Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вяночак (у кветак) 5/540, 540—541 (укл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́ЧАКкветкі,
унутраная, звычайна ярка афарбаваная частка двайнога калякветніка кветкавых раслін. Складаецца з відазмененых лісцікаў (пялёсткаў). Адрозніваюць вяночак раздзельнапялёсткавы, у якім пялёсткі свабодныя (напр., у свірэпы, суніц, зоркаўкі), і зрослапялёсткавы (напр., у шчамяліцы, шалфею, тытуню). Афарбоўка вяночка звычайна залежыць ад асобных пігментаў (антацыянаў і флавонаў), раствораных у клетачным соку пялёсткаў. Вяночак — важная таксанамічная прыкмета, вяночак робіць кветку больш прыкметнай для насякомых і птушак, якія апыляюць расліны, ахоўвае тычынкі і слупкі ад пашкоджанняў, іншы раз выдзяляе нектар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯНО́ЧАК», «Вяночкі»,
бел. сцэнічны танец, у якім сінтэзаваны тыповыя рысы дзявочых карагодаў. Вызначаецца лірычнасцю і дэкаратыўнасцю. Муз. памер . Тэмп умераны. Створаны К.Мулерам для пастаноўкі нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949), увайшоў у рэпертуар Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, самадз. калектываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯКВЕ́ТНІК,
лістападобныя покрыўныя органы кветкі, якія акружаюць тычынкі і песцік. У падвоенага К. (званочак) вонкавыя зялёныя лісцікі — чашачка, унутр. ярка афарбаваныя — вяночак. Просты К. складаецца з аднолькавых па афарбоўцы лісткоў (у лілеі). Бывае ярка афарбаваны, паходзіць на вяночак і наз. вяночкападобным (у цюльпана), калі К. зялёны і паходзіць на чашачку то наз. чашачкападобным (у крапівы). У некат. відаў К. адсутнічае (у вярбы, ясеня), таму кветкі наз. голымі ці бяспокрыўнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКА́НДРА (Nicandra),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 1 від — Н.фізалісападобная (N. physaloides). Радзіма — Паўд. Амерыка, адкуль занесена ўсюды. Культывуецца на Беларусі, трапляецца як здзічэлая і заносная на агародах, засмечаных месцах.
Аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцябло цвёрда-апушанае, рабрыстае, галінаванае. Лісце чаргаванае, яйцападобнае, выемчата-зубчастае. Кветкі адзіночныя, паніклыя. Вяночак званочкавы з блакітнаватым адгінам і белай трубачкай. Плод — шматнасенная сухая ягада ў пухірападобнай крылатай чашачцы. Лек., дэкар. і ядавітая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПЕ́РСТАЎКА (Digitalis),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Н. буйнакветная (D. grandiflora). Трапляецца ў хмызняках, на ўзлесках. Культывуецца Н. пурпуровая (D. purpurea).
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Сцёблы прамыя, негалінастыя Лісце чаргаванае, суцэльнае, ланцэтападобнае або прадаўгавата-яйцападобнае. Кветкі ў верхавінкавых густых гронкападобных суквеццях, няправільныя, пераважна буйныя, жоўтыя, пурпуровыя, рудаватыя. Вяночак двухгубы, званочкавы, нагадвае напарстак (адсюль назва) або шарападобна ўздуты. Плод — каробачка. Трава Н. (пераважна лісце) выкарыстоўваецца ў медыцыне. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНОЛІЯПСІ́ДЫ (Magnoliales),
парадак двухдольных раслін. Найб. прымітыўныя з існуючых кветкавых раслін 8 сям., 174 роды, каля 3 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды з родаў магнолія і лірыядэндран (гл.Цюльпаннае дрэва) сям магноліевых.
Вечназялёныя і лістападныя дрэвы і кусты. Лісце з прылісткамі або без іх. Кветкі спіральныя, спірацыклічныя, часта з доўгай воссю, адзіночныя ці ў суквеццях. Калякветнік просты або дыферэнцыраваны на чашачку і вяночак. Тычынкі пераважна шматлікія, часта стужкападобныя. Лек., дэкар., тэхн., харч. расліны.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. Цветковые растения. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (Heliotropium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (H. europaeum) і шарсцістаплодны (H. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомы дэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (H. peruvianum) і шчыткападобнага (H. corymbosum).
Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПЯЛЁСНІК (Circaea),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. 12 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 віды: Д. альпійскі (C. alpina) і парыжскі, або вядзьмак-трава (C. lutetiana). Растуць у сырых і цяністых лясах, у хмызняках, ярах, на пнях і калодах. Утвараюць гібрыдную форму — Д. прамежкавы (C. intermedia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам і прамастойным або ўзыходным простым ці галінастым сцяблом. Лісце супраціўнае, суцэльнае, на чаранках, яйца- ці сэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, ружаватыя ці бэзаватыя, у канцавых простых або галінастых гронках. Вяночак з 2 адваротнаяйцападобных пялёсткаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны, 1—2-гнездавы, укрыты кручкападобна сагнутымі валаскамі. Лек. і фарбавальныя расліны.