ДЗЯРЖА́ЎНАЕ АБ’ЯДА́ННЕ «БЕЛКАНЦЭ́РТ».

Створана ў 1992 у Мінску ў выніку рэарганізацыі канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт» (да 1990 наз. Белдзяржэстрада) як Рэсп. дырэкцыя эстрадна-цыркавога мастацтва; з 1996 сучасная назва. Маст. кіраўнік В.Вуячыч. У складзе «Белканцэрта» (1997): творчыя аб’яднанні фестываляў і конкурсаў, «Студыя «Сябры», «Верасы»; маладзёжны т-р эстрады, цыркавыя калектывы «Беларусь», «Мінчане», «Паяцы», вак.-інстр. група пад кіраўніцтвам У.Ухцінскага, вак.-інстр. ансамбль «Карусель», вак. ансамбль «Славяне»; эстрадна-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічныя групы «Сэнс», «Фіеста», танц. ансамбль «Архідэя», цыганскі фалькл. ансамбль «Гіля-Рамэн»; лялечны т-р «Лялькі і акцёры», дзіцячы вак. ансамбль «Званочкі», вял. трупа салістаў-вакалістаў.

А.А.Літвіновіч.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬ (Мікола) (сапр. Гілевіч Мікалай Сымонавіч; н. 15.6.1936, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). З 1961 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1990—96 гал. рэдактар); у 1972—77 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяданняў «Ранішнія сны» (1973) прысвечана нашаму сучасніку. Героі Гіля звычайна гараджане ў першым пакаленні, таму характары іх выяўляюцца на псіхал. стыку горада і вёскі. У аповесцях «Слабодскі парламент» (1968), «Вяртанне» (1972), «Тацянін чэрвень» (1976), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1981), «Дзень пачаўся» (1984) і інш. выяўляе высокія маральныя якасці вяскоўцаў, спрадвечную нар. мудрасць, вернасць роднаму куту. Упершыню ў бел. л-ры ставіць праблему вяртання былога вяскоўца з горада ў вёску. Піша і для дзяцей («На лясной вуліцы», 1975; «Самы галоўны чалавек», 1980; «Ёсць на зямлі крыніца», 1983). На бел. мову пераклаў раман В.Бубніса «Пад летнім небам», аповесці І.Эркеня «Сям’я Тотаў», «Выстаўка ружаў» (з Л.Каўрус), аповесць «Кат» і раман «Карлік» П.Ф.Лагерквіста (з Г.Шупенькам).

Тв.:

Пуд жыта. Мн., 1982;

Камандзіроўка ў Вішанькі. Мн., 1987;

Кім і Валерыя. Мн., 1988;

Бралася на дзень. Мн., 1993.

Л.С.Савік.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́Ў,

аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.

Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам. аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл. Прасвятленне оптыкі).

В.В.Валяўка.

Лінзавыя фатаграфічныя аб’ектывы: 1 — «Трыплет»; 2 — «Індустар»; 3 — «Гіпергон»; 4 — «Арыён»; 5 — «Юпітэр»; б — шырокавугольны аб’ектыў Гіля.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)