ФРА́НЦЫЯ (France),

Французская Рэспубліка (République Française), дзяржава ў Зах. Еўропе. Мяжуе на ПнУ з Бельгіяй і Люксембургам, на У з Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака, на ПдЗ з Іспаніяй і Андорай. На Пн абмываецца пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш, на З — Біскайскім залівам Атлантычнага ак., на Пд — Міжземным морам. Да Ф. адносяцца в-аў Корсіка, невял. астравы ў Міжземным м. і Біскайскім заліве. Пл. 551 тыс. км². Нас. 60,2 млн. чал. (2002). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Парыж. Краіна падзяляецца на 22 раёны (правінцыі) і 96 дэпартаментаў. У складзе Ф. 4 заморскія дэпартаменты (Гвадэлупа, Гвіяна Французская, Марцініка, Рэюньён), 4 заморскія тэр. (Новая Каледонія, Палінезія Французская, Уоліс і Футуна астравы, Франц. паўднёва-антарктычная тэр.) і 2 тэр. адзінкі (Сен-П’ер і Мікелон, Маёта). Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1958 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 7 гадоў усеагульным і прамым галасаваннем большасцю галасоў паводле мажарытарнай сістэмы. Ён назначае прэм’ер-міністра і членаў урада, старшынствуе ў Савеце міністраў, кіруе узбр. сіламі. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент. Ён складаецца з Нац. сходу (577 дэпутатаў, з іх 555 ад метраполіі, 22 ад заморскіх дэпартаментаў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах паводле мажарытарнай сістэмы, і Сената (321 сенатар з тэрмінам паўнамоцтваў 9 гадоў), які выбіраецца на аснове ўскоснага галасавання (калегія выбаршчыкаў складаецца з дэпутатаў Нац. сходу, абласных, генеральных і муніцыпальных саветнікаў). Кожныя 3 гады склад Сената абнаўляецца на ​1/3. Урад адказны перад парламентам.

Прырода. Берагавая лінія парэзана слаба, толькі на ПнЗ выдаюцца п-авы Брэтань і Катантэн. У рэльефе пераважаюць плоскія і ўзгорыстыя раўніны (каля ​2/3 тэр.). На Пн і ПнЗ размешчана Паўн.-Французская нізіна, на ПдЗ, у бас. р. Гарона, Гаронская (Аквітанская) нізіна, на Пд, уздоўж Ліёнскага зал., раўніна Лангедока. Вузкія палосы раўнін цягнуцца па берагах Роны, Соны, Рэйна. Цэнтр. і паўд. ч. займае Цэнтр. Французскі масіў (выш. да 1886 м, Пюі-дэ-Сансі). Уздоўж мяжы з Германіяй горы Вагезы (выш. да 1423 м) і адгор’і Ардэн, уздоўж мяжы са Швейцарыяй горы Юра (выш. да 1718 м), на ПдУ Зах. Альпы з найвышэйшым пунктам краіны — г. Манблан (4807 м), на ПдЗ паўн. стромкія схілы Пірэнеяў. Рэльеф в-ва Корсіка гарысты (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто). Карысныя выкапні: жал. руда, баксіты, калійная і каменная солі, каменны вугаль, уранавыя руды, невял. запасы прыроднага газу і нафты. Клімат на З марскі, на большай ч. тэр. пераходны ад марскога да кантынентальнага, на ўзбярэжжы Міжземнага м. і на Корсіцы субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. на З і ПдЗ 5—7 °C, на раўнінах і нізкагор’ях 1—3 °C, на Пд 8-10 °C, ліп. адпаведна 16—20 °C, 18—22 °C і 23—24 °C. Ападкаў на З 800-1200 мм, на зах. схілах гор да 2000 мм, на раўнінах 600—800 мм за год.

Рачная сетка густая. Гал. рэкі Луара, Рона, Гарона, Сена, Рэйн (на мяжы з Германіяй) злучаны суднаходнымі каналамі. Горныя рэкі маюць вял. запасы гідраэнергіі (8,9 млн. кВт). Глебы пераважна бурыя лясныя, на Пд карычневыя глебы субтропікаў, у гарах горныя лясныя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам і хмызнякамі каля 27% тэрыторыі. Пераважаюць шыракалістыя лясы з дубу, буку, грабу, каштану. У гарах хвойныя лясы з піхты, елкі, хвоі, лістоўніцы. На Пд хмызняковыя зараснікі маквісу і гарыгі і лясы з вечназялёных дубоў (коркавы, каменны, пушысты), сунічнага дрэва, крушыны вечназялёнай і інш. На З штучныя лясныя насаджэнні з прыморскай хвоі. У складзе жывёльнага свету ў горных раёнах дзікі лясны кот, ліс, барсук, казуля, дзік, серна, горны казёл; з птушак — курапаткі, рабчыкі, бакасы, на Пд — фламінга; шмат паўзуноў і насякомых. У рэках шчупак, акунь, судак, фарэль і інш. Нац. паркі: Экрэн, Севены, Вануаз і інш., шматлікія рэзерваты і заказнікі.

Насельніцтва. Каля 90% — французы. Жывуць таксама эльзасцы, брэтонцы, фламандцы, карсіканцы, каталонцы, баскі; больш за 5 млн. эмігрантаў — алжырцы і выхадцы з інш. б. калоній, іспанцы, туркі, італьянцы і інш. Каля 90% вернікаў католікі; пратэстантаў 2%, іудзеяў 1%, мусульман 1%. Сярэдняя шчыльн. 107,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх. ч. краіны і даліна р. Рона. Гар. насельніцтва 75%. Найб. гарады (тыс. ж., 2000): Парыж (з прыгарадамі 10 150), Марсель (801), Ліён (415), Тулуза (359), Ніца (342), Страсбур (252), Нант (245), Бардо (201). У прам-сці занята 26% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у сферы паслуг — 69%.

Гаспадарка. Ф. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна, якая займае 5-е месца ў свеце па ўзроўні эканам. развіцця. Удзельная вага краіны ў сусв. валавым унутр. прадукце (ВУП) у 2000 склала 3,4%. Эканоміка Ф. спалучае рыначныя падыходы са значным уплывам агульнанац. планавання, наяўнасцю буйнога дзярж. сектара (24% занятых). Дзяржава захоўвае вял. ўплыў ва ўсіх галінах гаспадаркі, валодае большай ч. чыгунак, энергасістэм, з-даў чорнай металургіі, часткі прадпрыемстваў машынабудавання, ваен. комплексу, марскіх партоў, сувязі, тытунёвай прам-сці і інш. У эканоміцы дамінуюць буйныя карпарацыі: «Пежо», «Рэно», «Сітраэн» (аўтамаб.), «Томсан» (электроніка), «Аэрапасьяль» (самалёта- і ракетабудаванне), «Эль Аквітан» (здабыча і перапрацоўка нафты) і інш., ВУП у 1999 склаў 23,9 тыс. дол. на 1 чал. У структуры ВУП на долю прам-сці прыпадае 26,1%, сельскай гаспадаркі — 3,3%, сферы паслуг — 70,6%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займаюць паліўна-энергет. комплекс, машынабудаванне і хім. прам-сць. Ф. слаба забяспечана паліўнымі рэсурсамі — каля 50% паліва імпартуецца. Вял. значэнне надаецца атамнай энергетыцы, якая выкарыстоўвае ўласную сыравіну; 50 атамных энергаблокаў. Найб. ў Зах. Еўропе з-д па абагачэнні урану ў г. Трыкастэн. Здабыча урану 317 т (2000). Вытв-сць электраэнергіі 508 млрд. кВт∙гадз (2000), у т. л. 76,2% на АЭС, 12,5% на ГЭС. 10,8% на ЦЭЦ. Выкарыстоўваюцца нетрадыц. віды энергіі — прыліўныя і сонечныя электрастанцыі. Здабыча (млн. т, 1999): нафты 1,9, каменнага вугалю 5, бурага вугалю 5,4; прыроднага газу 7,7 млрд. м³.

Развіты металургічны комплекс. З-ды па выплаўцы чорных металаў у Латарынгіі і прыморскіх гарадах Дзюнкерк, Фос, ферасплаваў і алюмінію — у горных раёнах, каля ГЭС. На імпартуемай сыравіне працуюць з-ды па вытв-сці свінцу і цынку (Нуаель-Гадо, Ліён). Вытв-сць чыгуну 13,9 млн. т, сталі 20,1 млн. т, алюмінію 669 тыс. т. На долю машынабудавання прыпадае каля 40% занятых і 40% кошту прамысл. прадукцыі. Ф. адна з вядучых краін свету па вытв-сці і экспарце машын і абсталявання. Гал. галіны спецыялізацыі: вытв-сць авіяц. і касм. тэхнікі, аўтамабіляў (каля 3 млн. шт. штогод, у т. л. 1,5 млн. шт. на экспарт), скарасных цягнікоў, суднаў. абсталявання для атамных электрастанцый, зброі, станкоў, ЭВМ, электрапрылад, быт. тэхнікі і інш. Асн. цэнтры: ракетна-касм. прам-сці — Тулуза; авіяц. — Парыж, Марсель, Тулуза, Бардо, Нант; аўтамаб. — Парыж, Ліён, Манбельяр; суднабуд. — Сен-Назер, Ла-Сен, Дзюнкерк, Марсель, Гаўр; ваен. — Сент-Эцьен, Парыж; электроннай і радыётэхн. — Парыж, Ліён, Ле-Крэзо. Тулуза, Грэнобль і інш. Ф. — адна з найб. у свеце краін па вытв-сці хім. і нафтахім. прадукцыі. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў гарадах Марсель, Гаўр, Руан, Бардо, Ліён, Страсбур, Дзюнкерк. Вытв-сць (млн. т, 1999): азотных угнаенняў — 2,5 (Латарынгія, Марсель), калійных — 1,33 (Эльзас), фосфарных — 1, сернай к-ты — 2,2, фарбавальнікаў, гумава-тэхн. вырабаў, шын. Ф. вядома ў свеце сваёй тонкай хіміяй — фармацэўтыкай і парфумерыяй (Парыж, Грас). Традыцыйна развіта тэкст. прам-сць: шарсцяная, ільняная, джутавая (Рубэ, Туркуэн, Арманцьер, Ліль, Антэ, Страсбур і інш.), баваўняная (Мюлуз, Эпіналь), шаўковая (Ліён, Безансон), трыкат. (Парыж, Труа, Рубэ). Вытв-сць абутку каля 109 млн. пар штогод (Парыж, Лімож). Ф. — гал. заканадаўца мод у свеце; гал. цэнтр швейнай і галантарэйнай прам-сці — Парыж. З галін харч. прам-сці вылучаюцца вытв-сць алею (1,1 млн. т), цукру (4,3 млн. т), кухоннай солі (4,1 млн. т), Макароны (285 тыс. т), маргарыну (136 тыс. т), мясной, малочнай прадукцыі (Каля 400 гатункаў сыру), віна, каньяку, шампанскага, лікёраў. Па аб’ёме экспарту харч. прадукцыі Ф. займае 2-е месца ў свеце (пасля ЗША). Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту (19,5 млн. т).

Па аб’ёме вытв-сці прадукцыі сельскай гаспадаркі Ф. належыць 3-е месца ў свеце і 1-е месца ў Еўропе. Каля ​1/3 с.-г. прадукцыі экспартуецца. Асн. частку прадукцыі вырабляюць буйныя гаспадаркі (пл. 40—100 га). Ворных зямель 18,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі 9,8 млн. га. Гал. збожжавую культуру — пшаніцу (53,3% пл.) — вырошчваюць пераважна ў межах Паўн.-Французскай і Гаронскай нізін; кукурузу (18%) — на Пд краіны, ячмень (16,5%) і авёс — у цэнтр. раёнах, рыс — у даліне р. Рона. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі, сланечнік, рапс, лён, хмель, тытунь. Бульбаводства ў межах Паўн.-Французскай нізіны, агародніцтва — у далінах Роны, Луары, Гароны, кветкаводства — у раёне Ніцы. Вінаградарства (раёны Лангедока, Бардо, Шампань, Эльзаса, даліна Луары). Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, цытрусавыя). Збор (млн. т, 1999): збожжа — 71,1, у т. л. пшаніцы — 39,9; цукр. буракоў — 31,4, сланечніку — 2,2, рапсу — 3,5, бульбы — 6,2, агародніны — 7,8, вінаграду — 7, яблыкаў — 2,2. Пад пашай і сенажацямі 10,8 млн. га. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлу (20,4), свіней (15,4), авечак і коз (11,4). Вытв-сць малака 24,5 млн. т, мяса ў забойнай вазе 6,6. Птушкагадоўля. Развіта марское рыбалоўства і развядзенне вустрыц. Улоў рыбы 830 тыс. т (1999). Гал. рыбалавецкія парты: Булонь, Лар’ян, Ла-Рашэль.

Ф. мае самую буйную ў Еўропе чыг. сетку. Даўж. чыгунак 31,9 тыс. км, у т. л. 14,2 тыс. км электрыфікавана, ёсць скарасныя магістралі. Даўж. аўтадарог 893,3 тыс. км, у т. л. 10,3 тыс. км скарасных. Даўж. водных шляхоў 14,9 тыс. км, газаправодаў 24,7 тыс. км, нафтаправодаў 4,5 тыс. км, прадуктаправодаў 3 тыс. км. 267 аэрапортаў. Грузаабарот 54,5 млрд. ткм (1999), на долю чыг. транспарту прыпадае 10%, аўтамаб. — 23,9%, трубаправоднага — 4,4, рачнога — 1,2%, паветранага — 0,9, марскога — 59,6%. Гал. марскія парты: Марсель, Тулон, Гаўр, Дзюнкерк, Руан, Кале, Бардо. Ф. належыць 5,1% сусв. гандл. абароту. Экспарт (300,2 млрд. дол., 1999) машын і трансп. абсталявання, авіятэхнікі і ўзбраення, хім., с.-г. прадукцыі, тэкстылю, адзення, парфумерыі. Імпарт (289 млрд. дол., 1999) нафты, прыроднага газу, сыравіны, машын і інш. Асн. гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, Італія, Бельгія. Люксембург, ЗША, Іспанія. Гандл. тавараабарот Ф. і Беларусі ў 2001 склаў 127,5 млн. долараў. Ф. набывае на Беларусі лесаматэрыялы, халадзільнікі і маразільнікі, вырабы з пластмасы, мэблю. Беларусь атрымлівае з Ф. лекі, машыны і абсталяванне, інсектыцыды і гербіцыды, тканіны, абсталяванне для сувязі, парфумерыю. Ф. — краіна развітой турыстычнай індустрыі. Курортныя зоны: Блакітны бераг (Ніца, Кан, Сен-Трапез), бераг Паўн. м., на ПдЗ Атлантычнага ўзбярэжжа, Праванс, Альпы. Даход ад турызму ў 1999 склаў 31,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — еўра.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (273,7 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (жандармерыя) каля 95 тыс. чал. (2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск; ВПС і ВМС. У сухап. войсках 150 тыс. чал., 809 танкаў, каля 1,5 тыс. баявых развед. машын. 600 баявых машын пяхоты, 3,9 тыс. бронетранспарцёраў, 794 гарматы палявой артылерыі, 363 мінамёты, больш за 2 тыс. процітанк. кіроўных ракет, 124 зенітныя ракетныя комплексы, 410 верталётаў, у т. л. 262 баявыя, і інш. У ВПС 63 тыс. чал., 473 баявыя самалёты, 60 зенітных ракетных батарэй і інш. У ВМС 45,6 тыс. чал., у т. л. 3,5 тыс. чал. у марской авіяцыі і 1,7 тыс. чал. у марской пяхоце, 10 атамных падводных лодак, у т. л. 4 з балістычнымі ракетамі, 13 эсмінцаў, 20 фрэгатаў, 16 мінна-тралавых караблёў, 18 дэсантных караблёў, 37 патрульных катэраў, 126 самалётаў, 110 верталётаў і інш.

