ГІМЕНЕ́Й,

у грэчаскай і рымскай міфалогіі бог шлюбу, сын Дыяніса і Афрадыты (ці Апалона і адной з муз). Яго ўяўлялі прыгожым юнаком з гірляндамі кветак і факелам у руцэ. Гіменей — спявак і музыкант, раптоўна памёр (ці страціў голас) на вяселлі Дыяніса. Каб увекавечыць Гіменея, яго імя абвяшчалі на вяселлях, а ўрачыстую песню ў гонар маладых наз. гіменей. У пераносным сэнсе вузы Гіменея — шлюб.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЦІ (стараж.-інд. — задавальненне, асалода),

у міфалогіі індуізму багіня любоўнай асалоды, жонка бога кахання Камы. Паводле міфа, калі адзін з вярх. багоў Шыва спапяліў Каму, Р. звярнулася з упрошваннямі да яго жонкі Парваці і Шыва адрадзіў Каму ў выглядзе нованароджанага сына Крышны Прад’юмны. Р. ў абліччы смяротнай жанчыны вырасціла Каму, паведаміла яму пра іх былыя шлюбныя вузы і зноў стала яго жонкай.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЛЮ́К (Лілія Васілеўна) (н. 2.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідраэкалогіі. Д-р біял. н. (1992), праф. (1997). Скончыла БДУ (1959). У 1963—72 і з 1979 працуе ў ім. Навук. працы па метадах аптымізацыі экасістэм рыбаводных сажалак з мэтай павелічэння выхаду рыбапрадукцыі, вывучэнні структуры і функцыянавання зоапланктоннага згуртавання вадаёмаў пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння.

Тв.:

Пособие по биологии для поступающих в вузы. Мн., 1993 (у сааўт.);

Биология в вопросах и ответах: Уч. пособие. Мн., 1997 (разам з М.​А.​Лемязой, М.​Дз.​Лісавым).

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл. Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.​Р.​Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.​С.​Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.

Літ.:

Н.​В.​Неврев: [Альбом]. М., 1964.

В.​Д.​Бабровіч.

М.Неўраў. Торг. 1866.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕІ́ТАЎ (Сагінгалі) (н. 20.11.1917, Акжаікскі р-н Уральскай вобл., Казахстан),

казахскі паэт, літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1961). Скончыў Алма-Ацінскі пед. ін-т (1941). Удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Працуе ў Ін-це л-ры і мастацтва АН Казахстана (з 1961). Друкуецца з 1930-х г. Аўтар паэт. зб-каў «Ад сэрца да сэрца» (1953), «Да вышынь» (1963), «Рэха» (1967), «Я заўсёды з вамі» (1968) і інш. Даследуе каз.-бел. літ. ўзаемасувязі, творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка і інш.: арг. «Янка Купала» (1954), «Літаратура беларускага народа» (1955), «Вузы трывалых сувязей» (1965), «Голас народнага трыбуна», «Прачытай і перадай другому» (1982). Беларусі прысвяціў вершы «Балада пра Пінскія балоты», «Магілёў», «Мінск узяты», «Школа», «Канстанцін Заслонаў», «Брэст» і інш., апавяд. і нарысы «Вочы эскадрона», «Паядынак». На каз. мову пераклаў вершы Я.​Купалы, М.​Танка. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, У.​Корбан, В.​Рагойша.

Тв.:

Рус. пер. — Капли на тополях. Алма-Ата, 1961;

Сокровенное. Алма-Ата, 1981.

Літ.:

Рагойша В. Дыялогі з палымянай памяццю // Маладосць, 1976. № 2.

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)