ГЕМАЛІЗІ́НЫ,

рэчывы, здольныя вызваляць гемаглабін з эрытрацытаў крыві. Пры гэтым гемаглабін раствараецца ў плазме або навакольнай вадкасці і кроў робіцца празрыстай (лакавая кроў). Гемалізіны — прадукты жыццядзейнасці многіх бактэрый паразітычных чарвей, насякомых, скарпіёнаў, некат. ядавітых змей (лізалецыціны). Адрозніваюць нармальныя гемалізіны (прысутнічаюць у сываратцы крыві і лізіруюць уласныя эрытрацыты — аўтагемоліз), ізалізіны — лізіруюць эрытрацыты, уведзеныя ўнутрывенна ад жывёл таго ж віду, і гетэралізіны — ад інш. віду.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

прыватнаўласніцкія сяляне ў Рас. імперыі, якіх паводле ўказа 2.4.1842 памешчык меў права вызваляць ад прыгоннай залежнасці, надзяляць зямлёй у часовае карыстанне, «абавязваючы» павіннасцямі ў форме аброку або паншчыны. Указ не вызначаў памераў зямельных надзелаў, абавязкаў сялян і не абмяжоўваў улады памешчыкаў над імі. Таму становішча абавязаных сялян засталося такое, як і ў прыгонных. З 10 млн. прыгонных сялян мужч. полу да 1855 у катэгорыю абавязаных пераведзена 24 тыс.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.

П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖА́НІЧ ((Križanić) Юрый) (каля 1618, Обрх, Славенія — 12.9.1683),

харвацкі рэліг. дзеяч, публіцыст, адзін з папярэднікаў панславізму. Д-р багаслоўя (1642). Каталіцкі свяшчэннік-місіянер. Прапагандаваў ідэю «славянскага адзінства». У 1647 наведаў Маскоўскую дзяржаву. У час другога прыезду ў Маскву (1659) выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, рэліг. аб’яднанне ўсіх слав. народаў пад вяршэнствам рым. папы, палітычнае — рас. цара, намагаўся стварыць штучную агульнаслав. мову; сасланы рас. ўладамі ў г. Табольск (1661—76). У 1678 прыехаў у Вільню і ўступіў у ордэн дамініканцаў. У складзе войска Рэчы Паспалітай дапамагаў вызваляць ад тур. аблогі Вену, каля якой і загінуў. Аўтар тэалагічных, філас., мовазнаўчых і інш. трактатаў, у г.л. «Палітыка» (1663—66), «Тлумачэнне гістарычных прароцтваў» (1674).

Тв.:

Рус. пер. — Политика. М., 1965.

Літ.:

Пушкарев Л.Н. Юрий Крижанич: Очерк жизни и творчества. М., 1984.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),

расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла I. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед. ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон I прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра I пачата буд-ва Бабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач. вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц. ўнутр. і знешнюю палітыку (гл. Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры I міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).

Аляксандр I.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)