Гісторыя. Чалавек пачаў засяляць тэр. Ф. ў раннім палеаліце. Прыкладна з 1600 да н.э. больш за тысячу гадоў адбывалася яе каланізацыя індаеўрап. плямёнамі кельтаў. Рымляне наз. іх галамі, адсюль стараж. назва Ф. — Галія. У ант. перыяд на ПдУ Ф. жылі лігуры, якіх асімілявалі галы. У 7—6 ст. да н.э. тут засноўвалі свае калоніі фінікійцы і грэкі. На Пд жылі пераважна іберы. Найважн. ролю ў этнагенезе франц. народа адыгралі галы. У 2—сярэдзіне 1 ст. да н.э. Галію заваявалі рымляне, якія панавалі тут каля 500 гадоў. За гэты час галы моцна раманізаваны. У 2 ст. н.э. ў гарадах Паўд. Галіі з’явіліся першыя хрысц. абшчыны, якія пачалі (асабліва з 4 ст.) выцясняць язычніцкія культы. У сярэдзіне 3 ст. на ПнУ Галіі з’явіліся герм. плямёны франкаў, ад якіх і паходзіць назва «Ф.». Пасля падзення Зах. Рым. імперыі (476) кароль салічаскіх (прыморскіх) франкаў Хлодвіг I [481—511) з роду Меравінгаў да 508 заваяваў б.ч. Галіі і стварыў Франкскую дзяржаву, межы якой пашырылі яго пераемнікі. У 496 Хлодвіг і 3 тыс. яго дружыннікаў прынялі хрысціянства зах. абраду (пазней аформілася ў каталіцтва). Франкская дзяржава лічыцца непасрэднай папярэдніцай дзяржавы Ф. Найвыш. росквіту яна дасягнула пры Карле Вялікім [768—814, з 800 імператар] з дынастыі Каралінгаў. Створаная ім імперыя займала б.ч. Зах. Еўропы. У працэсе яе распаду, аформленага Вердэнскім дагаворам 843, вылучылася Зах.-Франкскае каралеўства, якое фактычна паклала пачатак існаванню сучаснай дзяржавы Ф. (тэрмін «Ф.» вядомы з 6 ст.). Неўзабаве тэр. Франц. каралеўства павялічылася за кошт зямель Сярэдняфранкскага каралеўства. У 10—13 ст. феадалізм канчаткова перамог папярэднія сац.-эканам. структуры і дасягнуў росквіту. У гэты час каралеўства фактычна складалася з амаль самаст. феад. княстваў, герцагстваў і графстваў. Гэта замаруджвала, але не спыняла прагрэс сельскай гаспадаркі, рост гарадоў, гандлю. У 13 ст. пачалося вызваленне сялян ад асабістай залежнасці. У 1302 склікана першае саслоўнае прадстаўніцтва — Генеральныя штаты.

У 14 ст. ў Ф. насталі цяжкія часы: Стогадовая вайна 1337—1453; эпідэмія чумы, якая знішчыла трэць насельніцтва; нар. паўстанні (Парыжскае паўстанне 1357—58, Жакерыя 1358 і інш.); феад. анархія; паліт. крызісы. Аднак працавітасць народа, умацаванне капіталіст. вытв-сці і цэнтр. улады выратавалі краіну ад разбурэння. Асновы абсалютызму ў Ф. заклаў кароль Людовік XI [1461—83] з дынастыі Валуа, у 16 ст. яго фарміраванне ў асн. завяршылася. Абсалютызм умацаваўся пасля рэлігійных войнаў 1562—98 і дасягнуў свайго апагею пры Людовіку XIV [1643—1715] з дынастыі Бурбонаў. Важную ролю ў вызначэнні дзярж. палітыкі ў гэты час адыгралі першыя міністры кардыналы А.Ж.Рышэльё і Дж.Мазарыні. У 15—17 ст. Ф. вяла напружаную ваен. і дыпламат. барацьбу з аўстр. і ісп. Габсбургамі за ўмацаванне свайго ўплыву і заваяванне новых тэрыторый у Зах. Еўропе. Найбуйнейшымі ваен. канфліктамі таго часу з удзелам Ф. былі італьянскія войны 1494—1559 і Трыццацігадовая вайна 1618—48. У іх выніку Ф. авалодала латарынгскімі біскупствамі Мец, Туль, Вердэн і Эльзас (без г. Страсбур). У 2-й пал. 17 ст. Ф. пачала барацьбу за ўсталяванне сваёй гегемоніі ў Зах. Еўропе. Аднак вынікам шматлікіх войнаў з Нідэрландамі і Габсбургамі стала далучэнне толькі шэрагу невял. тэрыторый і г. Страсбур. Зацяжная і няўдалая для Ф. вайна за іспанскую спадчыну (1701—14) знясіліла яе дзярж. фінансы. У час праўлення Людовіка XV [1715—74] прэстыж абсалютызму моцна падарваны няўдалым для Ф. зыходам вайны за польскую спадчыну (1733—35) і Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой былі страчаны паўн.-амер. і значная ч. інд. калоній.

З 16 ст. эканоміка Ф. развівалася на капіталіст. аснове і, нягледзячы на часовыя спады, да 2-й пал. 18 ст. дасягнула значных поспехаў. Феад. лад паступова слабеў, а пазіцыі буржуазіі ўзмацняліся. Інтарэсы розных пластоў буржуазіі адлюстроўвалі буйныя пісьменнікі, філосафы і палітолагі — прадстаўнікі найб. моцнай у Еўропе ідэйнай плыні — франц. Асветніцтва: Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, Д.Дзідро, Ж.Ж.Русо і інш. Аб’яднаныя думкай пра недасканаласць франц. грамадства, яны прапаноўвалі палепшыць яго арганізацыю шляхам пераважна мірных, але рэв. па сваёй сутнасці рэформ. Асветнікі адстойвалі свабоду прадпрымальніцтва і патрабавалі паліт. роўнасці трэцяга саслоўя з дваранамі і духавенствам. Абвешчаныя імі заклікі свабоды, роўнасці і братэрства ўзяты на ўзбраенне дзеячамі Французскай рэвалюцыі 1789—99. У час рэвалюцыі здзейснены шэраг глыбокіх пераўтварэнняў у эканам. і паліт. сферах: звяржэнне манархіі, абвяшчэнне Першай рэспублікі (1792—1804) і ўсталяванне панавання буржуазіі ў эканоміцы і палітыцы. У выніку дзярж. перавароту васемнаццатага брумера (ліст. 1799) 1-м консулам, а фактычна дыктатарам Ф. стаў ген. Напалеон Банапарт (гл. Напалеон I). У 1804 ён абвешчаны імператарам. У час Напалеонаўскіх войнаў 1799—1815 Франц. імперыя падпарадкавала і паставіла ў залежнасць ад сябе амаль усю Еўропу, але ў 1813—15 была пераможана арміямі краін антыфранц. кааліцыі і спыніла існаванне (гл. Венскі кангрэс 1814—15). Ф. ўступіла ў перыяд Рэстаўрацыі 1814—15, 1815—30, калі ўлада зноў належала каралям з дынастыі Бурбонаў — Людовіку XVIII [1814—15, 1815—24] і Карлу X [1824—30], Гэта быў рэжым канстытуцыйнай манархіі з моцна абмежаваным выбарчым правам. Заканад. ўлада належала Палаце дэпутатаў. Спробы Карла X адрадзіць у Ф. дарэв. феадальна-абсалютысцкія парадкі прывялі да Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 і ўстанаўлення ў Ф. ліпеньскай манархіі на чале з прадстаўніком Арлеанскага дома (малодшая галіна Бурбонаў, род нашчадкаў брата Людовіка XIV герцага Філіпа Арлеанскага) каралём Луі Філіпам [1830—48], Пры ім рэальная ўлада належала вузкай праслойцы фін. арыстакратыі, абвешчаныя дэмакр. свабоды ўвесь час парушаліся. Гэта выклікала пратэсты ўсіх інш. пластоў грамадства, у т. л. прамысл. буржуазіі. Палітыку ўрада крытыкавалі розныя паліт. сілы — банапартысты і легітымісты (прыхільнікі Бурбонаў), бурж. лібералы і дробнабурж. дэмакраты, сацыялісты і камуністы. Нават сярод арлеаністаў былі прыхільнікі пашырэння выбарчага права. У гэты перыяд адбыліся рабочыя Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, ўзбр. паўстанні 1832 і 1839 у Парыжы з мэтай аднаўлення рэспублікі.

Агульная незадаволенасць прывяла да рэвалюцыі 1848 у Францыі, у выніку якой Луі Філіп скінуты і ўсталявана Другая рэспубліка. У адпаведнасці з канстытуцыяй 1848 прэзідэнтам Ф. 10.12.1848 выбраны пляменнік Напалеона I манархіст Луі Напалеон Банапарт. 2.12.1851 ён здзейсніў дзярж. пераварот, распусціўшы Заканад. сход, а 2.12.1852, паводле вынікаў інсцэніраванага ім плебісцыту, абвешчаны імператарам пад імем Напалеона III [1852—70]; Ф. ўступіла ў перыяд другой імперыі. Паводле канстытуцыі 1852 заканад. ўлада належала Заканад. корпусу, захоўвалася абвешчанае рэвалюцыяй 1848 усеагульнае выбарчае права, але фактычна ўся рэальная ўлада належала імператару. Пры Напалеоне III Ф. ўдзельнічала ў Крымскай вайне 1853—56 супраць Расіі, у аўстра-італа-французскай вайне 1859 на баку Сардзінскага каралеўства, за што атрымала ад яго Савою і Ніцу, у Мексіканскай экспедыцыі 1861—67, у англа-франка-кітайскай вайне 1856—60, пашырала свае калан. ўладанні ў Афрыцы і Азіі. Буйное паражэнне пацярпела Ф. ў франка-прускай вайне 1870—71; Напалеон III трапіў у палон і ў выніку Вераснёўскай рэвалюцыі 1870 быў скінуты. У Ф. ўсталявалася Трэцяя рэспубліка (1870—1940). Бедствы вайны і непапулярная палітыка ўрада выклікалі ў Парыжы новую рэвалюцыю (гл. Парыжская камуна 1871). Паводле Франкфурцкага міру 1871 Ф. вымушана была аддаць Герм. імперыі Эльзас і ч. Латарынгіі, абавязалася выплаціць 5 млрд. франкаў кантрыбуцыі. У 1875 прынята канстытуцыя, якая аформіла бурж.-дэмакр. парламенцкі дзярж. лад.

У 1860-я г. ў Ф. адбыўся прамысловы пераварот і ўзніклі новыя галіны прам-сці (найперш машынабудаванне). Яна заставалася адной з найб. эканамічна развітых краін свету, па паказчыках прамысл. вытв-сці займала 4-е (пасля ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі) месца ў свеце. Прычынамі яе адноснага адставання былі страты ў выніку франка-прускай вайны, ліхвярскі характар франц. капіталізму, вял. колькасць малаэфектыўных дробных прадпрыемстваў і дробных сял. гаспадарак. У паліт. жыцці краіны ўдзельнічала вял. колькасць паліт. партый, што прадвызначала кааліцыйны характар урадаў і іх частую змену. Важным фактарам унутр. палітыкі стаў рабочы і сацыяліст. рух, уплыў на які аказвалі прыхільнікі рэв. марксізму, рэфармізму, анарха-сіндыкалізму, ідэй Д.А.Бланкі і інш. У 1879—80 створана марксісцкая Рабочая партыя (1880—1901). Важнымі падзеямі грамадска-паліт. жыцця 1880—90-х г. былі скандал вакол будаўніцтва Панамскага канала (гл. «Панама») і т.зв. «Справа Дрэйфуса» 1894—99 (ілжывае абвінавачанне афіцэра Ген. штаба яўрэя А.​Дрэйфуса ў шпіянажы на карысць Германіі), якія раскалолі франц. грамадства. У 1905 у выніку аб’яднання розных сацыяліст. партый і груп утварылася Франц. секцыя Рабочага Інтэрнацыянала (СФІО; Section Française de L’Internationale Ouvrière). Да пач. 20 ст. ў асн. завершана стварэнне франц. калан. імперыі, якая па сваіх памерах (10 млн. км², 50 млн. жыхароў) была 2-й у свеце пасля брытанскай. Гал. знешнепаліт. задачай Ф. канца 19-пач. 20 ст. было вяртанне страчаных у выніку франка-прускай вайны Эльзаса і Латарынгіі. Абвастрэнне франка-герм. супярэчнасцей у пач. 20 ст. падштурхнула Ф. да збліжэння з Вялікабрытаніяй, вынікам чаго стала стварэнне ў 1904—07 Антанты.

