УРУБЛЕ́ЎСКІ (Wróblewski) Валерый Антоній (27.12.1836, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 5.8.1908),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі, дзеяч міжнар. рэв. руху. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т (1853), Пецярбургскі лясны ін-т (1857). У студэнцкія гады завязаў сувязі з К.Каліноўскім і інш. рэв. дзеячамі. З 1857 пам. загадчыка, потым заг. лясной школы ў мяст. Саколка Гродзенскай губ. У 1861—63 удзельнічаў у стварэнні рэв. арг-цыі ў Гродне, памагаў Каліноўскаму выпускаць і распаўсюджваць газ. «Мужыцкая праўда». У час паўстання 1863—64 актыўны дзеяч «чырвоных», быў нач. штаба паўстанцаў, са жн. 1863 камандуючы паўстанцкімі ўзбр. сіламі Гродзенскай губ., потым — Люблінскага і Падляшскага ваяв. У баі 7.1.1864 цяжка паранены, эмігрыраваў у Францыю. Кіраваў дэмакр. арг-цыямі польск. эміграцыі. У 1871 у званні генерала камандаваў паўд. фронтам Парыжскай камуны. Пасля яе паражэння завочна прыгавораны да пакарання смерцю. Каб пазбегнуць расправы, эмігрыраваў у Лондан, дзе пасябраваў з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. З восені 1871 чл. Ген. савета 1-га Інтэрнацыянала як сакратар-карэспандэнт для Польшчы. У 1878 нелегальна прыязджаў у Расію для знаёмства з народніцкім рэв. рухам. Пасля амністыі камунараў (1880) вярнуўся ў Францыю ў 1885. Пахаваны каля сцяны Камунараў на могілках Пер-Лашэз у Парыжы.

Літ.:

Абрамавичюс В.Е., Дьяков В.А. Валерий Врублевский М., 1968;

Кісялёў Г.В. Паплечнік Каліноўскага. Мн., 1976.

Г.​В.​Кісялёў.

В.А.Урублеўскі.

т. 16, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)