ГІДРО́ГРАФ

(ад гідра... + ...граф),

храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.

В.В.Дрозд.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКІ́ЦКІ Андрэй Іпалітавіч

(1.7.1858, Мінская губ. — 26.2.1913),

расійскі гідрограф-геадэзіст. Ген.-лейтэнант. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1880). Узначаліў экспедыцыю на Новую Зямлю, дзе вёў гравітацыйныя назіранні (1887). У 1894—1901 пад яго кіраўніцтвам праводзіліся гідраграфічныя даследаванні ад вусця Пячоры да р. Енісей, у Енісейскім заліве і Обскай губе. У 1907—13 узначальваў Гал. гідраграфічнае ўпраўленне. Асн. працы па гідраграфіі і геадэзіі.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАКО́Ў Аляксей Іванавіч

(19.2.1816, г. Кранштат, Расія — 10.7.1869),

расійскі гідрограф. Контр-адмірал. Член Рус. геагр. т-ва (з 1848), ганаровы чл. Геагр. т-ва ў Берліне (1853). Скончыў Марскі корпус у Пецярбургу. Служыў на Балт. флоце. У 1840—42 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на судне «АБА» (апісаў яго ў 1843—44). Выканаў гідраграфічныя даследаванні Аральскага м. (1848—49), адкрыў в-аў Адраджэння і інш. Па матэрыялах даследаванняў у 1850 надрукавана першая карта Аральскага м. Абследаваў нізоўі р. Сырдар’я (1855), дэльту р. Амудар’я (1859), у 1861—63 апісаў сярэднюю ч. Сырдар’і.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКІ́ЦКІ Барыс Андрэевіч

(3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),

рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)