Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АМАФО́НЫ [ад гама... + ...фон(ы)],
словы, аднолькавыя паводле гучання, але розныя па напісанні і значэнні. Параўн.: «грыб — грып», «род — рот», «везці — весці», «код — кот». Амафанія — звычайна вынік супадзення ў гучанні асобных формаў слова.
т. 1, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬКА́НТА (італьян. bel canto літар. цудоўныя спевы),
стыль вакальнага выканання, які вылучаецца лёгкасцю і прыгажосцю гучання, пявучасцю, дасканаласцю кантылены, вытанчанасцю і віртуознасцю каларатуры. Узнік у Італіі ў сувязі з развіццём у сярэдзіне 17 ст. нац. опернага мастацтва і вак. школы. Выразныя сродкі фарміраваліся на аснове фанет. асаблівасцяў італьян. мовы і традыцый нар. выканальніцтва. У працэсе развіцця ўзбагачаўся новымі тэхн. прыёмамі і эмацыянальнымі рысамі. Зрабіў вял. ўплыў на большасць еўрап. вак. школ, у т. л. на беларускую.
т. 3, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКЕ́СТР НАРО́ДНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,
тып аркестра, нацыянальна спецыфічны паводле складу муз. інструментаў, характару гучання і спалучэння традыцый нар. інструменталізму і сімф. культуры. Першы аркестр народных інструментаў створаны ў 1896 В.Андрэевым (Велікарускі аркестр). У 1930-я г. на яго ўзор арганізаваны аркестры ў Арменіі, Казахстане, Узбекістане і інш. У 1930 пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча. Прафесіяналізацыя аркестра народных інструментаў абумовіла ўдасканаленне і ўтварэнне сем’яў тых інструментаў, якія склалі аснову іх пэўных нац. разнавіднасцяў (напр., бел. цымбалаў), пабудову аркестраў на ўзор сімфанічнага (падзел інструментаў на групы).
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (London Philharmonic Orchestra),
адзін з лепшых аркестраў Еўропы. Засн. ў 1932 англ. дырыжорам і імпрэсарыо Т.Бічэмам. З 1933 удзельнічаў у канцэртах Каралеўскага філарманічнага і Каралеўскага хар. т-ваў, летніх оперных спектаклях т-ра «Ковент-Гардэн», розных фестывалях. З канца 1930-х г. — самаст. арганізацыя. Выканальніцкаму майстэрству ўласцівы ансамблевая зладжанасць, маляўнічасць гучання, рытмічная дакладнасць, тонкае адчуванне стылю. У рэпертуары творы сусв. класікі, англ. аўтараў, сучасных кампазітараў. У розны час аркестрам дырыжыравалі Э.Ансермэ, Э. ван Бейнум, Б.Вальтэр, Г.Караян, Э.Клейбер, Ш.Мюнш, М.Сарджэнт, В.Фуртвенглер і інш. Сярод кіраўнікоў Т.Бічэм, А.Боўлт, Б.Хайтынк.
т. 9, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭ́НТ (ад лац. accentus націск),
1) тое, што націск.
2) Знак націску над літарай («вада́»).
3) Асаблівасці вымаўлення, уласцівыя асобе, якая гаворыць не на роднай мове.
4) Вылучэнне, падкрэсліванне таго, што з’яўляецца найб. важным, галоўным у артыкуле, маст. творы і г.д. 5) У музыцы — вылучэнне, падкрэсліванне гуку або акорда. Адрозніваюць акцэнт дынамічны (узмацненне гучання), метрычны (вылучэнне апорных доляў такта), рытмічны (перанясенне націску з апорных доляў на слабыя — сінкопа, рытмічнае падаўжэнне гуку), агагічны (затрымка або зацягванне гуку), меладычны (вылучэнне гуку меладычным скачком або арнаментальнай фігурай). Сродкам акцэнтавання служыць і раптоўная змена гармоніі, тэмбру і інш.
т. 1, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,
сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.
т. 10, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р (італьян. minore ад лац. minor меншы; таксама moll ад лац. mollis мяккі),
музычны лад, у аснове якога ляжыць малое (мінорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае цёмную афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мажору (выяўляецца паняццем мінорнасці), што складае адзін з найб. важных эстэт. кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны і меладычны. Ускладненне 7-ступеннага гукарада М. звязана з вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з найб. пашыраных ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972.
Т.С.Ляшчэня.
т. 10, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.
т. 6, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́Р (франц. majeur, італьян. maggiore ад лац. major большы),
лад, у аснове якога ляжыць вялікае (мажорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае светлую афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мінору, што складае адзін з найб. важных кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны (з VI паніжанай ступенню) і меладычны (з VI і VII паніжанымі ступенямі). Эвалюцыя М. выявілася ва ўзбагачэнні 7-ступеннай асновы вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з асн. ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972;
Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.
Т.С.Ляшчэня.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)