«СКАКУ́ХА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Танец імправізацыйнага характару, выконваецца весела, разгульна, пад прыпеўкі гумарыст. зместу. Дробныя рухі ног (дробушкі) спалучаюцца з хуткімі вярчэннямі і размахваннем хусткай. «С.» танцуюць жанчыны на дажынках, «каравайніцы» на вяселлях (т.зв. бабскія скакухі). Зафіксаваны ў 1-й пал. 19 ст., быў вельмі пашыраны на Беларусі са значнымі рэгіянальнымі адрозненнямі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),

дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:

Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.​Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)

С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.​Уітмен, У.​Блейк, Г.​Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.​Фет, Я.​Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.​Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.​Блок, В.​Брусаў, У.​Маякоўскі, у замежнай л-ры П.​Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).

У бел. паэзію С.в. увёў М.​Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.​Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, А.​Грачанікаў, С.​Дзяргай, В.​Зуёнак, А.​Лойка, П.​Макаль, Н.​Мацяш, А.​Наўроцкі, П.​Панчанка, А.​Разанаў, Я.​Сіпакоў, М.​Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДА́НЫ СКАЗ,

поліпрэдыкатыўная сінтаксічная адзінка, арганізаваная з двух і больш простых сказаў, аб’яднаных у структурнае, сэнсавае і інтанацыйнае адзінства. У С.с. простыя сказы страчваюць уласцівую ім грамат., інтанацыйную, сэнсавую самастойнасць і ператвараюцца ў састаўныя ўзаемна звязаныя прэдыкатыўныя часткі, якія дапаўняюць або характарызуюць адна адну. Сінтакс. сувязь гэтых частак ажыццяўляецца злучнікавым або бяззлучнікавым спосабам, а таксама інтанацыяй і структурнымі іх суадносінамі.

Паводле сродкаў сувязі С.с. падзяляюцца на злучнікавыя, бяззлучнікавыя і камбінаваныя. Сярод злучнікавых вылучаюць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы. У складаназлучаных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна раўнапраўныя, аб’яднаны злучальнымі злучнікамі і выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя і розныя віды далучальных адносін: «Ці то сонца свеціць, ці то месяц ясны вам смяецца з неба весела і шчасна» (Я.​Купала). У адпаведнасці з будовай і характарам выражаных адносін складаназлучаныя сказы могуць мець адкрытую або закрытую структуру. У складаназалежных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна нераўнапраўныя, аб’яднаны падпарадкавальнымі злучнікамі і выражаюць працэсуальныя, суб’ектныя, аб’ектныя, атрыбутыўныя і розныя віды акалічнасных адносін: «Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, якія жывой сцяной акружалі сад» (І.​Шамякін). Незалежна ад колькасці разнавіднасці прэдыкатыўных частак складаназалежныя сказы заўсёды маюць закрытую структуру. Бяззлучнікавыя С.с. арганізаваны з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, аб’яднаных бяззлучнікавай сувяззю, якая рэалізуецца інтанацыяй, парадкам слоў, трывальна-часавымі суадносінамі выказнікаў і інш. лексіка-грамат. сродкамі: «Маўчала ноч па-над палянай, зялёны гай не гаманіў» (П.​Трус). У камбінаваныя С.с. ўваходзяць тры і больш прэдыкатыўныя часткі, якія па-рознаму пабудаваны і аб’яднаны рознымі відамі злучнікавай і бяззлучнікавай сувязі. У выніку іх аб’яднання звычайна ўтвараюцца С.с., якія арганізуюцца паводле мадэлі складаназлучаных, складаназалежных або бяззлучнікавых сказаў. «На дварэ цёпла — дзеці гуляюць каля хаты, а стане халадней — яны ідуць у хату» (З.​Бядуля).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя. Мн., 1987.

Л.​І.​Бурак.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)