1.8.1914 Ф. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну, яе тэр. была гал. арэнай ваен. дзеянняў на Зах. фронце. У выніку загінула 1,3 млн. чал., эканам. страты склалі 134 млрд. залатых франкаў. Аднак перамога ў вайне дазволіла Ф. вярнуць эканам. развітыя Эльзас і Латарынгію, атрымаць ад Германіі 8 млрд. залатых марак рэпарацый і 15 гадоў карыстацца вугальнымі шахтамі Саара. Гэта садзейнічала яе эканам. ўздыму ў 1924—30 і ператварэнню ў індустр.-агр. краіну. У 1919—20 адбыліся масавыя нар. выступленні, выкліканыя цяжкасцямі першых пасляваен. гадоў. У снеж. 1920 на базе радыкальнага крыла СФІО створана Франц. камуніст. партыя (ФКП). У 1920 паліт. сітуацыя стабілізавалася, але адсутнасць у шматлікіх паліт. партый выразных праграм і частая змена імі сваіх пазіцый абумовілі нетрываласць ствараемых імі ўрадавых кааліцый (у 1920—30 змянілася 20 урадаў). У 1920-я г. ў паліт. жыцці Ф. дамінавалі 2 групоўкі правых партый: Дэмакр. альянс і Рэсп. федэрацыя. Яны ў кааліцыі з левацэнтрысцкай партыяй радыкал-сацыялістаў кіравалі краінай у 1919—24 (Нац. блок) і 1926—29 (урад «нац. яднання»), у 1924—26 — Левы блок (СФІО і радыкал-сацыялісты), які хутка распаўся. У 1930 Ф. ахапіў не вельмі глыбокі, але зацяжны эканам. крызіс (у 1932—38 аб’ём вытв-сці і знешняга гандлю быў ніжэй за даваен. ўзровень, а дзяржбюджэт — дэфіцытны). Крызіс узмацніў паліт. нестабільнасць (у 1930—33 змянілася 12 урадаў). Гэта скарысталі арг-цыі фаш. тыпу, якія ў лют. 1934 зрабілі няўдалую спробу разагнаць парламент. Пагроза дыктатуры садзейнічала аб’яднанню левых і дэмакр. арг-цый, якія стварылі ў 1935 кааліцыю Народны фронт (СФІО, радыкал-сацыялісты, камуністы і інш.), які кіраваў краінай у 1936—38. Міжнар. пазіцыі Ф., што ўмацаваліся ў першыя пасляваен. гады, у 1920-я г. аслабелі, асабліва пасля Лакарнскай канферэнцыі 1925. У 1930-я г. цэнтр. месца ў знешняй палітыцы Ф. заняло пытанне прадухілення новай герм. агрэсіі. Ф. ўдзельнічала ў распрацоўцы Келага—Брыяна пакта 1928, у 1934 змагалася за заключэнне «Усходняга пакта», у 1935 заключыла дагавор аб узаемадапамозе з СССР. Яна адначасова прытрымлівалася курсу на «супакаенне» краін-агрэсараў і ўмацоўвала мяжу з Германіяй.

3.9.1939 Ф. ўступіла ў 2-ю сусв. вайну, якая склалася для яе няўдала (гл. Французская кампанія 1940). 22.6.1940 Ф. падпісала з Германіяй Камп’енскае перамір’е, паводле ўмоў якога Германія акупіравала паўн. і зах. часткі краіны, а на Пд Ф. (таксама акупіраваны ў ліст. 1942) была створана марыянетачная дзяржава са сталіцай у г. Вішы на чале з маршалам А.Ф.Петэнам. У Ф. разгарнуўся рух Супраціўлення, удзельнікі якога ў маі 1943 стварылі Нац. савет Супраціўлення ў складзе 16 партый. Па-за межамі краіны дзейнічала створаная 18.6.1940 арг-цыя «Свабодная Францыя» на чале з ген. Ш. дэ Голем (з чэрв. 1942 — «Змагарная Францыя»), 3.6.1943 усе плыні Супраціўлення сфарміравалі Французскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ФКНВ), дзе кіруючую ролю адыгрываў дэ Голь. 6.6.1944 на Пн Ф. высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944), якія разам з атрадамі Супраціўлення (гл. Парыжскае паўстанне 1944) да канца 1944 вызвалілі краіну. Улада перайшла да Часовага ўрада на чале з дэ Голем, а пасля выбараў ва Устаноўчы сход (кастр. 1945) краіну ўзначаліла трохпартыйная кааліцыя ў складзе ФКП, СФІО і хрысц.-дэмакр. партыі Нар.-рэсп. рух (МРП). Урад да студз. 1946 узначальваў дэ Голь. Пасля адстаўкі ён стварыў у 1947 сваю партыю Аб’яднанне франц. народа (РПФ), якая стала гал. правай партыяй і змагалася за ўстанаўленне ў краіне моцнай прэзідэнцкай улады. Прынятая 13.10.1946 новая канстытуцыя Ф. ўсталявала ў краіне парламенцкі рэжым і паклала пачатак Чацвёртай рэспубліцы, у часы якой франц. ўрады ўзмацнілі дзярж. рэгуляванне эканомікі і павялічвалі сац. выдаткі. Такая палітыка і дапамога паводле Маршала плана дазволілі ў 1948 дасягнуць даваен. ўзроўню вытв-сці, а ў 1957 — удвая пераўзысці яго. У знешняй палітыцы 4-я Рэспубліка арыентавалася на ЗША і актыўна змагалася за інтэграцыю зах.-еўрап. краін (з 1949 чл. НАТО, з 1948 — Зах. Саюза) з мэтай умацавання сваіх аслабелых пазіцый у Еўропе. Гэты перыяд вызначаўся паліт. нестабільнасцю.

У маі 1947 ФКП выведзена з урадавай кааліцыі за адмову прыняць план Маршала. У 1947—51 краінай кіравала кааліцыя «3-й сілы» (СФІО, МРП, радыкал-сацыялісты), у 1951—55 — правацэнтрысцкая кааліцыя (МРП, радыкал-сацыялісты, незалежныя рэспубліканцы), у 1956—58 — кааліцыя Рэсп. фронт (СФІО, Партыя радыкалаў і інш.). Усяго за гады 4-й Рэспублікі змяніўся 21 урадавы кабінет. Унутрыпаліт. нестабільнасць рэзка абвастрылася ў сувязі з алжырскай праблемай. З 1954 Ф. вяла зацяжную і беспаспяховую вайну з вызв. рухам у Алжыры, дзе пастаянна пражывала каля 1 млн. французаў. Чуткі пра намер улад даць Алжыру незалежнасць выклікалі 13.5.1958 мяцеж франц. пасяленцаў у Алжыры, якія патрабавалі стварыць урад «моцнай рукі» на чале з дэ Голем. 1.6.1958 дэ Голь стаў прэм’ер-міністрам і атрымаў права на перагляд канстытуцыі. Ён адразу распусціў парламент (канец 4-й Рэспублікі). 13.10.1958 прынята канстытуцыя Пятай рэспублікі, якая моцна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта і ўсталявала ў краіне прэзідэнцка-парламенцкі рэжым. Гэта дало Ф. неабходную паліт. стабільнасць. Прэзідэнтам краіны ў 1958—68 быў дэ Голь, а ў парламенце на працягу 1960-х г. дамінавала кааліцыя галісцкай партыі Саюз за новую рэспубліку і групы «незалежных рэспубліканцаў» на чале з В.Жыскар д’Эстэнам. Дэ Голь вярнуў Ф. статус вял. дзяржавы: у 1960 краіна ўвайшла ў «ядзерны клуб», у 1960-я г. стала паліт. лідэрам Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС), у 1966 выйшла з ваен. арг-цыі НАТО і праводзіла незалежную знешнюю палітыку. Курс дэ Голя на ўзмацненне дзярж. рэгулявання дазволіў паскорыць эканам. развіццё і мадэрнізацыю. У 1950-60-я г. абсалютная большасць франц. калоній атрымала незалежнасць, але Ф. захавала з імі цесныя эканам. і паліт. сувязі (гл. Супольніцтва). У пач. 1970-х г. Ф. выйшла на 4-е месца ў капіталіст. свеце па эканам. развіцці і стала 2-м пасля ЗША экспарцёрам харчавання. Нягледзячы на дасягненні ў маі—чэрв. 1968 краіна была паралізавана хваляй студэнцкіх дэманстрацый, рабочых забастовак і выступленняў сялян, выкліканых палітыкай і аўтарытарна-тэхнакратычным стылем кіравання дэ Голя. У 1969 дэ Голь пайшоў у адстаўку. У 1969—74 прэзідэнтам быў Ж.Пампіду. У 1971 на базе СФІО утварылася Французская сацыялістычная партыя (ФСП).

У 1974—86 эканоміка Ф. перажывала крызіс: вытв-сць не развівалася, скарачаліся інвестыцыі, інфляцыя была адной з самых высокіх у Еўропе, беспрацоўе вырасла ў 8 разоў і ў 1985 дасягнула 9,1% актыўнага насельніцтва. Галісцкі рух у 1974 страціў пасаду прэзідэнта (ім стаў В.​Жыскар д’Эстэн), у 1976 — прэм’ер-міністра. Новы лідэр галістаў Ж.Шырак у снеж. 1976 рэарганізаваў рух і стварыў партыю Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі (АПР), якая разгарнула крытыку прэзідэнта. У адказ Жыскар д’Эстэн у 1978 стварыў Саюз за франц. дэмакратыю (СФД) — блок 3 правацэнтрысцкіх партый. Паміж АПР і СФД пачалася барацьба за ўладу. Левыя партыі ў 1972 стварылі кааліцыю Саюз левых сіл у складзе ФСП, ФКП і Руху левых радыкалаў. У 1978 гэтая кааліцыя распалася. Аднак на прэзідэнцкіх выбарах 1981 левыя партыі выставілі адзінага кандыдата — лідэра ФСП Ф.Мітэрана, які перамог і заставаўся прэзідэнтам да 1995. У 1981—82 кааліцыйны левы ўрад пашырыў дзяржрэгуляванне і павялічыў сац. выдаткі, але з 1983 ва ўмовах паглыблення эканам. крызісу праводзіў неаліберальныя мерапрыемствы («замарожванне» зарплаты і сац. выдаткаў, зніжэнне падаткаў на прыватны сектар). У 1984 камуністы выйшлі з урада. На парламенцкіх выбарах 1986 перамагла правая кааліцыя АПР—СФД. У 1986—87 урад Ж.​Шырака правёў радыкальныя неаліберальныя рэформы, якія спрыялі эканам. уздыму 1988—90. Незадаволенасць французаў радыкалізмам рэформ прывяла ў 1988 да перавыбрання Мітэрана і перамогі ФСП на датэрміновых парламенцкіх выбарах. Няздольнасць ФСП пераадолець крызіс 1990-94 стала прычынай перамогі правай кааліцыі на парламенцкіх выбарах 1993 і выбрання ў 1995 прэзідэнтам Ж.​Шырака.

У 1993—97 правыя ўрады працягвалі неаліберальныя рэформы і завяршылі структурную рэформу эканомікі, што паспрыяла эканам. ўздыму Ф. ў 1997—2000. Скарыстаўшы незадаволенасць насельніцтва аўтарытарна-тэхнакратычнымі метадамі рэфармавання, левая кааліцыя (ФСП, ФКП, левыя радыкалы, «зялёныя», Рух грамадзян) перамагла на парламенцкіх выбарах 1997. Яе ўрад на чале з Л.​Жаспэнам працягваў распачатыя правымі эканам. рэформы і імкнуўся адаптаваць грамадства да постіндустр. фазы. Скарыстаўшы недаацэнку левымі праблемы бяспекі, якая абвастрылася пасля знішчэння тэрарыстамі будынкаў сусв. гандл. цэнтра ў Нью-Йорку (11.9.2001), правыя партыі перамаглі на парламенцкіх выбарах 2002, прэзідэнтам зноў выбраны Ж.​Шырак. У знешняй палітыцы 1980—90-х г. Ф. засяродзіла ўвагу на пытаннях еўрап. інтэграцыі, імкнучыся захаваць лідзіруючае становішча ў Аб’яднанай Еўропе. З 1980-х г. яна не супраціўлялася росту паўнамоцтваў наднац. структур ЕЭС і расшырэнню Еўрапейскага Саюза. З мэтай паслабіць уплыў ЗША у НАТО у 1990 выступіла з ідэяй стварэння агульнаеўрап. узбр. сіл, у 1996 вярнулася ў ваен. арг-цыю НАТО. Пры гэтым яна ў 1980-90-я г. працягвала прагматычную знешнюю палітыку і займала асобую пазіцыю па шэрагу міжнар. праблем. У 1990-я г. Ф. актывізавала супрацоўніцтва з краінамі Азіі і Лацінскай Амерыкі, у якіх бачыла добры рынак збыту для сваіх тавараў. Ф. — чл. ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш. міжнар. паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі, Франц. сацыяліст. партыя, Саюз за франц. дэмакратыю, Ліберальная дэмакратыя (раней Рэсп. партыя), Дэмакр. сіла, Франц. камуніст. партыя, Радыкальная сацыяліст. партыя, «Зялёныя», Нац. фронт і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Франц. дэмакр. канфедэрацыя працы, Федэрацыя нац. адукацыі і інш.

