавека. Водгукам на актуальныя з’явы і праблемы грамадска- паліт. жыцця былі яго нарысы «У галодны год» (1893), «Мултанскае ахвярапрынашэнне» (1895—96), «Гомельская судовая драма» (1905), «Сарачынская трагедыя» (1907), «Бытавая з’ява» (1910) і інш. Аповесць «Без языка» (1895, 2-я рэд. 1902, прататып гал. героя — рабочы-беларус) — назіранні пісьменніка ад падарожжа ў Амерыку. Мемуары «Гісторыя майго сучасніка» (кн. 1—4, 1906—22) — маст. летапіс пакалення 1870-х г. Творчасць К. вызначаецца рэалістычнасцю, спалучэннем эпічных і лірычных плыняў, паглыбленым псіхалагізмам, гуманізмам. Перамога чалавечага духа над матэрыяльнай абалонкай — адзін з гал. матываў яго твораў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра рус. пісьменнікаў. Захавалася 6 лістоў К. да А.​В.​Луначарскага ад 1920, у якіх ён выказаў свае рэзка адмоўныя адносіны да Кастр. рэв 1917 і яе вынікаў. Асобныя творы К. тэматычна звязаны з Беларуссю. Быў асабіста знаёмы з Я.​Купалам. Яго творы друкаваліся ў бел. газ. «Наша ніва», у 1920—30-я г. на бел. мове былі выдадзены яго аповесці «Сляпы музыка», «Судны дзень», «Лес шуміць», «Дзеці падзямелля» і інш. У 1922 у т-ры імя Я.​Купалы (БДТ-1) інсцэніраваны яго твор «Лес шуміць». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.​Александровіч, С.​Дарожны, М.​Краўцоў, А Кудравец, К.​Чорны, Я.​Шарахоўскі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1971;

История моего современника. Кн. 1—2. Л., 1976;

Земли! Земли! М., 1991;

Бел. пер. — Апошні прамень: Выбранае. Мн., 1984.

Літ.:

Миронов Г.М. Короленко. М., 1962;

Бялый Г.А. В.​Г.​Короленко. 2 изд. Л., 1983;

Короленко С.В. Книга об отце. Ижевск, 1968.

С.​Ф.​Кузьміна.

У.Г.Караленка.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)