Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жалудок (г. п.) 2/183; 3/308; 4/242 (к.), 405; 6/366 (к.); 10/487; 11/380, 381 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на аўтадарозе Жалудок-Васілішкі. Цэнтр Мажэйкаўскага с/с і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 93 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 812 ж., 340 двароў (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як дварэц (фальварак) у складзе велікакняжацкай Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв. У 16 — пач. 20 ст. належала Палубенскім, Скуміным-Тышкевічам, Нарушэвічам, Хадкевічам, Грабоўскім і інш. З 1795 у Рас. імперыі. Да 1886 цэнтр воласці, каталіцкая капліца, бровар, піцейны дом. У 1885 мела 67 рэвізскіх душ. З 1921 у Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 1962 у Шчучынскім р-не, з 1966 цэнтр сельсавета. У 1970 — 1008 жыхароў.
Шчучынскі з-д сельгасінвентару. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік сядзібна-паркавага мастацтва — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.) з паркам (1787).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́НА (сцэн.псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п.Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар.арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел.тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял.сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел. т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.
Літ.:
Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;
Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х.ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т.л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п.Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.