Ахова здароўя. Паводле ацэнкі Міжнар. арг-цыі аховы здароўя, Ф. мае лепшую ў свеце сістэму аховы здароўя. Высокая якасць мед. абслугоўвання, сац. страхаванне, суадносіны стану здароўя сярод розных слаёў насельніцтва адпавядаюць сусв. стандартам (напр., расходы на лек. сродкі на душу нас. — 1869 долараў у год, 2001). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75, жанчын 83 гады (2001). Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,3%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 343 чал. Дзіцячая смяротнасць — 4 на 1 тыс. нованароджаных (2001).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Ф. вызначаецца высокай цэнтралізаванасцю, падпарадкавана Мін-ву нац. адукацыі, вышэйшай школы, навукі і прафес. інтэграцыі. Уключае дашкольныя, агульнаадук. ўстановы і ВНУ. Існуюць дзярж. і прыватныя (пераважна рымска-каталіцкія) навуч. ўстановы. Абавязковае навучанне пачынаецца з 6-гадовага ўзросту і працягваецца 10 гадоў. Пач. адукацыя (да 11 гадоў) — 1-я ступень школьнай сістэмы; сярэдняя (да 15-гадоў) дае базавую адукацыю для набыцця прафесійнай, якая ажыццяўляецца ў ліцэях, агульнаадук. і тэхн. калежах. Далейшая сярэдняя адукацыя набываецца ў ліцэях; пасля заканчэння навучання ў іх (13 гады) выдаецца дыплом бакалаўра. Пасля заканчэння поўнай сярэдняй адукацыі навучэнцы маюць права паступлення ва ун-т без экзаменаў. Асн. тыпы ВНУ — ун-ты, універсітэцкія тэхнал. ін-ты, інж. школы, вышэйшыя пед. школы, універсітэцкія ін-ты па падрыхтоўцы выкладчыкаў (пераважна дзяржаўныя) і прыватныя прафес. школы. У сістэме ВНУ асн. роля належыць ун-там (у 2002 іх каля 90). Навучанне ва ун-це мае 3 узроўні: 1-ы двухгадовы (з выдачай дыплома аб атрыманні агульнай універсітэцкай адукацыі); 2-гі з паглыбленай агульнанавук. і прафес. падрыхтоўкай (з выдачай дыплома ліцэнцыята пасля 1-га года навучання, дыплома метрыз пасля 2-га года навучання, дыплома магістра пасля 3-га года навучання); 3-і з высокім узроўнем падрыхтоўкі кадраў у галіне навук. даследаванняў (пасля 1-га года навучання дыплом аб вышэйшай спец. адукацыі, пасля 2-га года навучання дыплом аб паглыбленай універсітэцкай адукацыі, які дазваляе прадоўжыць вучобу ў дактарантуры). Найб. ун-ты: Парыжскі універсітэт, Тулузкі (з 1229), Марсельскі (з 1409), Бардоскі (з 1441), Лільскі (з 1809) і інш. Найб. б-кі: Францыі Нацыянальная бібліятэка, Парыжскага ун-та, Ін-та Францыі, Вышэйшай нармальнай школы, Нац. цэнтра мастацтва і культуры Жоржа Пампіду і інш. Найб. музеі: Луўр, Нацыянальны музей сучаснага мастацтва, Клюні (сярэдневяковага мастацтва), Гімэ (культуры і мастацтва Усходу), араб. свету, афр. і акіянічнага мастацтва і інш. Н.-д. работу ў Ф. праводзяць Ін-т Францыі, Ін-т ядз. фізікі пры Ліёнскім ун-це, Ін-т фізікі Зямлі, Нац. ін-т біялогіі мора і Матэм. ін-т Анры Пуанкарэ пры Сарбоне, кафедры ун-таў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Ф. выдавалася больш за 3200 перыяд. выданняў, у т. л. 71 агульнанац., больш за 450 рэгіянальных і мясц. газет, каля 1300 часопісаў і 1400 навук. і прафес. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Монд», «Фігаро», «Libération» («Вызваленне», з 1973); сярод папулярных: «Aujourd’hui en France» («Сёння ў Францыі»), спарт. «L’Équipe» («Каманда»), эканам. «Les Echos» («Хроніка»). З рэгіянальных газет найб. тыражныя: «Ouest France» («Заходняя Францыя»), «Le Parisien» («Парыжанін»), «Sud-Ouest» («Паўднёвы Захад»), «Le Voix du Nord» («Голас Поўначы», усе з 1944). Вядучае інфарм. агенцтва — Франс Прэс, 3 агенцтвы фотаінфармацыі — Гама, Сігма, Сіпа. Радыёвяшчанне з 1922. Працуюць грамадскае «Радыё Францыі» (мае 52 радыёстанцыі, у т. л. 5 агульнанац.), каля 1080 прыватных радыёстанцый, у т. л. 20 агульнанац. (самыя папулярныя РТЛ, Еўропа-1, Радыё Монтэ-Карла; з муз. — НРЖ, Еўропа, Фан-радыё, Настальжы). З 1975 перадачы вядзе Міжнар. франц. радыё (кругласутачныя перадачы на 19 мовах). Тэлебачанне з 1936. 7 агульнанац. тэлеканалаў. Тэлеканалы «Франс-2», «Франс-3, «Франс-5» утвараюць холдзінг грамадскага тэлебачання «Тэлебачанне Францыі» (з 2000). Асацыяцыя тэлекампаній франка- і нямецкамоўных краін «Арт» кіруе каналам «Арт Франс». «Тэлебачанне Францыі» і «Арт Франс» уваходзяць у кансорцыум спадарожнікавага тэлебачання «ТВ-5» (з 1984). З 1982 развіваецца камерцыйнае тэлебачанне: «ТФ-1», «М6», «Канал Плюс». Каля 25 буйных рэгіянальных тэлевізійных каналаў; каля 180 тэлеканалаў прымаюцца са спадарожнікаў і праз кабельныя сеткі. У г. Ліён працуе Т-ва па выпуску еўрап. шматмоўнага канала навін «Еўраньюс». Міжнар. франц. тэлеканал (з 1989) распаўсюджвае ў замежных краінах (у т. л. і на Беларусі) праграмы франц. тэлеканалаў. Дзейнасць грамадскіх і камерцыйных радыёстанцый і тэлекампаній кантралюе незалежны Вышэйшы савет па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (рэліг. тэматыкі) датуюцца 2-й пал. 9 ст. («Кантылена пра св. Еўлалію» і інш.). У 10-11 ст. узніклі эпічныя паэмы, т. зв. жэсты (песні пра воінскія подзвігі), якія стваралі і выконвалі жанглёры (вандроўныя паэты-песняры). З 12 ст. яны аформіліся ў цыклы пра Карла Вялікага («Песня пра Раланда»), пра Гіёма Аранжскага («Каранаванне Людовіка»), пра феад. міжусобіцы («Рауль дэ Камбрэ», «Жырар Русільёнскі») і інш. Пашырыліся т. зв. вучоная паэзія і проза на лац. мове, узніклі літургічная драма, свецкая паэзія — лірыка вагантаў. У 2-й пал. 12 ст. пад уплывам правансальскай паэзіі трубадураў развівалася паэзія трувераў (Канон дэ Бэцюн, Тыбо Шампанскі і інш.). Узнікла куртуазная навела — «ле» («Бружмель» Марыі Французскай). На раннім этапе развіцця рыцарскага рамана (склаўся ў 12 ст.) паэты выкарыстоўвалі ант. псеўдагіст. паданні («Раман пра Трою», «Раман пра Аляксандра»), У 1160—90-я г. з’явіліся любоўна-авантурныя раманы: найб. вядомы апрацоўкі кельцкіх легенд пра каханне Трыстана і Ізольды, вершаваныя раманы «брэтонскага цыкла» паводле кельцкіх паданняў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала (раманы Крэцьена дэ Труа). У 13 ст. тэмы і матывы рыцарскай л-ры пераасэнсоўваліся паводле новых маральна-этычных уяўленняў (алегарычны «Раман пра Ружу», які паўплываў на наступную сярэдневяковую л-ру). Вядучае месца заняла гарадская л-ра. Папулярнасць набылі фабліо, «жывёльны эпас» («Раман пра Ліса»). У 14—15 ст. трансфармацыя сістэмы паэт. жанраў і пашырэнне тэматыкі спрыялі ўзнікненню т. зв. паэзіі фіксаваных форм (балада, рандо і інш.) і новай паэт. школы з уяўленнем пра паэзію як пра «другую рыторыку» (Э.​Дэшан, Гільём дэ Машо, Крысціна Пізанская і інш.). У канцы 15 — сярэдзіне 16 ст. сфарміравалася школа «вялікіх рыторыкаў». Дасягнула росквіту творчасць паэта-лірыка Ф.Віёна, які быў звязаны са школай Гільёма дэ Машо, але наследаваў традыцыям вагантаў і фабліо. Яго індывідуалістычная паэзія бунтавала супраць сярэдневяковай рэгламентаванасці сродкамі пародыі і іранічнай стылізацыі. Позняе сярэдневякоўе — час росквіту тэатр. жанраў. У 13 ст. зарадзіліся міраклі, у 14 ст. — містэрыі, у пач. 15 ст. — маралітэ, камед. т-ры — саты і фарсы. У канцы 15 ст. пашырылася цікавасць да гуманіт. навук, засвойваліся ант. спадчына і італьян. рэнесансавая культура. Лірыка 1-й пал. 16 ст. развівалася пад уплывам Ф.​Петраркі (паэты ліёнскай школы). Спалучэнне італьян. паэт. культуры з нац. традыцыямі ў творчасці К.​Маро. Развівалася навелістыка (творчасць Маргарыты Наварскай). Выдатны прадстаўнік ранняга Адраджэння — Ф.Рабле. У яго рамане «Гарганцюа і Пантагруэль» шырокая панарама тагачаснай рэчаіснасці спалучалася з ідэаламі рэнесансавага гуманізму. У сярэдзіне 16 ст. паэты «Плеяды» (Ж.Дзю Беле, П.Рансар і інш.) спрабавалі рэфармаваць франц. паэзію і драму, узбагацілі л-ру новымі жанрамі (элегія, ода, буколіка, эпічная паэма і інш.), што паспрыяла фарміраванню нац. літ. мовы. Традыцыі Адраджэння працягваў М.Мантэнь, стваральнік жанру эсэ.

Для л-ры 17 ст. характэрна суіснаванне барока і класіцызму. У л-ры барока развіваліся «высокая» (арыстакратычная) і «нізавая» (дэмакр.) плыні. «Высокае» барока выявілася ў прэцыёзнай літаратуры. Паралельна існавалі «высокая» трагічная паэзія (Т.А. д’Абінье) і «нізавое» барока (лірыка Т. дэ Віо, К. дэ Бло, А. дэ Сент-Амана, паэзія і раманістыка С.Сірано дэ Бержэрака). Бурлескная паэзія (камічныя паэмы П.Скарона) і шахрайскі раман паклалі пачатак т. зв. быт. рэалізму («Камічны раман» Скарона, «Мяшчанскі раман» А.​Фюрэцьера). Падмуркам л-ры класіцызму сталі рацыяналістычная філасофія Р.​Дэкарта і дзейнасць Франц. акадэміі. Асновы класіцыстычнай паэзіі выпрацавалі Ф.​Малерб і М.​Рэнье. Асабліва яскрава класіцызм праявіўся ў драматургіі. Завершаныя формы трагедыя класіцызму набыла ў творах П.Карнеля; гал. персанаж яго трагедый — носьбіт асаблівага гераізму («Сід», «Гарацый» і інш.). Трагедыю класіцызму развіваў Ж.Расін, які засяродзіў увагу на душэўных перажываннях герояў («Андрамаха», «Федра» і інш.). Дасканалыя ўзоры класіцыстычнай камедыі стварыў Мальер, у творах якога напружаная інтрыга і дыялог спалучаюцца з абмеркаваннем маральных і сац. пытанняў, а на змену камедыі становішчаў прыходзіць камедыя характараў («Тарцюф», «Дон Жуан», «Мізантроп», «Мешчанін у дваранах» і інш.). У 1670-я г. зарадзіўся класіцыстычны («аналітычны») раман (М.М.Лафает), развіваліся розныя жанры дыдактычнай класіцыстычнай прозы — «думкі» (Б.Паскаль), афарызмы і максімы (Ф.Ларошфуко), «характары» (Ж.​Лабруер) і паэзіі («Байкі» Ж.Лафантэна), дасягнула росквіту эпісталярная (М.​Севінье), аратарская (Ж.​Б.​Басюэ) і мемуарная (Ж.Ф.​П.​Рэц) проза. Тэарэтык л-ры Н.Буало падвёў своеасаблівы вынік развіццю класіцызму ў вершаваным трактаце «Паэтычнае мастацтва» (1674). «Спрэчка пра старажытных і новых аўтараў» (1687), пачатая Ш.Перо і Б.​Фантэнелем, — сведчанне крызісу л-ры класіцызму і нарастання асветніцкіх тэндэнцый.

Цэнтр. падзеяй перыяду Асветніцтва стала выданне «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35, 1751—80, пад рэдакцыяй Ж.Л.Д’Аламбера і Д.Дзідро), у якой яскрава выявілася асветніцкая канцэпцыя свету і чалавека. На першае месца вылучылася проза, у якой панавалі сінт. літ.-філас. формы: раман («Персідскія лісты» Ш.Л.Мантэск’ё), аповесць («Кандыд, або Аптымізм» і інш. Вальтэра), аповесць-дыялог («Пляменнік Рамо» Дзідро). Традыцыі шахрайскага рамана выявіліся ў творчасці А.Р.Лесажа. Увага да новых форм рэчаіснасці ўвасобілася ў жанры камедыі (Ж.​Ф.​Рэньяр, Лесаж, П.А.Бамаршэ). Пад уплывам англ. л-ры пашырылася «слёзная» камедыя (Дэтуш, П.К.Н. дэ Лашасэ), якую пазней замяніла мяшчанская драма (Дзідро). У лірыцы пераважала «лёгкая» паэзія ракако. У творчасці Г.​А.​Шальё, Ш.​А.​Лафара і інш. культываваўся геданізм і галантны эратызм, пераважалі анакрэантычныя матывы, увасобленыя ў малых паэт. формах (мадрыгал, сяброўскае пасланне, эпіграма). Паэтыка ракако ўласціва любоўна-псіхал. камедыям П.Марыво і раманам А.​Гамільтана, К.П.​Ж.​Крэбіёна-сына, Марыво, А.Ф.Прэво. У канцы 18 ст. творы ракако набылі вострасатыр. гучанне (раман «Небяспечныя сувязі» П.А.​Ф.​Лакло, іроікамічная паэма «Вайна багоў» Э.Д. дэ Парні), у паэзіі выявіліся неакласічныя тэндэнцыі (А.​М.​Шэнье). Л-ры 18 ст. ўласціва таксама культывацыя «чуллівасці», засяроджанасць на ўнутр. стане чалавека, увага да душэўнага жыцця «сціплага» героя з трэцяга саслоўя (псіхал. раманы Прэво, Марыво), што выклікала да жыцця сентыменталізм, які праявіўся ў раманістыцы Дзідро і Ж.Ж.Русо. У прозе пісьменнікаў-«русаістаў» Ж.А.Бернардэна дэ Сен-П’ера, Н.​Рэтыфа дэ Ла Брэтона, Л.​С.​Мерсье праявілася ўвага да «натуральнага чалавека», да канфлікту асобы з грамадствам. У пач. 19 ст. ўзнік рамантызм. Аповесці «Атала» і «Рэнэ» Ф.​Р.​Шатабрыяна, аўтабіягр.-спавядальны раман «Адольф» Б.А.Жанстана дэ Рэбека, лірычны дзённік «Аберман» Э.​Сенанкура, раман «Жан Сбагар» Ш.​Надзье падкрэслена адлюстроўвалі меланхалічную асобу ў канфлікце з варожай ёй рэальнасцю; ім уласцівы спавядальнасць тону і абвостранае пачуццё гістарызму, што выявілася ў гіст. раманах А. дэ Віньі, творах пра тагачаснае жыццё А. дэ Мюсэ. Рамант. «двухсвецце» (адчуванне падвойнасці чалавечага жыцця, звязанага з рэальным зямным і ідэальным быццём) характарызавала фантаст. лінію рамант. прозы (Надзье). У рамант. лірыцы класічныя паэт. тэмы прапускаліся праз прызму індывід. паэт. свядомасці (А. дэ Ламарцін). У творах В.Гюго, Ж.Санд асабістасць тону спалучалася з цікавасцю да сац. праблем, а ў творчасці паэтаў-рамантыкаў праявіліся сімптомы крызісу рамант. сістэмы: напоўненыя іроніяй вершы і паэмы Мюсэ; Віньі імкнуўся дасягнуць у лірыцы сапр. эпічнасці; Т.Гацье і Ж. дэ Нерваль шукалі «чыстай» паэт. формы і сімвалічнай шматзначнасці вобразаў. Найб. моцна рамантызм выявіўся ў драматургіі (драмы Гюго, А.Дзюма-бацькі, Віньі).

