ГІЛЬ Мікола

(сапр. Гілевіч Мікалай Сымонавіч; н. 15.6.1936, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). З 1961 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1990—96 гал. рэдактар); у 1972—77 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяданняў «Ранішнія сны» (1973) прысвечана нашаму сучасніку. Героі Гіля звычайна гараджане ў першым пакаленні, таму характары іх выяўляюцца на псіхал. стыку горада і вёскі. У аповесцях «Слабодскі парламент» (1968), «Вяртанне» (1972), «Тацянін чэрвень» (1976), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1981), «Дзень пачаўся» (1984) і інш. выяўляе высокія маральныя якасці вяскоўцаў, спрадвечную нар. мудрасць, вернасць роднаму куту. Упершыню ў бел. л-ры ставіць праблему вяртання былога вяскоўца з горада ў вёску. Піша і для дзяцей («На лясной вуліцы», 1975; «Самы галоўны чалавек», 1980; «Ёсць на зямлі крыніца», 1983). На бел. мову пераклаў раман В.Бубніса «Пад летнім небам», аповесці І.Эркеня «Сям’я Тотаў», «Выстаўка ружаў» (з Л.Каўрус), аповесць «Кат» і раман «Карлік» П.Ф.Лагерквіста (з Г.Шупенькам).

Тв.:

Пуд жыта. Мн., 1982;

Камандзіроўка ў Вішанькі. Мн., 1987;

Кім і Валерыя. Мн., 1988;

Бралася на дзень. Мн., 1993.

Л.С.Савік.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)