Жураўлі 4/427; 11/400; 12/46
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНЕ́С Марк Навумавіч
(8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),
рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сярод інш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.Калманоўскага, «Жураўлі» Я.Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 3, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙНБЕРГ Мечыслаў Самуілавіч
(н. 8.12.1919, Варшава),
кампазітар. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Варшаўскую (1939, клас фп.) і Бел. (1941, клас кампазіцыі В.Залатарова) кансерваторыі. З 1943 у Маскве. Сярод твораў: оперы «Пасажырка» (1968), «Зося» (1970), «Мадонна і салдат» (1975), «Партрэт» (1983), «Ідыёт» (1986); балеты «Залаты ключык» (1955), «Белая хрызантэма» (1958); аперэты; кантаты «У краі родным» (1952), «Дзённік кахання» (1965), «Хірасімскія пяцірадкоўі» (1966); 20 сімфоній (некаторыя з салістамі і хорам, 1942—89); камерная сімфонія (1986); канцэрты для інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы; санаты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў («Ляцяць жураўлі», «Апошні дзюйм»), Дзярж. прэмія СССР 1990.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛАЎ Аляксей Уладзіміравіч
(н. 20.11.1928, Масква),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.А.Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».
т. 2, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЙ,
1) цёплыя краіны, куды адлятаюць на зімоўку пералётныя птушкі, якія кормяцца насеннем, дробнымі воднымі і беспазваночнымі жывёламі, зрэдку драпежныя і расліннаедныя. Гняздоўныя на Беларусі івалга, ластаўка вясковая, салавей, пеначкі, чарацянкі, валасянкавыя, мухалоўкавыя, бусел белы і інш. зімуюць у Афрыцы, белабровік, чарацянка садовая, сачыўка — у Азіі, заранка, аўсянка трысняговая — у Крыме і Закаўказзі, грак, жаваранкавыя, шпак, шыраканоска і інш. — у краінах Зах. Еўропы.
2) Чарада пералётных птушак. Жураўлі ляцяць клінам, гусі адна за адной, качкі фронтам, вераб’інападобныя і большасць інш. птушак скучанай чарадой.
3) Час адлёту (пералёту) птушак. Вызначаецца фізіял. станам, залежным ад навакольнага асяроддзя. Пералётныя птушкі Беларусі адлятаюць на зімоўку ў жн. — 2-й пал. лістапада.
т. 4, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА Віктар Аляксандравіч
(н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел. АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
В.Я.Буйвал.
т. 5, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)