ГАЛІ́НА (сцэн. псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар. арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел. тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял. сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел. т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.

Літ.:

Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;

Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)