Рамант. традыцыю ў кірунку рэаліст. апісання свету і чалавека пераасэнсавалі А. дэ Бальзак, П.Мерымэ, Стэндаль, у 2-й пал. 19 ст. прадоўжылі А.Дадэ, Гі дэ Мапасан, Г.Флабер, А.Франс і інш. У сярэдзіне 19 ст. паэты-«парнасцы» (Ш.Леконт дэ Ліль, Т. дэ Банвіль, Ж.​М.​Эрэдыя і інш.) імкнуліся пераадолець эмацыйны суб’ектывізм рамантыкаў. Ш.Бадлер прыйшоў да сугестыўнай паэтыкі і складанага сімвалічнага вобраза. Блізкія яму эстэт. погляды ў Флабера, які вял. ўвагу звяртаў на формы аповеду. Гратэскавая вытанчанасць літ. тэхнікі характэрна для вершаў у прозе Латрэамона. Імкненне да новага лірызму, сугестыўнага ўплыву — аснова творчасці П.Верлена, С.Малармэ, А.Рэмбо. На грунце іх маст. адкрыццяў узнік сімвалізм, абвешчаны Ж.​Марэасам у «Маніфесце сімвалізму» (1886). Адной з форм рэакцыі на л-ру рамантызму стаў натуралізм. Тэорыя «эксперыментальнага рамана» Э.Заля (раманы «Ругон-Макары») патрабавала навуковасці, дакументалізму, сацыялагічнага і гіст. аналізу. Захапленне тэхн. прагрэсам і гісторыяй цывілізацый — аснова навук.-фантаст. л-ры Ж.Верна, культ.-гіст. твораў І.​Тэна, братоў Ганкураў, Ж.​Э.​Рэнана. У пач. 20 ст. дэкаратыўнасць, «фасаднасць», стылізатарства позняга сімвалізму выявіліся ў творах Г.​Кана, П.​Луі, А.​Самена і інш., спробы вяртання да паэтыкі «парнаскай школы» і класічнай версіфікацыі ў творчасці А. дэ Рэнье, Ш.​Мараса і інш. (раманская школа). Супярэчнасці познасімвалісцкай паэтыкі спрабавалі пераадолець фантазісты з іх камернай лірыкай (Т.​Дэрэм, П.​Ж.​Туле) і унанімісты (Ж.Дзюамель, Ш.​Вільдрак, Ж.​Рамэн), якія дэкларавалі «агульнае жыццё» матэрыяльнага і духоўнага, ідэй і рэчаў. Развівалася прасякнутая рэліг.-гуманіст. матывамі паэзія і драматургія П.​Кладэля, інтэлектуальная паэзія і філас. эсэістыка П.Валеры. У палеміцы з сімвалізмам складваўся літ. авангардызм, паэзія якога адзначана новымі ліра-эпічнымі жанрамі (Г.Апалінэр, Б.​Сандрар) і моўнымі эксперыментамі (М.​Жакоб). Ля вытокаў паэтыкі авангардысцкага т-ра — эпатажныя фарсы А.​Жары. У 1910—20-я г. развіццё раманнага жанру звязана з час. «La nouvelle revue française» («Новы французскі часопіс») і творчасцю А.Жыда, раманы якога сведчылі пра сувязь класічнай традыцыі і мадэрнісцкіх тэндэнцый. Уплывы інтуітывізму, імпрэсіянісцкай паэтыкі і ўнутр. маналога фарміравалі ідыястыль М.Пруета. Мадэрнісцкая тагачасная паэтыка імкнулася да ломкі традыц. фабулы і сюжэта, да кампазіцыйных і стылістычных эксперыментаў.

Рэаліст. тэндэнцыі ў прозе прадстаўлены ў творчасці Р.Ралана, Ж.Рэнара, Франса. Пераадоленне светаадчування дэкадансу выклікала неарамант. тэндэнцыі ў прозе (Ален-Фурнье) і драматургіі (Э.Растан). У пошуках нац. субстанцыі і спрэчках з песімізмам дэкадансу развівалася творчасць М.​Барэса, П.​Буржэ, Мараса і інш. Тэму 1-й сусв. вайны разнастайна распрацоўвалі ў прозе А.Барбюс, А. дэ Мантэрлан, у паэзіі — Ш.​Пегі. Як рэакцыя на духоўны крызіс тагачаснага грамадства ўзнік дадаізм (Т.​Тцара і інш.). Яго эстэт. нігілізм і адсутнасць стваральнай праграмы прывялі ў пач. 1920-х г. да трансфармацыі дадаізму ў сюррэалізм (А.Брэтон).

У сюррэалістычнай паэтыцы і палеміцы з ёй — вытокі маст. своеасаблівасці творчасці паэтаў Л.Арагона, П.Элюара, Р.​Дэсноса, Ф.​Супо і авангардысцкага т-ра («Тэатр Альфрэда Жары», драматургія Р.​Вітрака, «тэатр жорсткасці» А.​Арто). У 1920—30-я г. ў цэнтры ўвагі раманістаў праблема крызісу асобы ў грамадстве. Канцэпцыя «моцнай асобы» развівалася ў творчасці А.Мальро, дэ Мантэрлана; праблемы чалавека і прыроды, патрыярхальнага свету і цывілізацыі прааналізаваны ў творах Ж.​Жыяно. Маштабныя пераўтварэнні ў паэтыцы сямейнага рамана зрабіў Р.Мартэн дзю Гар. Крытыка тагачаснага грамадства з гуманіст. пункту погляду — асн. пафас прадстаўнікоў т.зв. каталіцкага рамана (Ж.Бернанос, Ф.Марыяк, Ж.​Грын). У рэчышчы традыц. паэтыкі развівалася творчасць раманістаў-рэалістаў Вільдрака, Дзюамеля, Ралана, Рамэна. Матывы трагічнага песімізму і філантрапічнасць у мадэрнісцкіх раманах Селіна. Пошук чалавекам свайго сапр. прадвызначэння ў абсурдным свеце ў аснове прасякнутай гуманіст. пафасам л-ры экзістэнцыялізму (Ж.П.Сартр, А.Камю) і міфалагічнага т-ра Ж.Ануя, Ж.​Жыраду. Рэаліст. паэтыкай і нац. традыцыямі вылучылася л-ра Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (паэзія Арагона, Дэсноса, Элюара, проза і публіцыстыка Ж.​Р.​Блока, Мальро, Л.​Мусінака, Г.​Перы). Літ. калабарацыянізм звязаны з трагічнымі ілюзіямі часткі інтэлігенцыі (П.​Дрыё ла Рашэль), пацыфісцкімі настроямі (Жыяно), непрыняццем левых ідэй (дэ Мантэрлан), канфармізмам (Селін). Канец 1940 — пач. 1950-х г. — час росквіту т. зв. ангажыраванай л-ры, якая імкнулася да рэаліст. паэтыкі і левай ідэалогіі, асэнсоўвала духоўны і паліт. вопыт Супраціўлення. Вядучую ролю ў літ. працэсе адыгрываў экзістэнцыялізм (Камю, Сартр і інш.). Рэаліст. проза 1950—70-х г. крытычна асэнсоўвала і засвойвала дасягненні мадэрнізму (Р.​Ваян, Веркор, Р.Гары, А.Лану, Ф.Саган). У палеміцы з ангажыраванай прозай у л-ру ўступіла пакаленне «гусараў» (М.​Дэон, Ж.​Ларан, Р.​Нім’е). 2-я пал. 1950-х — 1960-я г. — перыяд фарміравання і росквіту «антыдрамы» («тэатра абсурду»), прадстаўнікі якой эвалюцыяніравалі ад трагіфарсу да метафізічнай драмы (Э.Іанеска, С.​Бекет), і «антырамана» («новага рамана»). Эксперыменты «новых раманістаў» (Н.Сарот, Х.Сімон, М.​Бютор, А.​Роб-Грые) прадоўжылі пісьменнікі, якія групаваліся вакол час. «Tell quel» («Такі, які»; Ф.​Салерс і інш.). У 1950-70-я г. абнавіліся гіст. раман (М.​Друон, М.​Юрсенар), сямейны (Э.​Базэн, А.​Труая, Ф.​Эрыя), раман-біяграфія (А.Маруа) і інш. Дэмакратызацыя літ. мовы і адстойванне агульначалавечых каштоўнасцей ва ўмовах маргінальнага існавання звязана з творчасцю Ж.​Жэнэ. Узмацніўся сац.-крытычны пафас раманістаў-католікаў (Грын, Ж.​Сесброн), развіваўся «жаночы раман» (С. дэ Бавуар, Б.​Грут), звязаны з фемінізмам. Неаавангардысцкія тэндэнцыі праявіліся ў творчасці пісьменнікаў «Калежа патафізікаў» (раманы Б.Віяна, Р.​Кено).

У 1960-я г. крытычна пераасэнсоўваўся феномен «грамадства спажывання» (Веркор, Ж.​Л.​Кюртыс, Ж.​Перэк і інш.), у 1970-я г. актывізаваліся маст. пошукі ў жанры антыутопіі (Р.Мерль), распрацоўваўся жанр прытчы (Веркор, Ж.М.​Г.​Ле Клезіо, М.​Турнье). Да 1980—1-й пал. 1990-х г. адносяцца маст. дасягненні пісьменнікаў старэйшага пакалення (Ж.​Грак, М.​Дзюра, А.​Пейр дэ Мандзьярг, Сарот, Турнье) і новай плеяды раманістаў (П.​Кіньяр, Ле Клезіо, П.​Мадыяна). У творчасці Ф.​Бегбідэра, С.​Жэрмэн, А.​Макіна, Ж.​Руо спалучэнне тэндэнцый актуальнай культуры (найперш постмадэрнізму) і класічнай раманнай традыцыі. Паэзія 2-й пал. 20 ст. характарызуецца творчай сталасцю лірыкаў, якія пачыналі ў рэчышчы сюррэалізму або ў палеміцы з ім (Э.​Гільвік, Р.​Кено, А.​Мішо, Ф.​Понж, Ж.​Тардзьё, А.​Фрэно, Р.​Шар). Фальклорна-песенную традыцыю прадоўжыў Ж.Прэвер. Маштабныя эпічныя палотны стварыў Сен-Жон Перс. Лірыка 1990-х г. адметная разнастайнасцю паэтыкі і спалучэннем традыцыі і наватарства (І.​Банфуа, А.​Баске, Г.​Гафет, М.​Дэгі, Ж.​Рубо, Ж.​Рэда).

На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: кнігі «Краіна Паэмія» (1962, анталогія франц. паэзіі для дзяцей), «Паэты Парыжскай камуны» (1971), «Французская навела XX ст.» (1992), «З французскай і бельгійскай паэзіі» (1993), творы франц. пісьменнікаў — «Змаганне за агонь» (1929) Рані-Старэйшага, «Розныя факты» (1929) і «Расія» (1931) Барбюса, «Марсельцы» (1931) Ф.​Гра, «Гаўрош» (1931, 1938, 1946), «Казета» (1932, 1937, 1957), «Дзевяноста трэці год» (1937) і «Адвержаныя» (1938) Гюго, «Атака аўтобусаў» (1932) Рамэна, «У Па-дэ-Кале наймаюць рабочых» (1933) І.​Поля, «Жаніцьба Фігаро» (1936) Бамаршэ, «Крэнкебіль» (1936, 1940) і «Богі прагнуць» (1940) Франса, «Кармэн» (1936), «Варфаламееўская ноч» (1938), «Жакерыя: Сцэны з феадальных часоў» (1940) і «Навелы» (1990) Мерымэ, «Базельскія званы» (1937) Арагона, «Прыгоды дагістарычнага хлопчыка» (1937) Э.​Д’Эрвільі, «Песня зямлі» (1937) Жыяно, «80 000 кіламетраў пад вадой» (1937), «Дзеці капітана Гранта», «Таямнічы востраў» (абодва 1938), «З пушкі на месяц», «Пятнаццацігадовы капітан» (абодва 1940) і «За 80 дзён вакол свету» (1941) Верна, «Апавяданні» (1937), «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941) Заля, «Пышка» (1937) і «Навелы» (1987) Мапасана, «Габсек» (1937, 1993) Бальзака, «Тартарэн з Тараскона» (1938) Дадэ, «Мне дваццаць гадоў» (1938) і «Калі сціскаюцца кулакі» (1939) Р.​Беланжэ, «Гарганцюа і Пантагруэль» (1940) Рабле, «Чырвоная Шапачка» (1947, 1979) і «Чарадзейныя казкі» (1993) Перо, «Выбраныя песні» (1960) П.Ж.Беранжэ, «Любіць будзем заўтра» (1960) А.Стыля, «Маленькі прынц» (1969, 1989) і «Планета людзей» (1984) А. дэ Сент-Экзюперы, «Зямны акіян» (1973) Апалінэра, «У месяцавым ззянні» (1974) Верлена, «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974) і «Навелы» (1996) Маруа, «З табой» (1980) Элюара, «Першая справа Мегрэ» (1982) і «Пад страхам смерці» (1992) Ж.Сіменона, «Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк» (1985) Марыяка, «Чужаніца» (1986) Камю, «Мур» (1991) Сартра. Друкаваліся паасобныя творы П.Гамара, П.Куртада, Э.Трыяле, Бадлера, Базэна, Брэтона, Буало, П.​Буля, Веркора, Віёна, Вільдрака, Віяна, Гільвіка, Іанеска, Клавеля, Ларошфуко, Леконт дэ Ліля, Малармэ, Мальера, Мюсэ, дэ Нерваля, Прэвера, Ралана, Роб-Грые, Рэмбо, Саган, Сарот, Сен-Жон Перса, Шэнье, М.​Эмэ і інш. Сярод перакладчыкаў: Э.​Агняцвет, А.​Асташонак, М.​Багдановіч, Р.​Барадулін, Л.​Баршчэўскі, В.​Гардзей, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Лойка, Н.​Мацяш, С.​Мурашка, У.​Палупанаў, Я.​Семяжон, Л.​Філімонава, А.​Хадановіч, Л.​Яўменаў і інш.

