працэс змены ў часе стану некаторай прыроднай ці тэхнічнай сістэмы ў адпаведнасці з імавернаснымі заканамернасцямі. Характарыстыкі выпадковага працэсу ў кожны момант часу — выпадковыя велічыні з пэўным размеркаваннем імавернасцей.
Тыповыя прыклады выпадковага працэсу: броўнаўскі рух, турбулентны рух вадкасцей і газаў, распаўсюджванне радыёхваль, рух трансп. патокаў, міграцыі жывёл, змены складу біяцэнозаў і інш. Пры апісанні і аналізе выпадковага працэсу выкарыстоўваюцца метады рашэння дыферэнцыяльных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў (гл.Маркаўскі працэс), метады функцыянальнага аналізу і інш. Пры дапамозе тэорыі выпадковага працэсу вырашаецца большасць задач масавага абслугоўвання тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СГАЦЫЯНА́РНЫ ВЫПАДКО́ВЫ ПРАЦЭ́С,
працэс, імавернасныя характарыстыкі якога застаюцца нязменнымі на працягу часу назіранняў; асобны клас выпадковых працэсаў. Набліжана апісвае многія рэальныя працэсы, якія маюць неўпарадкаваныя флуктуацыі, напр., пульсацыі сілы току ці напружання ў эл. ланцугу (эл. шум) можна разглядаць як С.в.п., калі гэты ланцуг знаходзіцца ў стацыянарным рэжыме (усе яго макраскапічныя характарыстыкі і ўмовы, што выклікалі працяканне току, не змяняюцца ў часе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУА́ЛЬНАСЦЬ (лац. casualis ад casus выпадак),
вучэнне аб выпадковасці; погляд, што ў свеце пануе выпадковасць, адстойвалі Эпікур, Лукрэцый Кар і інш. філосафы. У пераносным сэнсе казуальны — выпадковы, адзінкавы, які не паддаецца абагульненню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТАДАПТА́ЦЫЯ (ад пост... + адаптацыя),
эвалюцыйнае змяненне арганізмаў (або органаў), якое ўдасканальвае іх адаптацыю да ўжо асвоенага асяроддзя пражывання. П. проціпастаўляюць прэадаптацыі, якая развіваецца на падставе П. да папярэдняга асяроддзя пражывання (або да папярэдняй адаптыўнай ролі органа). Прэадаптацыя і П. фарміруюцца ў працэсе эвалюцыі, якая накіроўваецца натуральным адборам, але П. — яго непасрэдны вынік, а прэадаптацыя — ускосны выпадковы вынік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАМІ́КСІС (ад апа... + грэч. mixis змяшэнне),
спосаб бясполага размнажэння раслін і жывёл; утварэнне зародка без апладнення. Бывае пастаянны, спадчынны, або выпадковы, няспадчынны. Яго можна выклікаць эксперыментальна — фіз.-хім. ўздзеяннямі (індуцыраваны апаміксіс). Пры апаміксісе зародак можа ўтварацца з неаплодненай яйцаклеткі (партэнагенез), з клетак зарастка або зародкавага мяшка (апагамія), з клетак спарафіта (апаспарыя), з саматычных клетак семязавязі — нуцэлуса, інтэгументаў (адвентыўная эмбрыянія). Апаміксісы ў форме партэнагенезу вядомы ў чарвей, насякомых, рыб, паўзуноў. Розныя формы апаміксісу выяўлены амаль ва ўсіх групах расліннага свету. Выкарыстоўваюць у селекцыі, напр. для спадчыннага замацавання гетэрозісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁНАК Яўген Пятровіч (26.12.1917, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1973),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це (1934—35). З 1935 працаваў у бел. газетах, у 1939—43 — на Д. Усходзе. З 1948 у Мінску, у 1958—66 гал. рэдактар час. «Нёман». Першы зборнік прозы «Зялёныя агні» (1954). У яго творах — жыццё рабочых-чыгуначнікаў, моладзі, маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў «Прызванне» (1956), «Выпадковы прыпынак», «Розныя дарогі», драмы «Каралеўскі гамбіт» (усе 1957), «Вячэрняя размова» (1968), «На перагоне» (1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫСТРЫ́ЦКАЯ Эліна Аўраамаўна (н. 4.4.1928, Кіеў),
руская актрыса. Нар.арт.СССР (1978). Скончыла Кіеўскі ін-ттэатр.маст. імя І.Карпенкі-Карага (1953). З 1958 у Малым т-ры Расіі. Праф. (1979) Расійскай акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод роляў: Юлія Піліпаўна («Дачнікі» М.Горкага, і ў кіно), Дона Ганна («Каменны ўладар» Лесі Украінкі), баранэса Штраль («Маскарад» М.Лермантава), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага); выканала 7 роляў у спектаклі «Выпадковы вальс» паводле кнігі С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» (т-р Эстрады). З 1951 здымаецца ў кіно: «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Добраахвотнікі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. occasionalis выпадковы),
ідэалістычны кірунак зах.-еўрап. філасофіі 17 ст., які сцвярджаў немагчымасць узаемадзеяння душы і цела без прамога ўмяшання Бога. Прадстаўнікі аказіяналізма (А.Гейлінкс, Н.Мальбранш) ідэалістычна перапрацавалі дуаліст, філасофію Р.Дэкарта (гл.Картэзіянства). Аказіяналізм тлумачыў механістычнае прыродазнаўства ў рэліг.ідэаліст. духу, што адкрывала шлях да паслясхаластычнага абнаўлення рэліг. філасофіі. Гэта абумовіла папулярнасць аказіяналізма сярод прыхільнікаў каталіцызму. На Беларусі ідэі аказіяналізма вядомыя з пач. 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. ў навуч. установах у лекцыі па схаластычнай філасофіі ўключаліся і элементы аказіяналізма. Вучэнне аказіяналізма з пазіцый паслядоўнага механістычнага дэтэрмінізму крытыкаваў і абвяргаў Б.Дабшэвіч.