Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАША́К,
гібрыд ад скрыжавання асліцы з жарабцом. Знешне бліжэй да каня, чым да асла. Звычайна драбнейшы за мула і не такі дужы. Бясплодны. Гасп. значэння амаль не мае (выключэнне Л., якога гадуюць у Кітаі).
т. 9, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНАЯ СІ́ЛА ЗАКО́НУ,
пашырэнне дзеяння закону на факты і юрыд. вынікі, якія ўзніклі да набыцця ім сілы. У бел. праве паводле агульнага правіла закон адваротнай сілы не мае. Выключэнне складае крымін. закон, нормы якога ўстараняюць наогул пакаранне за адпаведнае дзеянне (бяздзеянне) ці змякчаюць пакаранне ў параўнанні з раней дзеючым законам.
т. 1, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛУЧЭ́ННЕ ад царквы,
выключэнне з рэлігійнай абшчыны асоб за тое, што адмаўляюць Бога, не шануюць Маці Божую, святыя абразы. Выкарыстоўваецца як мера царк. пакарання ў праваслаўі, каталіцызме, іудаізме і некаторых інш. рэлігіях. Кананічнае права адрознівала вялікае адлучэнне, урачыстае (анафема) і малое (часовае, якое «вылечвае»). У сучасных умовах назіраюцца тэндэнцыі да адмаўлення ад такога пакарання.
т. 1, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),
род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.
Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.
А.І.Ерашоў.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́Д ЭЛЕМЕНТА́РНЫ,
найменшы зарад электрычны (дадатны ці адмоўны), роўны па абс. значэнні зараду электрона. Абазначаецца e і роўны 1,60211733(49)∙1019 Кл (упершыню вымераны Р.Мілікенам у 1911). Усе элементарныя часціцы маюць зарад 0 (напр., нейтроны), +е (пратоны, пазітроны) або -е (электроны, антыпратоны); выключэнне — некаторыя рэзанансы, зарад якіх кратны е. Часціцы з дробавымі З.э. не назіраліся, аднак у тэорыі моцных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка) мяркуецца існаванне часціц з зарадам, кратным (1/3)e (гл. Кваркі).
А.У.Астапенка.
т. 6, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАТКО́ВЫЯ ЛЬГО́ТЫ,
частковае або поўнае вызваленне пэўнага кола фіз. і юрыд. асоб ад платы падаткаў шляхам вылічэнняў ці скідак пры вызначэнні падаткаў. П.л. маюць на мэце стымуляванне развіцця эканомікі, прыярытэтных галін, асобных вытворчасцей, рэгіёнаў краіны. Існуюць розныя формы П.Л.: неабкладны мінімум аб’екта падатку; выключэнне з абкладання пэўных элементаў аб’екта падатку; вызваленне ад платы падаткаў пэўных асоб або катэгорый плацельшчыкаў або паніжэнне падатковых ставак; вылік з падатковага плацяжу за разліковы перыяд; мэтавыя П.Л., падатковыя крэдыты, адтэрміноўкі спагнання падаткаў і інш.
М.Е.Заяц.
т. 11, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНО́М (англ. genome ад грэч. genos род, паходжанне),
адзінарны (гаплоідны) набор храмасом з лакалізаванымі ў ім генамі; асн. генет. і фізіял. сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпа геном уяўляе сабой характарыстыку віду, а не асобнага арганізма. У гаплафазе дыплоіда кожная клетка мае 1 геном, у дыплафазе — 2 (адзін уведзены ў зіготу жаночай, другі — мужчынскай гаметай). Выключэнне складаюць паліплоідныя формы. Пры аддаленай гібрыдызацыі магчыма атрыманне алапаліплоідаў (напр., гібрыды ад скрыжавання пшаніцы і жыта), якія нясуць розныя геномы. Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.
т. 5, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФА́ЗА (ад лац. inter паміж + фаза),
інтэркінез, частка жыццёвага цыкла клеткі паміж двума паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі. У клетках, якія страцілі здольнасць дзялення (напр., нейронах) — перыяд ад апошняга мітозу да смерці клеткі. Да І. адносіцца таксама часовы выхад клеткі з цыкла (стан спакою). У І. сінтэзуюцца рэчывы, неабходныя для існавання і наступнага дзялення клеткі, узнікаюць структуры, што забяспечваюць яе спецыфічныя тканкавыя функцыі. Працягласць І. складае 90% часу ўсяго клетачнага цыкла. Прыкмета інтэрфазных клетак — дэспіралізаваны стан храмаціну (выключэнне — палітэнныя храмасомы двухкрылых і некат. раслін, што захоўваюцца на працягу ўсёй І.).
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,
прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.
т. 9, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)