РЫЛІ́ЗІНГ-ГАРМО́НЫ (ад англ. release выпускаць, вызваляць),

гармоны, якія сінтэзуюцца ў драбнаклетачных ядрах гіпаталамуса. Паводле хім. прыроды — пептыды. Р.-г. транспартуюцца з крывёй па гіпаталама-гіпафізарнай партальнай сістэме ў гіпофіз і стымулююць (ліберыны) або прыгнечваюць (статыны) утварэнне і выдзяленне ў гіпофізе т.зв. тропных гармонаў (напр., тыратропнага, ганадатропнага і інш.), якія ўздзейнічаюць на інш. залозы ўнутр. сакрэцыі і рэгулююць выдзяленне імі адпаведных гармонаў (кортыкастэроіды. тыраксін і інш.), што непасрэдна ўдзельнічаюць у метабалічных працэсах у клетках.

Некат. Р.-г. сінтэзуюцца таксама ў інш. органах (напр., саматастатын — у эндакрынных клетках дыфузнай эндакрыннай сістэмы страўніка і падстраўнікавай залозы), удзельнічаюць у лакальных механізмах рэгуляцыі сакрэцыі ў іх. Р.-г. — адно са звёнаў, якое звязвае нерв. і энлакрынную сістэмы ў арганізме і забяспечвае іх узаемадзеянне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)