СЯДО́Ў Георгій Якаўлевіч (5.5.1877, с. Крывая Каса, цяпер г.п. Сядова Данецкай вобл., Украіна — 5.3.1914),

расійскі гідрограф і палярны даследчык. Скончыў мараходнае вучылішча ў Растове-на-Доне (1898), Марскі корпус у Пецярбургу (1901). У 1902 удзельнічаў у гідраграфічных даследаваннях у Паўн. Ледавітым ак. У 1909 кіраваў экспедыцыяй, якая даследавала вусце р. Калыма, у 1910 — Крыжовую губу (каля Новай Зямлі). У 1912 арганізаваў экспедыцыю да Паўн. полюса на судне «Св. Фока» (з 2 зімоўкамі). 15.2.1914 накіраваўся на сабаках да Паўн. полюса. Памёр па дарозе, каля в-ва Рудольфа (архіпелаг Зямлі Франца-Іосіфа), дзе і пахаваны. Экспедыцыя правяла акіянаграфічныя, метэаралагічныя і магн. даследаванні, склала карту паўн.-зах. ўзбярэжжа Новай Зямлі. Яго імем названы гар. пасёлак на Украіне, мыс у Антарктыдзе, пік і заліў на Новай Зямлі, архіпелаг каля Паўн. Зямлі.

т. 15, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)