ГРУШАВЫ́ (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 24.7.1950, Мінск),

бел. філосаф, грамадскі дзеяч. Д-р філас. н. (1994), праф. (1995). Заснавальнік і прэзідэнт Бел. дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» (з 1989). Старшыня Бел. хрысц.-дэмакр. партыі (з 1996). Скончыў БДУ (1972), працаваў у ім. З 1991 у Ін-це сучасных ведаў (прарэктар). Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1990—95), 1996. Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Зах. Еўропы і Беларусі эпох Адраджэння і Асветніцтва, тэарэтыка-метадалаг. праблемы пазнання, сац. філасофіі і паліталогіі. Аўтар працы «Аказіяналізм Н.​Мальбранша» (1978) і інш.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),

падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.

Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.

Да арт. Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЕНАКІ́СЛАЕ БРАДЖЭ́ННЕ,

зброджванне вугляводаў (напр., крухмалу), спіртоў і арганічных кіслот з утварэннем масленай, воцатнай к-т, вуглякіслага газу і інш.; адзін з асн. відаў браджэння. Ажыццяўляецца бактэрыямі роду Кластрыдыум. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай і парфумернай прам-сці для атрымання масленай к-ты, эфіры якой маюць прыемны пах (напр., грушавы, ананасны). Выклікае таксама псаванне прадуктаў (напр., сыру, квашанай агародніны, сіласаваных кармоў).

т. 10, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕНА́РЫУС ((Avenarius) Рыхард) (19.11.1843, Парыж — 18.8.1896),

швейцарскі філосаф-ідэаліст, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму. Праф. Цюрыхскага ун-та. У цэнтры філасофіі паняцце вопыту, ачышчанага ад аб’ектыўнай рэальнасці, у выніку чаго здымаецца процілегласць свядомасці і матэрыі, псіхічнага і фізічнага. Выступаў з суб’ектыўна-ідэаліст. тэорыяй «прынцыповай каардынацыі» (без суб’екта няма аб’екта, без свядомасці — матэрыі). Прынцып «найменшай траты сіл» на чалавечае пазнанне прывёў Авенарыуса да біялагізму, суб’ектывізму, агнастыцызму.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСАГО́Р (Anaxagoras) з Клазамен

(каля 500—428 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Заснаваў у Афінах першую прафес. школу філасофіі. З яго твораў захаваліся асобныя фрагменты. У цэнтры натурфілас. вучэння Анаксагора арыгінальная мадэль фізічнай рэальнасці: усё ў прыродзе складаецца з бясконцай колькасці бясконца падзельных часцінак (гамеамерый). Інертная матэрыя прыводзіцца ў рух розумам (нусам). Пазнанне свету адбываецца з дапамогай чалавечага розуму, які абапіраецца на адчуванні. Шэраг здагадак Анаксагора ў астраноміі і матэматыцы развіты навукай пазнейшага часу.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. occasionalis выпадковы),

ідэалістычны кірунак зах.-еўрап. філасофіі 17 ст., які сцвярджаў немагчымасць узаемадзеяння душы і цела без прамога ўмяшання Бога. Прадстаўнікі аказіяналізма (А.​Гейлінкс, Н.​Мальбранш) ідэалістычна перапрацавалі дуаліст, філасофію Р.​Дэкарта (гл. Картэзіянства). Аказіяналізм тлумачыў механістычнае прыродазнаўства ў рэліг. ідэаліст. духу, што адкрывала шлях да паслясхаластычнага абнаўлення рэліг. філасофіі. Гэта абумовіла папулярнасць аказіяналізма сярод прыхільнікаў каталіцызму. На Беларусі ідэі аказіяналізма вядомыя з пач. 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. ў навуч. установах у лекцыі па схаластычнай філасофіі ўключаліся і элементы аказіяналізма. Вучэнне аказіяналізма з пазіцый паслядоўнага механістычнага дэтэрмінізму крытыкаваў і абвяргаў Б.Дабшэвіч.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙДУКЕ́ВІЧ ((Ajdukiewicz) Казімеж) (12.12.1890, г. Цярнопаль, Украіна — 12.4.1963),

польскі логік, філосаф. Правадзейны чл. Польскай АН (з 1952). Праф. Львоўскага, Варшаўскага ун-таў (1925—38). У 1938 узначаліў Пазнанскае філас. т-ва, з 1953 гал. рэдактар час. «Studia logica» («Лагічныя даследаванні»). Прадстаўнік львоўска-варшаўскай школы, якая ставіла задачу лагічнага абгрунтавання і ўмацавання рацыяналізму ў процівагу ірацыяналізму. Паводле філас. поглядаў быў блізкі да ідэй лагічнага пазітывізму. Распрацаваў логіка-семантычную канцэпцыю значэння як спосабу ўжывання тэрміна ў пэўнай канцэптуальнай сістэме тэорыі лагічнага вываду, індуктыўнай логікі, азначэння, лагічнай семантыкі і сінтаксісу.

Тв.:

Język i poznanie. T. 1—2. Warszawa, 1960—65: The scientific world-perspective and other essays, 1931—63. Dordrecht, 1978.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ ПЛАТО́НАЎСКАЯ,

старажытнагрэчаская філас. школа. Засн. Платонам каля 387 да н.э. каля Афін. Існавала да 529 н.э. Сцвярджала традыцыю аб’ектыўнага ідэалізму. У гісторыі акадэміі платонаўскай вылучаюць: Стараж. Акадэмію (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат), якая падтрымлівала піфагарэізм і распрацоўвала праблемы матэматыкі, натурфіласофіі, дыялектыкі; Сярэднюю (Аркесілай, Лакід) і Новую (Карнеад) акадэміі, якія з пазіцый скептыцызму выступалі супраць вучэння стоікаў; т.зв. 4-ю і 5-ю акадэміі, якія эклектычна злучалі платонаўскі ідэалізм са стаіцызмам, піфагарэізмам, арыстацелізмам. З 4 ст. акадэмія платонаўская развівала вучэнне неаплатанізму. У эпоху Адраджэння акадэмія платонаўская адноўлена ў Фларэнцыі (1459—1521; М.​Фічына, Піка дэла Мірандала). Ідэі акадэміі платонаўскай на Беларусі знайшлі адлюстраванне ў поглядах Ф.​Скарыны, С.​Буднага і інш.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́СТА (Acosta),

да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.​Спінозы.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРАІ́ЗМ,

кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст. Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізму: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.​Пампанацы, Дж.​Бруна і інш. У 14—16 ст. еўрап. цэнтрамі авераізму былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізму вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)