Архітэктура. У канцы неаліту і пачатку бронз. веку ў Паўн.-Зах. Ф. ўзводзілі мегалітычныя збудаванні (кромлехі, алеі менгіраў). Гала-рым. помнікі спалучалі элементы стараж.-рым. мастацтва і традыцыі карэннага насельніцтва — кельтаў: каменныя храмы (Нім), т-ры (Арль, Аранж), трыумфальныя аркі (Аранж, Нім), грабніцы (Сен-Рэмі), акведукі (т.зв. Пон-дзю-Гар каля Німа). У раннім сярэдневякоўі ўзводзілі базілікі ў Ліёне, Клермон-Феране (470); у перыяд меравінгаў (5—8 ст.) — баптыстэрыі і 3-нефавыя базілікі (Венаск, Пуацье і інш.). У перыяд «каралінгскага адраджэння» пабудаваны шматлікія комплексы кляштараў. У 10—12 ст. на аснове каралінгскага мастацтва развіўся раманскі стыль. Сфарміраваўся сярэдневяковы горад з нерэгулярнай забудовай, вузкімі вуліцамі, 2—3-павярховымі дамамі, якія мелі адкрытыя аркады для крам і майстэрняў. Узводзіліся абарончыя замкі з данжонамі і цытадэлі (Каркасон). Узніклі першыя ратушы (Сент-Антанен), арачныя масты (Сен-Бенезэ ў Авіньёне). У архітэктуры сабораў выкарыстоўвалі часаны камень, падпружныя аркі, контрфорсы, цыліндрычныя скляпенні (саборы Клюні-3 у Клюні, 1088—12 ст., Нотр-Дам-дзю-Пор у Клермон-Феране, 1170). Базілікальныя пабудовы набылі ў плане выгляд лац. крыжа, дапаўняліся капліцамі, хорам з вянком капэл, купаламі, вежамі і інш. У Нармандыі і Шампані храмы звычайна лаканічныя і сціплыя па вонкавым выглядзе і дэкоры, у Лангедоку нагадвалі крэпасці, у Аверні аздабляліся багатай паліхромнай муроўкай, у Правансе мелі пышнае скульпт. ўбранне на парталах, захоўвалі ант. традыцыі; храмы Бургундыі мелі выразныя скульпт. кампазіцыі тымпанаў парталаў. У сярэдзіне 12 ст. ў гарадах Паўн. Ф. зарадзілася готыка. Разрасталіся, умацоўваліся і перабудоўваліся старыя гарады; новыя ўзводзілі на рэгулярнай аснове; яны мелі прамавугольную сетку вуліц, шчыльную забудову, 2 гал. плошчы — саборную і рыначную. Гал. гар. збудаваннем стаў сабор, які ў Ф. набыў класічныя формы: 3—5-нефавая базіліка з трансептам і паўкруглым абыходам хору, вянком капэл, высокім і прасторным інтэр’ерам, 2-вежавым зах. фасадам з 3 перспектыўнымі парталамі, акном-ружай у цэнтры. Сярод узораў: Ам’енскі сабор, Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Шартрскі сабор, саборы абацтва Сен-Дэні (1137—44), у Сансе (каля 1140), Сен-П’ер у Бавэ (з 1227), капэла Сент-Шапель у Парыжы (1243—48) і інш.

Готыка Паўд. Ф. мела аскетычны абарончы характар (сабор-крэпасць Сент-Сесіль у Альбі, з 1282). У духу позняй («палымянай») готыкі сабор Сен-Маклу (1434—70), Палац правасуддзя (1499—1509) у Руане і інш. Замкі ператваралі ў багата аздобленыя ўнутры палацы (папскі палац у Авіньёне, 14 ст.; замак П’ерфон, 1390—1420). У 15 ст. ўзнік тып багатага гар. дома — атэля (дом Жака Кёра ў Буржы, 1443—51). З 2-й пал. 15 ст. пачалося фарміраванне архітэктуры рэнесансу. Ён выявіўся ва ўрачыста-імпазантных пабудовах каралеўскіх і дваранскіх замкаў, функцыянальна прадуманых і мудрагеліста аздобленых гар. асабнякоў: замкі Амбуаз (1492—98), Гаён (1501—10), Шамбор (1519—37), у Блуа, Віландры (каля 1532), комплекс Фантэнбло, будынак новага Луўра ў Парыжы. Вылучалася творчасць архітэктараў Н.​Башэлье, Ф.Дэлорм, П.Леско, Ж.А.Дзюсерсо. Архітэктура класіцызму 17 ст. развівалася ў сувязі з буд-вам гар. і загарадных ансамбляў. рэзідэнцый караля і знаці, асабнякоў. Парыж упрыгожыўся плошчамі Дафіна, Вагезаў, Перамог, Вандомскай (абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар); гал. магістраллю — Елісейскія палі (арх. А.​Ленотр). Пабудаваны класіцыстычныя палац Пале-Раяль (арх. Ж.​Лемерсье), усх. фасад Луўра (арх. К.Перо), сабор Сент-Жэнеўеў, Дом інвалідаў з саборам (1671—1708, паводле інш. звестак, 1680—1706) у Парыжы (цяпер пантэон; арх. Ж.Ж.Суфло), грамадскія цэнтры, масты і інш. Узор франц. палацава-парк. ансамбля — Версаль.

У 1671 створана Каралеўская акадэмія архітэктуры, якая рэгламентавала эталоны высокага стылю. У 18 ст. інтэр’еры багатых асабнякоў аздаблялі ў стылі ракако (атэль Субіз у Парыжы). У горадабуд. практыцы развіваліся прынцыпы параднай планіроўкі, пракладкі прамянёвых вуліц, стварэння анфілад плошчаў у стылі барока (ансамбль 3 плошчаў у Нансі, арх. Э.​Эрэ дэ Карні). У пач. 19 ст. пашырыўся стыль ампір: саборы ў выглядзе стараж.-грэч. храмаў, трыумфальныя аркі (у Парыжы на пл. Карузель, Вандомская калона на аднайм. плошчы). У 2-й пал. 19 ст. вяліся рэканструкцыі гарадоў на ўзор Парыжа (Ам’ен, Арлеан, Нант, Тулуза і інш.), разбіты скверы і лесапаркі (Булонскі, Венсенскі). Пабудовы набылі характар эклектыкі (арх. Э.​Віяле-ле-Дзюк, А.​Лабруст). Выкарыстоўваліся жал. каркасныя канструкцыі; з’явіліся новыя тыпы грамадскіх і тэхн. збудаванняў — крытыя рынкі, універсальныя магазіны, фабрычныя карпусы, пасажы, выставачныя павільёны і інш. Вылучаліся Эйфелева вежа, акведук у Гарабі (абодва інж. А.Г.Эйфель), б-кі Сент-Жэнеўеў і Нац. (абедзве арх. Лабруст). Узор гарманічнага і канстр. стылю ар нуво (мадэрн) — станцыі метрапалітэна ў Парыжы (арх. Э.​Гімар). У 1920-я г. пашырыўся франц. варыянт канструктывізму на прынцыпах арх. Ле Карбюзье. Пакладзены пачатак функцыяналізму ў горадабудаўніцтве, вызначаны эстэтыка новых матэрыялаў, імкненне да шматпавярховай забудовы, рытмічных вырашэнняў геам. форм (арх. Т.​Гарнье, А.Перэ і інш.). У 1950-я г. адбылася чарговая рэканструкцыя гарадоў у духу гіст. рэмінісцэнцый (Ам’ен, Тур і інш.). Жыллёвае буд-ва вялося паводле прынцыпаў стварэння свабодна скампанаваных жылых масіваў і вежападобных дамоў (г. Мурэнс у дэпартаменце Атлантычныя Пірэнеі, арх. Р.​Кулон і інш.), прамысл. пасёлках і на перыферыі. У 1960—80-я г. вял. буд-ва разгарнулася ў Парыжы і яго прыгарадах. Найб. значны з парыжскіх комплексаў — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс (з 1964), які ўключае каля 30 канторскіх вежаў на 30 і 45 паверхаў, дзе ўжыты каляровае шкло, граніт і інш. У праектаванні гар. асяроддзя акрамя архітэктараў удзельнічаюць жывапісцы, графікі, скульптары, дэндролагі, дызайнеры, майстры ландшафтнай архітэктуры. Сярод значных пабудоў будынак ЮНЕСКА, Нац. цэнтр. мастацтва і культуры імя Ж.​Пампіду, форум Цэнтр. рынку ў Парыжы. Распрацаваны урбаністычны план развіцця гар. інфраструктуры. Сучасная франц. архітэктура — адна з вядучых у Еўропе.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З позняга палеаліту на тэр. Ф. захаваліся каменныя і касцяныя схематычныя выявы жанчыны-маці і скульптуркі жывёл; з канца неаліту і пач. бронзавага веку — саркафагі і надмагільныя рэльефы, у якіх элементы стараж.-рым. мастацтва спалучаліся з мясц. рысамі, якія ўзыходзяць да мастацтва кельтаў. У 8—9 ст. выкананы выдатныя ўзоры разьбы па косці. У 10—12 ст. развіваўся раманскі стыль у скульптурным афармленні тымпанаў і парталаў храмаў, у манум. размалёўках і кніжнай мініяцюры. Вытанчанай стылізацыяй і пышнасцю дэкору вылучаліся тагачасныя ювелірныя вырабы, ліможская эмаль, тканіны і вышыўка (дыван з Баё, канец 11 — пач. 12 ст.). Высокай маст. дасканаласцю вылучалася гатычная скульптура сабораў у Шартры, Ам’ене, Рэймсе. У перыяд готыкі пашырыліся вітраж, фрэскі з элементамі свецкіх сюжэтаў. Пад уплывам нідэрландскага і італьян. мастацтва развіваўся станковы жывапіс. Імкненне да перадачы жыццёвай верагоднасці ўласціва творчасці братоў Лімбург. Жыццярадасны і вытанчаны стыль франц. Адраджэння найб. ярка выявіўся ў творах Ф.Клуэ і Ж.Фуке, Карнеля дэ Ліён. Італьян. маньерызм значна паўплываў на творчасць майстроў двух школ Фантэнбло. У скульптуры гуманіст. ідэалы Адраджэння ўвасобіліся ў работах Ж.Гужона. Супярэчлівасці Позняга Адраджэння і драматызм выявіліся ў работах Ж.Пілона. У канцы 16 — пач. 17 ст. на чале афіц. жывапісу стаяў С.​Вуэ, які эклектычна спалучаў рым. барока, акадэмізм балонскай школы і маньерызм школы Фантэнбло. Гэтаму кірунку процістаялі жывапісцы, якія адлюстроўвалі паўсядзённы побыт чалавека (Ж. дэ Латур, браты Ленэн, Валантэн). Ж.Кало ствараў афорты, у якіх спалучаў сац. назіранні з элементамі фантаст. гратэску. У жывапісе 2-й пал. 17 ст. важная роля належала класіцызму, гал. прадстаўнікамі якога былі Н.Пусэн і пейзажыст К.Ларэн; у скульптуры Ф.Жырардон, А.​Куазевокс, П.​Пюжэ. Заканадаўцам «вял. стылю» стаў Ш.Лебрэн, які кіраваў работамі па ўпрыгожанні палацаў Парыжа і Версаля. Склаўся і новы тып рэпрэзентатыўнага партрэта (Г.​Рыго, Н.​Ларжыльер), які паўплываў на развіццё еўрап. партрэта. Багаццем і параднасцю вылучалася дэкар.-прыкладное мастацтва (інкруставаная мэбля А.Ш.Буля, шпалеры, ювелірныя вырабы). У выяўл. мастацтве 18 ст. вызначальнай стала творчасць А.Вато. Вытанчанасць яго твораў стала асновай стылю ракако, які пачаў складвацца ў 1720—30-я г. ў творчасці Ф.Бушэ, К.​Ванлоо, Н.Ланкрэ.

