род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і і Азіі. Культывуецца Ш. пасяўны (C. sativus). На Беларусі інтрадукавана каля 20 відаў і 60 сартоў. Найб. вядомыя Ш.: банацкі (C. banaticus), вясенні (C. vernus), залацістакветкавы (C. chrysanthus) і інш.
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны выш. 5—18 см. Сцябло не развіваецца. Лісце прыкаранёвае, лінейнае, з белай палоскай, паяўляецца ў перыяд цвіцення або пасля яго. Кветкі белыя, ліловыя, пурпуровыя, жоўтыя, правільныя, адзіночныя (зрэдку 2—3). Калякветнік з доўгай трубкай (больш за 10 см), што выносіць кветку над паверхняй глебы, завязь застаецца пад зямлёй. Цвітуць ранняй вясной, некат. — восенню. Плод — каробачка. Высушаныя рыльцы Ш. пасяўнога пад назвай «шафран» спажываюць як прыправу, фарбу з іх выкарыстоўваюць у кандытарскай і харч. прам-сці. Харч., тэхн., дэкар. расліны.