род птушак сям. жураўліных атр. жураўлепадобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Насяляюць пераважна адкрытыя мясціны: стэпы, вял. балоты, тундру.
Селяцца парамі, у час пралёту і зімоўкі аб’ядноўваюцца ў чароды. Найб. вядомы Ж.: шэры (Grus grus), канадскі (G. canadensis), белы, або стэрх (G. leucogeranus), амерыканскі (G. americana), японскі (G. japonensis). 6 відаў і 2 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Існуе Міжнар. фонд аховы жураўлёў (ЗША). На Беларусі 1 від — журавель шэры, трапляецца ўсюды, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 80—152 см, выш. каля 2 м, маса 3—12 кг. Апярэнне пераважна шчыльнае, шараватае, буравата-чорнае ці белае. Шыя і ногі доўгія, хвост кароткі. У палёце выцягваюць шыю і ногі. Большасць Ж. выдае гучны трубны крык (рэзанатар — падоўжаная трахея). Нясуць 1—2 (радзей 3) яйцы. Корм раслінны і жывёльны.