У скульптуры пач. 18 ст. побач з традыцыямі манум. палацавай школы Версаля (Э.​Бушардон, Г.​Кусту) росквіту дасягнула ракайльная пластыка (Ж.​Б.​Лемуан і інш.). Дэмакр. погляды ўвасобіліся ў лірыка-эмацыянальных карцінах Ж.Б.С.Шардэна, партрэтах М.​К.​Латура, лірычных вобразах Ж.​Б.​Перано. У сярэдзіне-18 ст. кірунак маральнага сентыменталізму распрацоўваў Ж.Б.Гроз, У жанры пейзажа працавалі Ю.Рабер, Ж.​Вернэ, Ж.А.Фраганар. У 2-й пал. 18 ст. пачаў складвацца сталы класіцызм у творчасці Ж.​М.​В’ена, Ж.А.Гудона, Ж.Б.Пігаля, Э.М.Фальканэ. У жывапісе пафас класіцызму і рэв. гучанне ўласцівы творам Ж.Л.Давіда. У пач. 19 ст. класіцызм стаў салонна-акад. стылем (П.​Н.​Герэн, Ф.​Жэрар). Яму процістаяў рамантызм, рысы якога выявіліся ў творах А.Гро і дасягнулі росквіту ў творчасці Л.Жэрыко, Ж.А.Д.Энгра, Э.Дэлакруа. У скульптуры прынцыпы рамантызму найб. яскрава ўвасоблены Ф.Рудам, А.​Л.​Бары, П.​Ж.​Давідам д’Анжэ. Развівалася салоннае мастацтва (Т.​Куцюр і інш.). У творчасці О.​Вернэ, П.Дэлароша, Э.​Месанье пераважалі рамант. эфекты і меладраматычныя гіст. карціны. Сац.-крытычны кірунак пашыралі А.Дам’е, П.​Гаварні. Дасягнуў росквіту пейзажны жывапіс, асабліва ў творчасці мастакоў барбізонскай школы і К.Каро. Рэаліст. кірунак развівалі Дам’е, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле. У канцы 19 ст. ў цэнтры ўвагі маст. жыцця сталі прадстаўнікі імпрэсіянізму: Э.Дэга, К.Манэ, Э.Манэ, А.Рэнуар; яркім яго прадстаўніком ў скульптуры быў А.Радэн. Асн. кірункамі канца 19 — пач. 20 ст. сталі постімпрэсіянізм (П.​Гаген, В. ван Гог, П.Сезан, А.Тулуз-Латрэк), неаімпрэсіянізм (Ж.Сёра, М.Сіньяк), сімвалізм (М.Дэні, Г.​Маро, А.Рэдон, П.​Пюві дэ Шаван). У гэты час з’явіўся плакат (Тулуз-Латрэк). Мастацтву 20 ст. ўласцівы хуткая змена новых, а таксама суіснаванне розных маст. кірункаў, часта процілеглых па ідэйна-маст. устаноўках. Каля 1905 узнік фавізм на чале з А.Матысам, у 1907 — кубізм (Ж.Брак, П.Пікасо і інш.), у 1914—18 — сюррэалізм. Сувязь кубізму і тагачаснай тэматыкі характэрна для творчасці Ф.Лежэ, А.​Глез, М.​Метсенжэ і інш. Лідэрам дадаізму стаў М.​Дзюшан. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся розныя кірункі абстрактнага мастацтва (А.​Манесье, П.​Сулаж і інш.), узніклі оп-арт (В.​Вазарэлі), поп-арт, кінетычнае мастацтва. Развіваліся плакат (Ж.​Карлю, Ж.​Пікар-Леду і інш.), графіка (цыклы Ж.​Эфеля і інш.). У 1940—50-х г. развіваўся неарэалізм (А.​Фужэрон, Б.​Тасліцкі і інш.), вылучалася творчасць Пікасо. Шматлікія замежныя мастакі склалі т.зв. парыжскую школу (А.Мадыльяні, Х.Суцін, М.Шагал, Ж.​Пасхін і інш.). Творчасць найбуйнейшых мастакоў звязана з гуманіст. ідэаламі, верай у каштоўнасць чалавечага быцця. Традыцыі гуманіст. мастацтва адчувальныя ў творчасці Э.​А.​Бурдэля, гарманічна ўраўнаважаных скульптурах А.Маёля, партрэтах Ш.Дэсп’ё і інш. З 1970-х г. у выяўл. мастацтве назіраецца пошук новых сродкаў выразнасці з улікам назапашанага творчага вопыту.

Музыка. Вытокі муз. мастацтва Ф. ў фальклоры стараж. гальскіх (кельцкіх) і франкскіх плямён. Носьбітамі муз. традыцый былі вандроўныя музыканты-жанглёры. Для нар. песень характэрны вытанчаная і гнуткая мелодыка, 2- і 3-дольныя памеры, распаўсюджаны метр ​6/8. Пераважаюць натур. лады мажор і мінор. Сярод стараж. нар. танцаў хараводы, групавыя і парныя танцы (жыга, бурэ, рыгадон, фарандэль, бранль і інш.). Значнае месца належала царк. музыцы: у 4 ст. ўзніклі мясц. формы хрысц. службы, у 8—9 ст. — грыгарыянская літургія. Цэнтрамі прафес. духоўнай, часткова і свецкай, муз. культуры былі кляштары, пры якіх існавалі пеўчыя школы (метрызы). У 12—13 ст. склалася гарадское муз. мастацтва (Адам дэ ла Аль). У феад. замках у 11—14 ст. было пашырана мастацтва трубадураў і трувераў. З 14 ст. ўзнік кірунак Арс нова. У 15—16 ст. вядучымі сталі кампазітары франка-флам. школы (І.​Акегем, Жаскен Дэпрэ, Г.​Дзюфаі, К.​Жанекен, А.Ласа, Я.​Обрэхт). З канца 15 ст. фарміраваліся асновы нац. музыкі, вядучы жанр — шансон. У канцы 16 ст. пачала складвацца арганная школа (Ж.​Тытлуз). У 17 ст. росквіт інстр. школ: лютневая (Д.​Гацье), клавесінная (Л.​Куперэн, Ж.​Шамбаньер), віёльная (М.​Марэ); узнік жанр франц. інстр. сюіты. У 17—18 ст. пачалі развівацца опера (сярод першых нац. опер «Трыумф кахання» З.​Жаке дэ ла Гера, паст. 1654; «Пастараль» Р.​Камберу і П.​Перэну, паст. 1659), балет. У 1661 засн. «Каралеўская акадэмія танца», у 1671 — т-р «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» (гл. Парыжская опера). Заснавальнік нац. опернай школы Ж.Б.Люлі. У 18—19 ст. вядучы жанр — опера (Ф.Абер, А.Адан, Ж.Бізэ, Ф.​Галеві, Ф.​Герольд, Ш.Гуно, Л.Дэліб, Ж.Маснэ, Дж.Меербер, Ж.Ф.Рамо, А.​Тама і інш.). Сярод прадстаўнікоў інш. жанраў: скрыпач Дж.Б.Віёці, клавесіністы Ж.​Ф.​Дандрыё, Ф.Куперэн, Рамо. У перыяд франц. рэвалюцый значнае месца належала масавым жанрам: песні («Карманьёла»), гімнам («Марсельеза» Х.Ж.Ружэ дэ Ліля, «Інтэрнацыянал» П.Дэгейтэра), маршу; да іх звярталіся таксама Ф.Ж.Гасек, Ж.​Ф.​Лесюэр, Э.​Мегюль. У 1795 засн. Парыжская кансерваторыя.

У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся жанр аперэты (Ж.Афенбах, Ш.​Лекок, Р.​Планкет, Ф.​Эрвэ і інш.). У прапагандзе музыкі значная роля належала Нац. муз. т-ву (1871). Сярод муз. дзеячаў 19 ст.: кампазітары Г.Берліёз, К.Сен-Санс, С.Франк, В. д’Эндзі; скрыпачы П.М.​Ф.​Блё, Р.Крэйцэр, П.​Радэ; піяністы Л.​Дзьемер, А.​Мармантэль; арганісты Ш.М.Відор, Франк; спевакі Д.Арто, С.​Галі-Мар’е, Ж.​Л.​Дзюпрэ, Ж.​Л.​Ласаль, В.​Марэль, А.​Нуры. Значную ролю ў муз. жыцці Ф. адыгралі «Гіст. рус. канцэрты», арганізаваныя С.​Дзягілевым (1907), «Рускія сезоны». Асновы сучаснай музыкі закладзены на мяжы 19—20 ст. Уклад у муз. мастацтва Ф. 20 ст. зрабілі: кампазітары П.​Дзюк, А.​Дзютые, К.Дэбюсі, Ж.​Както, М.​Ландоўскі, А.Месіян, Э.Саці, Ж.​Франсэ; творчая садружнасць «Шасцёркі»; дырыжоры С.​Бадо, А.​Клінтэнс, П.​Манцё, А.​Маркевіч, Ж.​Мартынон, Ш.​Мюнш; піяністы А.​Карто, М.Лонг, І.​Нат; скрыпачы Ж.​Невё, З.​Франчэскаці, Ж.Цібо; спевакі Д.​Дзюваль, Р.​Крэспен, Л.​Понс; шансанье Ш.Азнавур, Ж.​Брасенс, Дж.Дасэн, І.Мантан, М.Мацьё, Э.Піяф, М.​Шэвалье і інш.; балетмайстар М.Бежар. У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся ўплывы авангардызму: дадэкафонія, серыяльнасць. электронная музыка, алеаторыка (П.Булез, Я.Ксенакіс, П.​Шэфер і інш.). Папулярныя джаз, франц. рок, вар’етэ, рэп (Ж.​Брэль, Ж.​Веко, Ф.​Лафантэн, Ш.​Трэнэ, К.​Франсуа і інш.). Дзейнічаюць (2002): т-ры Парыжская опера, Парыжская оперная студыя (з 1973), Парыжскі муз. т-р (1981) і інш.; аркестры — сімф. Нац. Францыі (1934), Нац. Франц. радыё і тэлебачання (1937), Парыжскі (1967), Новы філарманічны Франц. радыё (1976), «Ансамбль Інтэркантампарэн», камерныя аркестры і ансамблі (усе ў Парыжы); Ін-т музыказнаўства пры Парыжскім ун-це; Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем пры Нац. цэнтры мастацтваў і культуры імя Ж.​Пампіду (з 1975). Праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў і скрыпачоў імя М.​Лонг-Цібо (з 1946), вакалістаў (г. Тулуза, з 1954), маладых дырыжораў (г. Безансон, з 1951) і інш. У Парыжы знаходзіцца Міжнар. муз. савет пры ЮНЕСКА. У 1977 створаны Нац. саюз кампазітараў.

Тэатр. Вытокі франц. т-ра ў нар. карнавалах, выступленнях вандроўных акцёраў і музыкантаў — жанглёраў, вагантаў. У 9—10 ст. зарадзілася літургічная драма, у 13 ст. — міраклі, у 14 ст. — містэрыі. У 1548 у Парыжы пабудавана першае тэатр. памяшканне «Бургундскі атэль». З 1599 у ім працавала першая прафес. тэатр. трупа В.​Леконта. У 17—18 ст. развіццё франц. т-ра вызначала эстэтыка класіцызму (драматургі П.​Карнель, Ж.​Расін, Мальер). У 1680 арганізаваны т-р «Камеды Франсэз», які развіваў сцэн. прынцыпы Мальера (акцёры М.Барон, А.Лекуўрор).

Цэнтр. месца ў рэпертуары т-ра перыяду Асветніцтва займалі трагедыі Вальтэра, мяшчанскія драмы Д.​Дзідро. Сярод акцёраў А.Лекен, Ж.​Афрэн, Ж.​Брызар, Ж.​Дазенкур, Ж.​Дзюгазон, І.​Клерон, Ф.​Мале. Франц. рэвалюцыя сцвердзіла гераічнае мастацтва (акцёр Ф.Ж.Тальма). У 1791 пасля прыняцця Устаноўчым сходам «Дэкрэта пра свабоду тэатраў» у Парыжы ўзніклі 19 т-раў. У 1-й пал. 19 ст. значную ролю адыгралі «тэатры бульвараў» («Амбігю камік», «Гетэ́», «Жымназ», «Порт-Сен-Мартэн», «Фюнамбюль» і інш.), павялічылася колькасць правінцыяльных т-раў. Ставіліся п’есы В.​Гюго, Дзюма-бацькі, Ф.​Піа, А. дэ Бальзака і інш. Сфарміравалася нац. мастацтва акцёраў вадэвіля: В.​Дэжазэ, Ш.​Г.​Пацье, Ж.​Ш.​Адры. Буйнейшыя рамант. акцёры: М.Дарваль, Ж.Б.Дэбюро, Э.Рашэль, Фрэдэрык-Леметр, П.​Бакаж. На мяжы 19—20 ст. працавалі акцёры С.Бернар, Б.К.Каклен, Ф.​Э.​Го, Ж.​Мунэ-Сюлі. Рэфарматар франц. сцэны А.Антуан — прапагандыст школы натуралізму Э.​Заля. У пач. 20 ст. ствараўся нар. т-р, тэарэтыкам якога быў Р.​Ралан. Пашырыўся ўплыў сімвалізму, праграму якога эксперыментальна сцвярджаў «Тэатр дэз Ар» (1910, кіраўнік і рэж. Ж.​Рушэ). Наватарствам адзначана творчасць Ж.Капо, стваральніка паэт. т-ра «В’ё каламб’е», які спалучаў сцэн. ўмоўнасць з псіхалагізмам. Супярэчлівую атмасферу 1920—30-х г. перадавалі ў сваіх пастаноўках рэжысёры т-ра «Картэля» Г.Баці, Ш.Дзюлен, Л.Жувэ, Ж.​Пітоеў (гл. ў арт. Пітоевы). Значнае месца ў тэатр. жыцці Ф. 1930-х г. заняў Нац. нар. т-р, арганізатар якога рэж. і акцёр Ф.Жэм’е імкнуўся ажыццявіць на практыцы прынцыпы нар. т-ра Ралана.

З 2-й пал. 1940—1-й пал. 1950-х г. створана шырокая сетка драм. цэнтраў і дамоў культуры з тэатр. трупамі. З’явіліся т-ры ў Ліёне, Грэноблі, Тулузе, Кане, Бардо, Страсбургу і інш. Сярод акцёраў і рэжысёраў: А.Барсак, П.Брасёр, Ж.Вілар, Ж.Філіп, Б.​Баві, Ж.Л.Баро, Б.​Брэці, П.​Дзюкс, Ж.​Іанель, М.​Казарэс, Ж.​Меер, Ж.​Русіён, М.​Рэно, Л.​Сенье, С.​Флон. У 1950-60-я г. значную ролю адыграў «тэатр абсурду» (рэж. Н.​Батай, Р.​Блен, Ж.​М.​Серо). Уклад у сцэн. мастацтва 1970—80-х г. зрабілі рэжысёры Баро, Ж.​Вільсан, А.​Вітэз. У 1980-я г. павялічылася колькасць незалежных тэатр. калектываў (больш за 1 тыс.). У Ф. (2000) дзейнічае 42 нац. драм. цэнтры, 170 тэатр. труп на кантрактах, 398 — на дзярж. датацыі. Вядуцца пошукі ва ўсталяванні новых узаемаадносін паміж гледачом і акцёрам, у выпрацоўцы стылю акцёрскай ансамблевай ігры і засваенні новай сцэн. прасторы па-за межамі традыц. тэатр. пляцоўкі. Нац. тэатр. традыцыі працягвае старэйшы т-р «Камеды Франсэз», працуюць т.зв. т-ры бульвараў, «Тэатр дэ ла Калін», «Тэатр дэ ла Бастый», «Тэатр дэ ла Сітэ Інтэрнасьёналь», «Тэатр дэ л’акварыум», «Мальер-мэзон дэ ла паэзі», «Буф дзю Нор», «Адэон» (т-р Еўропы), «Картушэры дэ Венсен», «Пары віет» у Парыжы, «Тэатр дзю пор дэ ла люн» у Бардо, «Тэатр Саламандры» ў Лілі, «Тэатр Амандзье» ў Нантэры, Новы т-р у Ніцы, «Тэатр дэ ла сітэ», юнага гледача ў Ліёне, Нац. т-р у Страсбургу, а таксама т-ры ў Марселі, Віёрбане, Манпелье, Жэнвілье і інш. Сярод рэжысёраў П.​Брук, Ж.​Бурдэ, Ж.​П.​Венсан, Ж.​Лавадан, Х.​Лавелі, Ж.​Ласаль, М.​Марэшаль, А.​Мнушкін, Д.​Мегік, Ж.​Надж, Ж.​Нішэ, Л.​Паскуаль, Р.​Планшон, Б.​Сабель, Ж.​Савары, П.​Шэро і інш. Праводзяцца міжнар. тэатр. фестывалі, найб. вядомы з якіх Авіньёнскі.

