ГЕНО́М

(англ. genome ад грэч. genos род, паходжанне),

адзінарны (гаплоідны) набор храмасом з лакалізаванымі ў ім генамі; асн. генет. і фізіял. сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпа геном уяўляе сабой характарыстыку віду, а не асобнага арганізма. У гаплафазе дыплоіда кожная клетка мае 1 геном, у дыплафазе — 2 (адзін уведзены ў зіготу жаночай, другі — мужчынскай гаметай). Выключэнне складаюць паліплоідныя формы. Пры аддаленай гібрыдызацыі магчыма атрыманне алапаліплоідаў (напр., гібрыды ад скрыжавання пшаніцы і жыта), якія нясуць розныя геномы. Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)