КАРПЕ́НКА-КА́РЫ (сапр. Табілевіч Іван Карпавіч; 29.9.1845, с. Вясёлаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 15.9.1907),

украінскі драматург, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў рэаліст. нац. тэатра. Брат П.К.Саксаганскага. З 1865 акцёр-аматар, з 1883 у трупах М.​Старыцкага, М.​Крапіўніцкага, М.​Садоўскага. Друкаваўся з 1876. Аўтар п’ес (каля 20), у якіх з рэв.-дэмакр. пазіцый паказаў класавае расслаенне на вёсцы, цяжкае жыццё сялян, у т. л. драм «Бурлака» (1883), «Наймічка» (1885), «Абяздоленая» (1886), сатыр. камедый «Разумны і дурань», «Мартын Баруля» (абедзве 1886), «Сто тысяч» (1890), «Гаспадар» (1900), гіст. трагедыі «Сава Чалы» (1899) і інш. Выступаў як тэатр. крытык, перакладчык і публіцыст. Яго п’есы папулярныя на Беларусі з пач. 20 ст. У 1909 сяляне в. Кленікі Гродзенскай губ. ставілі яго камедыю «Разумны і дурань». Творы К.-К. найб. папулярызаваў У.​М.​Крыловіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1985;

Рус. пер. — Пьесы. М., 1958.

Літ.:

Цибаньова О.С. Літопис життя і творчості І.​Карпенка-Карого. Київ, 1967;

Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973. С. 98—119, 278—299.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́НГЕР ((Singer) Іцхак) (14.7.1904, в. Лявонцін, каля Варшавы — 27.7.1991),

яўрэйскі пісьменнік (пісаў на ідыш). З 1935 у ЗША. Першы раман «Сям’я Мушкат» (1950). З 1953 яго творы перакладаліся на англ. мову (некаторыя пераклады друкаваліся раней за арыгінал). Аўтар раманаў «Нявольнік» (1962), «Сядзіба» (1967), «Маёнтак» (1969), «Шоша» (1978), аповесцей. Майстар кароткага апавядання (зб. «Дурань Гімпл і іншыя апавяданні», 1957). Нобелеўская прэмія 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Шоша: Рассказы. М., 1991.

Г.​В.​Сініла.

І.Зінгер.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПЕНКА (Ігнацій Мікалаевіч) (снежань 1856, с. Фёдараўка Херсонскай вобл., Украіна — 17.5.1929),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса), скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Друкаваўся з 1881. Аповесць «На абавязковай службе» (1890), раман «Не герой» (1891), апавяданні з жыцця інтэлігенцыі і духавенства. Праблемы жаночай эмансіпацыі ў аповесці «Генеральская дачка» (1891). Аўтар раманаў «Жах шчасця» (1908), «Адступленне» (1915), аповесцей «Шасцёра» (1891), «Дурань» (1902), «Брат Андрэй» (1904), зб. вершаў «Думы і песні Ігнація Бяздольнага» (1881), п’ес, мемуараў пра жыццё студэнтаў 1870-х г. «Гісторыя адной «камуны» (1928), публіцыстычных і крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей і інш. Прозе П. ўласцівы аптымізм, вострая назіральнасць, гумар, камізм.

Тв.:

У кн.: Писатели чеховской поры: Избр. произв. писателей 80—90-х гг. М., 1982. Т. 1.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАНСТАЛЬ ((Hofmannsthal) Гуга фон) (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),

аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЫ́НСКІ ((Każyński) Мацей) (1767—29.3.1823),

польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.​Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.​Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.​Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.​Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.​Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.​Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.​Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.​Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.​Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.

М.Кажынскі.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,

вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел. прафес. т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл. Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел. навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.​Купалы, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.​Чэхава, «Разумны і дурань» І.​Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасці Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел. тэатр. калектывы.

А.​В.​Сабалеўскі.

Праграма Першай беларускай вечарынкі.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)