у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦКІ СУД,
прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж.гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́КС,
рака ў Закаўказзі (вярхоўі ў Турцыі, ніжняе цячэнне ў Азербайджане); правы прыток Куры. На значным працягу па Араксе праходзіць мяжа Арменіі і Азербайджана з Турцыяй і Іранам. Даўж. 1072 км, пл.бас. 102 тыс.км². Пачынаецца на схілах хрыбта Бінгёль, у вярхоўях цячэ ў вузкай глыбокай даліне, у сярэднім цячэнні (на Арарацкай раўніне) даліна расшыраецца, рака падзяляецца на рукавы, нізоўі на Кура-Араксінскай нізіне. Жыўленне мяшанае. Разводдзе з сак. да чэрв., дажджавыя паводкі ў ліст.—снежні. Сярэдні расход вады 285 м³/с. Штогод выносіць 16 млн.т наносаў. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Араксе азерб.іранскі гідратэхн. комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАВО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ,
згода бакоў на спыненне ў любой стадыі суд. працэсу суд. спрэчкі на аснове ўзаемных уступак. Паводле цывільнага працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь магчымасць вырашэння спрэчкі шляхам М.п. суддзя высвятляе і ў працэсе падрыхтоўкі справы да суд. разбору. Кантроль за законнасцю М.п. належыць суду: ён не зацвярджае М.п., калі яно супярэчыць закону або парушае чые-н. правы ці інтарэсы, якія ахоўваюцца законам. Умовы М.п., выкладзеныя бокам у суд. пасяджэнні, заносяцца ў пратакол суд. пасяджэння і падпісваюцца абодвума бакамі. Пры зацвярджэнні М.п. суд выносіць вызначэнне пра спыненне вядзення па справе, у якім указваюцца ўмовы М.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ САВЕ́Т (англ. Nordic Council),
рэгіянальная кансультатыўная міжпарламенцкая арг-цыя дзяржаў Паўн. Еўропы для садзейнічання іх супрацоўніцтву ў эканам., сац., культ. і прававой галінах; з 1990-х г. абмяркоўвае і пытанні міжнар. палітыкі. Засн. ў чэрв. 1952 паводле рашэння Паўн. міжпарламенцкага савета (створаны ў 1907, члены: Данія, Нарвегія, Швецыя). Штаб-кватэра ў г. Осла. Уваходзяць прадстаўнікі Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі (з 1952) і Фінляндыі (з 1955) — усяго 87 чал. (з 1984), якіх на прапарцыянальнай аснове выбіраюць на 1 год нац. парламенты краін-удзельніц: 16 ад Даніі (яшчэ па 2 ад Фарэрскіх а-воў і Грэнландыі), 18 ад Фінляндыі (яшчэ 2 ад Аландскіх а-воў), 7 ад Ісландыі, па 20 ад Нарвегіі і Швецыі. П.с. выносіць рэкамендацыі ўрадам і Паўн. савету міністраў (дзейнічае з 1971). У рабоце арг-цыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі ўрадаў дзяржаў-удзельніц з правам дарадчага голасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́Д (Vitis),
род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40°паўн. ш. і 35—45°паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.
Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл.Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́Л,
возера ў Расійскай Федэрацыі, на ПдУсх. Сібіры (у Бураціі і Іркуцкай вобл.). 456 м над узр. м.Пл. 31,5 тыс.км², даўж. 636 км, найб. шырыня 79,4 км. Самае глыбокае (1620 м) і вялікае па аб’ёме прэснай вады (23 тыс.км³) у свеце, змяшчае каля 1/5сусв. запасаў прэснай вады (без ледавікоў). Пл. вадазбору больш за 550 тыс.км². У Байкал упадае 336 рэк, у т. л. Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Турка. Выцякае р. Ангара, якая выносіць за год каля 61 км³ вады. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання. Раён Байкала высокасейсмічны, шматлікія землетрасенні. 27 астравоў, найбольшы Альхон (пл. каля 730 км²). Байкал абкружаны горнымі хрыбтамі. Берагавая лінія слаба парэзаная. Самыя вял. залівы ў сярэдняй ч. возера: Баргузінскі, Чывыркуйскі (падзеленыя п-вам Святы Нос), Правал, губы Аяя і Фраліха. Ветравыя хвалі (да 5 м), згонна-нагонныя з’явы. Т-ра вады на паверхні ў жн. ў адкрытай частцы 12—14 °C, каля берагоў 18—20 °C, на глыбіні амаль пастаянная ўвесь год (3,2—3,5 °C). Ледастаў з канца снеж. — пач.студз. да пач. мая. У вытоку Ангары Байкал не замярзае. Вада адрозніваецца вял. празрыстасцю (да 40 м) і чысцінёй. Праводзяцца работы па памяншэнні адмоўнага ўплыву гаспадаркі навакольных раёнаў на водныя рэсурсы возера. Раён Байкала характарызуецца складанай сістэмай мясцовых вятроў: з ПнЗ — сарма (у раёне в-ва Альхон), з ПнУ — баргузін, з ПдЗ — култук. У флоры і фауне каля 2600 відаў і разнавіднасцяў, у т. л. ¾ эндэмікі: бычкі, жывародная рыба галамянка і інш.Прамысл. рыбы: байкальскі омуль, сіг, харыус, часцікавыя і інш. Водзіцца байкальскі цюлень. Развіты рыбалоўства, суднаходства. Гал. гарады Слюдзянка, Байкальск; прыстані Байкал, Лісцвянка, Танхой, Усць-Баргузін, Северабайкальск. У пас. Лісцвянка Лімналагічны ін-т Сібірскага аддзялення АН Расіі, у пас. Вялікія Каты гідрабіял. станцыя Іркуцкага ун-та. Паўн.-ўсх.ч. Байкала ў складзе Баргузінскага запаведніка, на паўд. узбярэжжы Байкальскі запаведнік, на зах. — Прыбайкальскі нац. парк і Верхняленскі запаведнік. Байкал і навакольныя мясцовасці — раён турызму і адпачынку. Па паўд. узбярэжжы Байкала праходзіць Транссібірская, па паўн. — Байкала-Амурская магістралі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo),
рака ў Цэнтр. Афрыцы, пераважна ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга (дзе наз. Заір), часткова на яе межах з Рэспублікай Конга і Анголай. Даўж. 4320 км (ад вытоку р. Луалаба), пл.бас. 3,7 млн.км². Па даўжыні займае 2-е месца ў Афрыцы (пасля Ніла), па плошчы басейна і воднасці 1-е месца ў Афрыцы і 2-е ў свеце (пасля р. Амазонка). Вытокі на ПдУДэмакр. Рэспублікі Конга на плато каля мяжы з Замбіяй, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Банана. Верхняе цячэнне (да вадаспада Баёма) па пласкагор’ях і плато, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні (ад вадаспада Баёма да г. Кіншаса) у межах упадзіны Конга — раўнінная рака з шырокай далінай (да 20 км), падзяляецца на рукавы і пратокі. Ніжняе цячэнне (ад г. Кіншаса да вусця) пераважна ў глыбокай цясніне па Паўд.-Гвінейскім узв., шмат парогаў і вадаспадаў (Лівінгстана і інш.). Каля г. Матады К. выходзіць на вузкую прыморскую нізіну, рэчышча шыр. да 1,5 км. Каля г. Бома пачынаецца эстуарый. Гал. прытокі: Арувімі, Убангі, Санга (справа), Ламамі, Лулонга, Рукі, Касаі (злева). Да бас. К. належаць буйныя азёры — Танганьіка, Ківу, Бангвеулу, Мверу і інш. Жыўленне дажджавое. Макс. паводкі ў вярхоўях у ліст.—студз., у сярэднім і ніжнім цячэнні — у маі—чэрв. і ліст.—студзені. Сярэдні гадавы расход вады 46 тыс.м³/с. Вял. масы вады, якія К. выносіць у акіян, апрасняюць яго на 75 км ад берага. Цвёрды сцёк каля 50 млн.т за год. Значныя запасы гідраэнергіі (каля 390 ГВт). Вял. 1 ЭС — Нзіла, Нсеке (на р. Луалаба), Інга (у ніжнім цячэнні). Рыбалоўства (тылапія, нільскі акунь, барбель, тыгравая рыба, прэснаводны селядзец і інш.). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў у бас. К. каля 20 тыс.км. Уласна К. (укл. Луалабу) суднаходная на б.ч. цячэння за выключэннем парожыстых участкаў, у абход якіх пабудаваны чыгункі. Ніжэй г. Матады заходзяць акіянскія судны. Гал. рачныя парты — Бразавіль (Рэспубліка Конга), Кіншаса, Кісангані, марскія — Матады, Бома, Банана (Дэмакр. Рэспубліка Конга).