АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ (лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага), і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІЦЫ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл.Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОН-ЦІ́КІ»
(назва ад імя бога інкаў),
плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс.км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА»
(ад імя стараж.-егіп. бога сонца),
лодка, пабудаваная з папірусу паводле ўзору стараж.-егіп. суднаў нарв. этнографам і падарожнікам Т.Хеердалам. Даўж. 12 м, шыр. 5 м. На «Ра» Хеердал з інтэрнац. экіпажам з 7 чал. распачаў экспедыцыі з мэтай даказаць магчымасць плавання стараж. егіпцян цераз Атл.ак. у Амерыку. 1-я экспедыцыя (1969) скончылася няўдачай з-за дэфектаў канструкцыі судна. У 1970 «Ра-2», якая выйшла з порта Сафі (Марока), за 57 дзён дасягнула в-ва Барбадас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛЬЦАР ((Balzer) Освальд Мар’ян) (23.11.1858, г. Ходараў Львоўскай вобл., Украіна — 11.1.1933),
польскі гісторык. Чл. Кракаўскай АН (1888). Вучыўся ў Львоўскім і Кракаўскім ун-тах (1878—81). З 1887 праф. польскага права Львоўскага ун-та. З 1891 дырэктар Львоўскага краявога архіва. Заснавальнік (1901) Польскага навук.т-ва ў Львове, рэдактар (1891—94) час. «Kwartalnik Historyczny» («Гістарычны штоквартальнік»). Аўтар прац па гісторыі дзяржавы і права Польшчы і ВКЛ. Прадстаўнік т.зв. эвалюцыйнай тэорыі ўтварэння дзяржаўнасці, імкнуўся даказаць паходжанне польскай дзяржаўнасці непасрэдна з радавых адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНЫ ЗБО́РНІК ДАКУМЕ́НТАЎ («Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского учебного округа»),
серыйнае выданне дакументаў па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст. Выйшла 14 т. (Вільня, 1867—1904). Матэрыялы выяўлены ў архівах, бібліятэках, манастырскіх і прыватных зборах. Асн. групы дакументаў зборніка: сац.-эканам. (інвентары, прывілеі, фундушы, цэхавыя статуты, судовыя справы), матэрыялы, у якіх асвятляюцца паліт. і культ. адносіны, войны (дыпламатычная перапіска, пасольскія дыярыушы), гісторыя правасл. царквы, брацтваў, манастыроў. Складальнікі зборніка імкнуліся даказаць прыналежнасць бел. і ўкр. народаў да адзінай рускай народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,
багаслоўская дысцыпліна, якая займаецца пошукам і вывучэннем рэчаў і помнікаў, звязаных з гісторыяй хрысціянскай царквы. Прадметам археалогіі царкоўнай з’яўляецца таксама аднаўленне і апісанне геагр., побытавага і інш. фону, на якім адбываліся біблейскія падзеі. Выкладаецца ў духоўных навуч. установах пад назвай «Царкоўная археалогія ў сувязі з гісторыяй хрысціянскага мастацтва». Трэба адрозніваць археалогію царкоўную ад т.зв. «Археалогіі біблейскай», мэта якой на аснове археал. раскопак на тэр.стараж. Палесціны, Месапатаміі, Егіпта, Міжземнамор’я даказаць міфалагічны характар біблейскіх сказанняў, асобных тэкстаў і сюжэтаў Старога і Новага Запаветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РЫШ ((Norrish) Рональд Джордж Рэйфард) (9.11.1897, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 7.6.1978),
англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1937 праф.). Навук. працы па кінетыцы хім. працэсаў у газавай фазе (фотахім., дэтанацыя). Распрацаваў метад даследавання быстрых хім. рэакцый і іх кароткажывучых прадуктаў (метад імпульснага фатолізу), стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Дж. Портэрам; 1950), што дазволіла атрымаць спектры паглынання многіх простых свабодных радыкалаў, даследаваць механізм іх ператварэнняў, даказаць існаванне быстрых рэкамбінацыйных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Портэрам, М.Эйгенам).
латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен.мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,
зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.В.Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.