РЭДУПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. reduplicatio падваенне),

1) у лінгвістыцы, поўнае або частковае падваенне кораня, асновы ці цэлага слова, зрэдку пэўнага спалучэння гукаў, уласцівае мовам рознага ладу. Р. выконвае функцыі грамат. (утварэнне мн. л. назоўнікаў у некат. мовах: малайскае orang «чалавек» — orangorang «людзі»; значэнне перфекта ў лац. do «даю» — dedi «даў» і інш.); словаўтваральную («ой-ёй-ёй», «мяў-мяў»); экспрэсіўную (выражэнне значэнняў памяншальнасці: «дробненькі-дробненькі» інтэнсіўнасці: «хадзілі-хадзілі», «слабы-слабенькі»; эмацыянальнай рэакцыі: «Пойдзеце з намі?» — Не-не! або Так-так!»; экспрэсіўнай ацэнкі: «дурань-дурнем», «ручкі-шмучкі»); фразеўтваральную («плоць ад плоці», «лежма ляжаць»); стылістычную («А за возерам — лясы, лясы, лясы...»). У некат. бел. гаворках Р. экспрэсіўнага плана назіраецца ў суфіксах: «малюсесенечкі», «малюпасененечкі».

2) Р. ў генетыцы тое, што рэплікацыя.

Літ.:

Крючкова О.Ю. Редупликация как явление русского словообразования. Саратов., 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)