Кіно. Ф. — радзіма кінематографа: 25.12.1895 браты Люм’ер упершыню публічна прадэманстравалі праграму са сцэнак, знятых з натуры. Ж.​Мельес пабудаваў першую кінастудыю, дзе зняў сотні ігравых стужак, пераважна феерый («Падарожжа на Месяц», 1902), і развіў магчымасці кіно як відовішча. З 1896 працавалі фірмы «Патэ Фрэр» і «Гамон», гал. прадукцыяй якіх былі драм. сцэны, павучальныя гісторыі, ілюстрацыі да Бібліі, фарсы. Кінафірма «Фільм д’Ар» (створана ў 1908) імкнулася надаць кіно высакароднасць і прыцягнула да ўдзелу ў стварэнні фільмаў літаратараў і акцёраў т-ра «Камеды Франсэз». Да 1914 Ф. — лідэр сусв. кінематографа. Поспехам карысталіся шматсерыйныя стужкі, напр., «Фантамас» (1913—14, рэж. Л.​Фёяд). У 1-ю сусв. вайну кінавытворчасць скарацілася, адчувальнай стала канкурэнцыя з Галівудам. Пасля вайны здымаліся дарагія суперфільмы («Тры мушкецёры», 1921, рэж. А.​Дыяман-Бержэ), маштабныя праекты («Напалеон», 1924—27, рэж. А.​Ганс). Маладое пакаленне франц. кінематаграфістаў імкнулася зрабіць кіно сапр. мастацтвам, вяло пошукі ў рэчышчы авангардысцкіх эксперыментаў. Прадстаўнікі ранняга авангарду, або «кінаімпрэсіянізму» (1919—24; Л.​Дэлюк, Ж.​Дзюлак, МЛ’Эрб’е, Ж.​Эпштэйн, Ганс), бачылі ў кіно сродак суб’ектыўнага бачання, лірычнага самавызначэння. Позні, або ўласна кінаавангард (1924—30), уключаў кубісцкія, футурысцкія, дадаісцкія і інш. матывы з устаноўкай на элітарнасць, чысты эксперымент, выкарыстанне фармальных прыёмаў (М.​Рэй, Ф.​Лежэ, А.​Шамет і інш.). Значным быў сюррэалісцкі напрамак («Андалузскі сабака», 1928, «Залатое стагоддзе», 1930, рэж. абодвух Л.Буньюэль). Рэж. Р.Клер пачынаў як авангардыст («Антракт», 1924), пазней працаваў пераважна як камедыёграф («Саламяны капялюш», 1927; «Пад дахамі Парыжа», 1930). Са з’яўленнем гуку франц. кіно засвойвала новыя сродкі выразнасці. Трывога, сум і непакой у грамадстве напярэдадні 2-й сусв. вайны адлюстраваны ў плыні паэт. рэалізму. Яе папярэднікам быў Ж.Віго («Аталанта», 1934), а вядучымі прадстаўнікамі Ж.​Фейдэр («Вялікая гульня», 1934), Ж.​Дзювіўе («Пэпе ле Мока», 1937), М.Карнэ («Набярэжная туманаў», 1938) і інш. Своеасаблівай пазіцыяй і творчай манерай вылучаўся рэж. Ж.Рэнуар («Вялікая ілюзія», 1937; «Правілы гульні», 1939, і інш.). У час ням.-фаш. акупацыі нац. кінавытворчасць кантралявалі гітлераўцы, аднак франц. рэжысёрам удавалася ствараць цікавыя фільмы: «Вячэрнія наведвальнікі» (1942, рэж. Карнэ), «Неба належыць вам» (рэж. Ж.​Грэміён), «Воран» (рэж. А.​Ж.​Клузо, абодва 1943). Сцвярджэннем велічы нац. культуры стала стужка «Дзеці райка» (1944, рэж. Карнэ). Тэме вайны прысвечаны фільмы Р.Клемана «Бітва на рэйках» (1946), «Забароненыя гульні» (1952). У канцы 1940-х — 1950-я г. працавалі пераважна майстры старэйшага пакалення: Клер («Прыгажосць д’ябла», 1950; «Вялікія манеўры», 1955), Рэнуар («Залатая карэта», 1953; «Французскі канкан», 1954); экранізавалася класіка («Пармскі манастыр», 1947, рэж. Крысціян-Жак; «Тэрэза Ракен», 1953, рэж. Карнэ); папулярныя жанры «фільмаў плашча і шпагі», крымінальныя стужкі, камедыі. Асобнае месца займалі філас. творы Р.Брэсона («Дзённік сельскага святара», 1951; «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк», 1956). З 2-й пал. 1950-х г. сталі яўнымі прыкметы застою. Маладыя кінематаграфісты Ф.​Труфо, Ж.Л.Гадар, Л.​Маль, Э.​Рамер і інш., аб’ядналіся вакол час. «Cahiers du cinéma» («Дзённікі кіно»), дзе выпрацоўвалі прынцыпы індывід. аўтарскага падыходу.

Абнаўленне франц. кіно пачалося з дакументалістыкі («Герніка», 1949, «Ноч і туман», 1956, рэж. А.​Рэнэ, і інш.). З выхадам у 1959 фільмаў «400 удараў» (рэж. Труфо), «На апошнім дыханні» (рэж. Гадар), «Хірасіма, любоў мая» (рэж. Рэнэ) пачалася т.зв. новая хваля ў франц. кіно, дасягненні якога ўзбагацілі і сусв. кінематограф. На мяжы 1950—60-х г. дэбютавалі каля 100 рэжысёраў. Змены ў кінатэхніцы далі магчымасць здымаць на натуры і ў звычайных памяшканнях (а не ў павільёнах) без дадатковага асвятлення, што абумовіла патаненне кінавытворчасці. Змест і мова кіно змяніліся пад уплывам экзістэнцыялізму, т.зв. новага рамана, прыёмаў тэлерэпартажаў і некаторых узораў амер. жанравага кіно. Як і раней, паасобку стаяла творчасць Брэсона («Кішэннік», 1959; «Выпадкова, Бальтазар», 1966; «Мушэт», 1967; «Грошы», 1983). Крызіс «новай хвалі» супаў з паражэннем «маладзёжнай рэвалюцыі» 1968. У 1970-я г. характэрны зварот рэжысёраў да падзей 2-й сусв. вайны, часам і іх пераасэнсавання: «Лакомб Люсьен» (1974, рэж. Маль), «Старая стрэльба» (1975, рэж. Р.​Энрыко) і інш. У жанры паліт. фільма працавалі рэжысёры Коста-Гаўрас («Дзета», 1969), І.​Буасэ («Замах», 1972). Сац.-псіхал. драмы здымалі Б.​Тавернье («Суддзя і забойца», 1976; «Прамы рэпартаж пра смерць», 1980), К.​Сатэ («Дробязі жыцця», 1970; «Простая гісторыя», 1978) і інш. Найб. прыкметнымі дэбютамі сталі стужкі «Якія вальсуюць» (1974, рэж. Б.​Бліе) і «Чорнае і белае ў колеры» (1976, рэж. Ж.​Ж.​Ано). У 1980-я г. ў франц. кіно з’явілася «новая новая хваля», якая характарызавалася як постмадэрнісцкая, неабарочная, неаманьерысцкая: рэжысёры Ж.​Ж.​Бенекс («Дзіва», 1981; «37,2 раніцамі», 1986), Л.​Каракс («Хлопец сустракае дзяўчыну», 1984; «Дурная кроў», 1986; «Палюбоўнікі з Новага моста», 1992), Л.​Бесон («Падземка», 1985; «Нікіта», 1990). У 1990-я г. ажыццёўлены суперпраекты, прысвечаныя нац. гісторыі («Палюбоўнік», 1991, рэж. Ано; «Індакітай», 1992, «Усход-Захад», 1999, рэж. абодвух Р.​Варнье; «Каралева Марго», 1994, рэж. П.​Шэро). Развіваецца жанравае кіно, у т. л. з выкарыстаннем новых тэхналогій («Пяты элемент», 1997, рэж. Бесон; серыя пра Астэрыкса і Абелікса, рэж. К.​Зідзі; «Відок» 2001, рэж. Пітоф; «Амелі», 2001, рэж. Ж.​П.​Жэнэ). Захоўвае і развівае традыцыі нац. кінамастацтва аўтарскае кіно (А.​Асаяс, Ф.​Азон, Б.​Дзюмон, Ж.​Дуаён, К.​Дэні, С.​Калар, М.​Касавіц, Д.​Моль). Сусв. вядомай стала акцёрская школа франц. кіно: І.​Аджані, Д.​Атэй, Б.Бардо, Р.​Барынжэ, Ж.​Бінош, Ж.П.Бельмандо, Бурвіль, Ж.Габэн, Д.​Дар’ё, А.Дэлон, К.Дэнёў, Ж.Дэпардзьё, А.Жырардо, М.Ліндэр, І.Мантан, М.​Марган, С.​Марсо, Ж.Марэ, Ф.​Нуарэ, М.​Пікалі, П.Рышар, Ж.​Рэно, С.Сіньярэ, Ж.​Л.​Трэнтыньян, Фернандэль, Ж.Філіп, Л. дэ Фюнес, Р.​Шнайдэр, І.​Юпер і інш. Сучаснае кіно Ф. — адзінае ў Еўропе, якое захавалася як прыкметная цэласная культурная з’ява дзякуючы развітай і арганізаванай кінапрамысловасці і падтрымцы дзяржавы.

Літ.:

История Франции. Т. 1—3. М., 1972—73;

Смирнов В.П. Новейшая история Франции, 1918—1975. М., 1979;

Ратиани Г.М. Франция: судьба двух республик. М., 1980;

Славенов В.П. Внешняя политика Франции, 1974—1981. М., 1981;

Антюхина-Московченко В.И. Третья республика во Франции, 1870—1918. М., 1986;

Чернега В.Н. Буржуазные партии в политической системе Франции: Третья-Пятая республики. М., 1987;

История французской литературы. Т. 1—4. М.; Л., 1946—63: Французская литература, 1945—1990. М., 1995;

Якимович Т.К. Драматургия и театр современной Франции. Киев, 1968;

Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;

Наркирьер Ф. Французский роман наших дней. М., 1980;

Балашова Т.В. Французская поэзия XX в. М., 1982: Соловьев Н.К., Турчин В.С., Фирсанов В.М. Современная архитектура Франции. М., 1981;

Шнеерсон Г.М. Французская музыка XX в. 2 изд. М., 1970;

Музыкальная эстетика Франции XIX в. М., 1974;

Куницкая Р.И. Французские композиторы XX в. М., 1990;

Калитина Н.Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Петрусевич Н.Б. Искусство Франции XV—XVI вв. М., 1973;

Жанкола Ж.-П. Кино Франции: Пятая республика (1958—1978). М., 1984;

Словарь французского кино. Мн., 1998.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​І.​Сініца, Я.​Г.​Колб (гісторыя), І.​А.​Шор (узброеныя сілы), Н.​Г.​Кісялёва (асвета, навуковыя ўстановы), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), А.​В.​Хадановіч, К.​М.​Міхееў, Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Шымановіч (музыка), Н.​В.​Грэская (тэатр), Л.​М.​Зайцава (кіно).

Герб і сцяг Францыі.
Да арт. Францыя. Вінаграднікі Эльзаса.
Да арт. Францыя. На схілах Севенаў.
Да арт. Францыя. Рака Шэр (басейн р. Луара).
Да арт. Францыя. Альпы.
Да арт. Францыя. Расправа над удзельнікамі Жакерыі ў г. Мо. Малюнак Ж.​Фруасара. 15 ст.
Да арт. Францыя. Дзяржаўны пераварот 18 брумера (9 лістапада) 1799. Напалеон Банапарт (першы справа) у Савеце пяцісот.
Да арт. Францыя. Штурм Бастыліі 14.7.1789. З тагачаснай гравюры.
Да арт. Францыя. Парад партызан у вызваленым Марселі. Жнівень 1944.
Да арт. Францыя. Прэзідэнт Францыі Ж.​Пампіду (трэці злева) і Генеральны сакратар ЦК КПСС Л.​І.​Брэжнеў (трэці справа) на перагаворах у г. Заслаўе Мінскай вобл. Студзень 1973.
Да арт. Францыя. Інтэр’ер капэлы Сент-Шапель у Парыжы.
Да арт. Францыя. Замак Шамбор.
Да арт. Францыя. Замак Віландры. Панарама.
Да арт. Францыя. Сабор Дома інвалідаў у Парыжы.
Да арт. Францыя. Трыумфальная арка на плошчы Карузель у Парыжы.
Да арт. Францыя. Елісейскія палі ў Парыжы.
Да арт. Францыя. Квартал Дэфанс у Парыжы. Фрагмент.
Да арт. Францыя. Ж.​Фуке. Аўтапартрэт.
Да арт. Францыя. Ж.А.​Д.​Энгр. Партрэт мадам Сенон. 1814—16.
Да арт. Францыя. Э.​Дэлакруа. Бітва Якава з анёлам. 1861.
Да арт. Францыя. П.​Сезан. Нацюрморт з цыбулінамі. Каля 1895.
Да арт. Францыя. А.​Матыс. Адаліска ў чырвоных шараварах. 1921.
Да арт. Францыя. В.​Вазарэлі. Марсан. 1962.
Да арт. Францыя. Будынак тэатра Гранд-Алера.
Да арт. Францыя. Сцэна са спектакля «Зямля» паводле Э.​Заля. Тэатр А.​Антуана. 1902.
Да арт. Францыя. Акцёры тэатра «Бургундскі атэль».
Да арт. Францыя. Сцэна са спектакля «Мешчанін у дваранах» Мальера. Тэатр «Камеды Франсэз». 1954.
Да арт. Францыя. Сцэна са спектакля «Федра» Ж.​Расіна. Тэатр «Адэон». 1998.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Падарожжа на Месяц». Рэж. Ж.​Мельес. 1902.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма •Вялікая ілюзія». Рэж. Ж.​Рэнуар. 1937.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Дзеці райка». Рэж. М.​Карнэ. 1944.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Хірасіма, любоў мая». Рэж. А.​Рэнэ. 1959.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Бывай, паліцэйскі». Рэж. П.​Гранье-Дэфер. 1975.

т. 16, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)